Галоўны прыз паехаў у Гродна

Источник материала:  
ШМАТ прызоў сабралі абласныя тэатры. Сапраўдны «дождж» узнагарод выліўся на стваральнікаў спектакля «Пікавая дама». Гэта пастаноўка Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Яна ўдастоена галоўнай узнагароды II Нацыянальнай тэатральнай прэміі — перамагла як «Лепшы спектакль». «Пікавая дама» прызнана і «Лепшым спектаклем тэатра лялек», атрымала перамогу і ў намінацыях «Лепшая жаночая роля», якую выканала Ларыса Мікуліч, і «Лепшая рэжысёрская праца» (Алег Жугжда).

«Пікавая дама» Гродзенскага абласнога тэатра лялек створана з двух класічных варыянтаў: аповесці Аляксандра Пушкіна і оперы Пятра Чайкоўскага. Дарэчы, Пушкін і Чайкоўскі самі становяцца героямі пастаноўкі, якая развіваецца як своеасаблівая творчая дуэль. Салонны анекдот, які распавядаюць за картачным сталом Тройка, Сямёрка, Туз і Дама, абрастае камічнымі і фантастычнымі падрабязнасцямі і лялечнымі персанажамі. Апошнія, як карты ў гульні, пераходзяць з рук у рукі і становяцца своеасаблівай метафарай існавання чалавека ў свеце…

Магіляўчане таксама трапілі не ў адну намінацыю. «Лепшым спектаклем для дзяцей» прызнана музычная казка-размалёўка «Чароўны пэндзаль» Магілёўскага абласнога тэатра лялек (рэжысёр Ігар Казакоў). А Магілёўскі абласны драматычны тэатр з псіхалагічнай драмай «Аднакласнікі» святкаваў вікторыю ў намінацыі «Лепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара» (рэжысёр-пастаноўшчык Кацярына Аверкава). У намінацыі «Лепшая работа харэографа-пастаноўшчыка» вызначылася Наталля Фурман у спектаклі «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы (рэжысёр-пастаноўшчык Мікалай Пінігін). Гэтая пастаноўка  перамагла і ў намінацыі «Лепшае музычнае афармленне спектакля» (кампазітар Андрэй Зубрыч). «Лепшай работай мастака-пастаноўшчыка» прызнана творчасць Таццяны Нерсісян у спектаклі «Вянчанне» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (рэжысёр Аляксандр Янушкевіч). «Лепшая мужчынская роля» засталася за акцёрам Аляксандрам Палазковым, які сыграў Філімона Пупкіна ў пастаноўцы «Пан міністр» Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (рэжысёр Уладзімір Савіцкі).

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук адзначаны спецыяльнай прэміяй Міністэрства культуры за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва краіны. На рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва прыз «Крыштальная кветка» ўручаны акцёру Драматычнага тэатра Беларускай арміі Сяргею Фромічаву-Карсакову за лепшы дэбют. Ён заняты ў спектаклі «Бяда ад пяшчотнага сэрца» (рэжысёр-пастаноўшчык Марына Дударава). Міністэрства культуры спецыяльнай узнагародай адзначыла Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь за лепшы музычны спектакль тэатральнага сезона 2011—2012 — оперу Вердзі «Аіда» (рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзе).

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

←Гран-При «Хали-Хало» снова в Могилеве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика