Навучэнец марыць стаць оперным спеваком
Навучэнец музычнага каледжа Андрэй Мікульчык.
Канцэрт навучэнца музычнага каледжа Андрэя Мікульчыка адбыўся ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў аўторак, 27 лістапада.Падчас канцэрта ад жанчын, што сядзелі побач, было чуваць: “Надта ж любіць пра каханне спяваць!” Сапраўды, песень на любоўную лірыку было хоць адбаўляй! Бэк-вакалісткі Паліна Вазняк і Вераніка Савіцкая спачатку спявалі разам з Андрэем, а потым выканалі песні самі.
Андрэй Мікульчык, якому 19 гадоў, праспяваў песні савецкай і замежнай эстрады, якія многія ведаюць на памяць, арыі з опер і аўтарскія песні.
Што тычыцца выканання песень, то ўсе, здаецца, ацанілі моц і чысціню голасу Андрэя. Тое, як ён выконваў арыю, выклікала бурныя авацыі, і Андрэю давялося выканаць яшчэ адну.
Марыў стаць дырэктарам
Поспехаў у музычным напрамку Андрэй дасягнуў, займаючыся толькі тры гады ў музычным каледжы на аддзяленні акадэмічнага спеву пад кіраўніцтвам вакальнага педагога Георгія Юрэвіча.
– У школе прагульваў музычныя заняткі, як і ўсе астатнія, – падзяліўся Андрэй. – Думаў, што стану якім-небудзь дырэктарам альбо эканамістам.
– Вы спяваеце не толькі ў Беларусі, але і за мяжой?
– Так. Месяц таму выступаў у Палацы Рэспублікі. Там пазнаёміўся з Саладухам, Афанасьевай, Аляхно. Акрамя Беларусі, спяваў яшчэ ў Германіі і Эстоніі.
У адной з ранішніх перадач пра мяне паказалі невялікі ролік. Дзякуючы яму мяне заўважыў Юры Саваш, прадзюсар Ірыны Дарафеевай, і неўзабаве я выступіў з салістамі тэатра песні Ірыны. Цяпер займаюся з вядомым італьянскім вакальным трэнерам Паола дэ Наполі, – кажа Андрэй.
– Колькі часу вы прысвячаеце музычнай адукацыі і канцэртам, ці не пакацілася вучоба ў каледжы па нахіленай?
– Не, вядома! На Дошку гонару “павесілі”! – усміхаецца Андрэй.
– Хто піша вам песні і музыку?
– Тэксты песень пішу сам, а таксама мой бацька, Сяргей Мікульчык, які, дарэчы, займаецца маёй раскруткай. Музыкай і аранжыроўкай займаецца гітарыст групы Дарафеевай Дзмітры Парфёнаў. Песні таксама запісваем ў яе студыі.
Першы кліп
Андрэй, як высветлілася, спявае на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай мовах. На канцэрце прагучала толькі адна беларускамоўная песня “Даруй”.
– Ці не лічыце вы сябе зоркай на ясным небе?
– Не лічу. Дзеля таго, каб мець на гэта права, трэба нашмат больш працаваць. Тым больш, варта пакідаць месца, куды трэба расці. Але ў каледжы кожны мяне ведае, бо каледж маленькі!
– А якія вашы мары?
– Хачу стаць сапраўдным оперным спеваком, майстрам сваёй справы. Цяпер здымаюся ў першым сваім кліпе на песню “Сегодня я любовью пьян”.
Ганна ФІЛІСТОВІЧ,
школа маладога журналіста.
Фота забяспечана Андрэем МІКУЛЬЧЫКАМ.