Скульптуры з паперы стварае эканаміст

Источник материала:  

Работы Івана Барбука.

Да 22 лютага віляйчане могуць пазнаёміцца са старадаўнім мастацтвам вырабаў фігурак з паперы: у выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча праходзіць выстава “Арыгамі OMNIBUS – арыгамі для ўсіх”.

Яе арганізатарамі выступілі краязнаўчы музей і цэнтр эстэтычнага выхавання.

На выставе прадстаўленыя працы трох майстроў. Іна Занкевіч займаецца арыгамі з 1992 года, яна – заснавальнік студыі арыгамі “Чароўны квадрат” цэнтра эстэтычнага выхавання. Яе работы неаднаразова былі прадстаўленыя на выставах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Самаму маладому ўдзельніку выставы Івану Барбуку 26 год. Ён якраз пачаў займацца арыгамі ў Вілейцы ў студыі “Чароўны квадрат”, цяпер жыве ў Мінску. Любімая тэма Івана – фігуры жывёл і птушак, фэнтэзі, ары-мініяцюра.

Таксама выстаўленыя работы мінчаніна Дзмітрыя Лысюка. Ён пачаў займацца арыгамі адносна нядаўна – тры гады таму. Яго прыцягвае высокатэхналагічная папяровая скульптура, у аснове якой ляжыць тэхніка арыгамі. 

На выставе прадстаўленыя класічныя і модульныя арыгамі (у іх цэлая фігура збіраецца з многіх аднолькавых частак). Таксама можна пабачыць вырабы ў тэхніцы “мокрае складванне” – калі выкарыстоўваюць  змочаную вадой паперу для надання фігурцы плаўнасці ліній, выразнасці, а таксама цвёрдасці.

– Якія вырабы выклікаюць найбольшую цікавасць у наведнікаў? – спытаў у навуковага супрацоўніка музея Надзеі Аўдзей.

– Калі гаварыць пра дзяцей, то ў дзяўчынак – гэта кветкі, у хлопчыкаў – жывёлы. Жанчынам таксама кветкі падабаюцца. Многія адзначаюць работы “Змяя”, “Смерць”.

– Якая найбольш складаная работа?

– Іван Барбук казаў, што гэты гном. Тут ярка выражаныя вочы, рукі, ногі. Даволі складаная работа “Змяя”. Яна зробленая з вузкай палоскі паперы даўжынёй каля пяці метраў. Мне яна больш за ўсё спадабалася. Увогуле, арыгамі – мастацтва працаёмкае: на выраб адной фігуры можа пайсці ад чатырох гадзін да некалькіх месяцаў.

Пашчасціла тым віляйчанам, якія патрапілі на адкрыццё выставы. Адна справа – паглядзець на арыгамі, а зусім іншая – даведацца пра ўсе тонкасці ад аўтара работ. Скажам, Іван Барбук расказваў, што арыгамі – занятак не толькі для скульптура ці архітэктара, ім можа займацца любы чалавек. Прафесія не мае значэння, галоўнае – натхненне. Ён, напрыклад, мае вышэйшую эканамічную адукацыю.

Прыходзяць на выставу пераважна дзеці,  якія хочуць займацца ці ўжо займаюцца арыгамі. І недарэмна яны бяруцца асвойваць старадаўняе мастацтва. Майстры казалі, што калі дзеці займаюцца арыгамі, яны пачынаюць лепш маляваць, могуць уявіць фігуру ў аб’ёме.

Алесь ВЫСОЦКІ.

←Akute: успех — это не кожа и не мех

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика