Зоркі ў горадзе
Лепшыя выканаўцы з розных краін свету выступяць на Калядным оперным форуме ў Мінску
Зорак сусветнай велічыні збярэ ў сталіцы ІІІ Мінскі Міжнародны калядны оперны форум — самы маштабны праект Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.
Як паведаміў журналістам генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, у ліку ўдзельнікаў запрошаны лепшыя музычныя крытыкі, вядомыя артысты, кіраўнікі буйнейшых тэатраў СНД і іншых краін. Усяго чакаюць каля двухсот гасцей.
— На маю думку, гэта лепшае сведчанне прэстыжу і папулярнасці, якія набыў у свеце Калядны оперны форум, — адзначыў Уладзімір Грыдзюшка.
Адкрые форум 16 снежня прэм’ера сезона — нацыянальная опера «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага на лібрэта Уладзіміра Караткевіча.
Упершыню яна была прадстаўлена ў 1978 годзе, а сёлета зноў вярнулася на сцэну Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў новай пастаноўцы рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ.
18 снежня ўпершыню ў Беларусі пакажуць сусветна вядомую оперу «Зігфрыд» Рыхарда Вагнера ў выкананні артыстаў Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета. У спектаклі прымуць удзел больш за 130 чалавек — салісты, хор, балет, музыканты аркестра.
19 снежня Вялікі тэатр Беларусі прадставіць новую рэдакцыю оперы «Яўгеній Анегін» Пятра Чайкоўскага, прэм’ера якой адбылася сёлета ў чэрвені. Галоўныя партыі ў спектаклі выканаюць салісты Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра.
Наступным днём у новай музычнай рэдакцыі оперы «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна вядучыя партыі выканаюць заслужаныя артысты Расіі Юрый Нячаеў, Міхаіл Казакоў і салістка Вялікага тэатра Расіі Святлана Шылава.
22 снежня на галоўнай сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца фінал Міжнароднага конкурсу італьянскай музыкі «Competizione dell’Opera».
Удзельнікаў гэтага сусветна вядомага вакальнага конкурсу Мінск будзе прымаць упершыню. Ён існуе ўжо 16 гадоў, лічыцца адным з буйнейшых у свеце. Яго ўдзельнікі прадстаўляюць выключна італьянскі і італьянамоўны рэпертуар — ад старадаўняй музыкі да музыкі ХХ стагоддзя. Папярэднія адборы вакалістаў-канкурсантаў праводзяцца па ўсім свеце — у краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі. Выступленні ацэньвае прадстаўнiчае міжнароднае журы, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі буйнейшых оперных тэатраў свету і вядомыя оперныя выканаўцы.
23 снежня абраныя сёлета лаўрэаты конкурсу «Competizione dell’Opera» выступяць на сцэне Вялікага тэатра ў гала-канцэрце разам з зоркамі сусветнай оперы і лепшымі салістамі Беларусі, Аўстрыі, Азербайджана, Балгарыі, Грузіі, Італіі, Літвы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Чэхіі, Эстоніі.