I гэта — добра…
А давайце сёння зноў вернемся ў часы нашага залатога і бясхмарнага дзяцінства. Колькі год прайшло, а ў памяці назаўсёды засталіся казкі і песні, якія гучалі з маленства. Каб хоць крыху зэканоміць месца, паспрабуем даць пераклады знаёмых вам (спадзяюся) твораў без напамінку, як яны гучалі на рускай мове. Усё ж так проста і вядома, праўда? Пачнём з Маякоўскага. Памятаеце: «Крошка-сын к отцу пришел…» Ну а далей — на беларускай мове:
Сын малы
Спытаўся ў бацькі:
— Знаць хачу я пэўна:
Што такое добра
І што такое дрэнна?
Я падслухаў і для вас,
Малышы, малышкі,
Бацькі гэтага адказ
Запісаў у кніжку.
— Калі дождж ідзе і скрозь
Гразна, непрыемна,
Кожны знае — гэта вось
Для прагулак дрэнна.
Дождж пакапаў і прайшоў.
Сонца ў цэлым свеце.
Гэта — добра, малышок,
І старым, і дзецям…
Ну і як абысціся без Агніі Барто? Аніяк. Успамінаем і ў думках перакладаем:
Зайку кінулі на лаўку,
Пад дажджом застаўся зайка.
Злезці долу сам не мог —
Увесь да нітачкі прамок.
* * *
Наша Таня гучна плача —
Выпусціла ў рэчку мячык.
Ціха, Танечка, не плач —
Не патоне ў рэчцы мяч!
* * *
Не, дарэмна мы рашылі
Пракаціць ката ў машыне.
Кот катацца не любіў —
Грузавік перакуліў!
А цяпер больш сур’ёзныя пераклады:
покладистый, смирный — рахманы
слякоть — слота
хлопотать — завіхацца
шутка — жарт
плохо, скверно — кепска
немощь — немач
пятно — пляма
молодая кобылица — жаробка
печенье — печыва
известь — вапна
почтение, почитание — шанаванне
глаза — вочы
апрель — красавік
остановка — прыпынак
уха — юшка
клюква — журавіны
перстень, кольцо — пярсцёнак
красиво, изящно — прыгожа
пострел, оголец — жэўжык
приспособление — прылада
приманка, наживка — прынада
фигура, осанка — постаць
грустить, кручиниться — журыцца
любезный, вежливый — ветлы, ветлівы
решетка — краты
приключение — прыгода
бучить (белье), хлестать (водку) — жлукціць
кружка — кварта
удар грома — пярун.
Ну і досыць на сёння. У наступны раз, спадзяёмся, зноў нештачка перакладзём.