18 лістапада 2012 года споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка Міхася (Міхаіла Антонавіча) Машары (1902–1976), які быў вельмі папулярны ў канцы 1930-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
|
1970 г. |
М.Машара нарадзіўся 5(18) лістапада 1902 года на невялічкім хутары Падсосна Дзісенскага павета Віленскай губерні (зараз Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Неўзабаве бацькі перабраліся ў вёску Таболы, дзе прайшло дзяцінства будучага паэта. Першую навуку спасцігаў у Шкунцікаўскай народнай школе, якую скончыў напярэдадні Першай сусветнай вайны. Па ўспамінах пісьменніка, народная школа навучыла яго любіць кнігі. Тут употай ад настаўнікаў упершыню пазнаёміўся з беларускім друкаваным словам, з цікавасцю чытаў вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Багушэвіча.
Каб вучыцца далей М.Машара з дапамогай школьнага настаўніка ўладкаваўся на пасаду пісарчука ў канцылярыю Ігуменскай воласці. За год працы хлопец назбіраў трохі грошаў, якія пайшлі на набыццё падручнікаў і далейшую вучобу ў вышэйшай пачатковай школе ў Глыбокім (пазней перанайменаваная ў працоўную школу 2-ой ступені), якую скончыў у 1918 годзе. Там жа пачаў пісаць вершы на рускай мове, але пасля крытычных заўваг настаўніка літаратуры амаль на дзесяць гадоў адмовіўся ад далейшых паэтычных практыкаванняў.
|
[1910-я гг.] |
Некаторы час М.Машара працаваў справаводам зямельнага аддзела Германавіцкага валвыканкама, удзельнічаў у размяркаванні насення паміж беднякамі. Падчас акупацыі яго родных мясцін польскімі войскамі юнак упершыню быў арыштаваны, але хутка адпушчаны пад нагляд паліцыі як няпоўнагадовы.
У 1920 годзе М.Машара добраахвотна далучыўся да Чырвонай Арміі і ў якасці сувязіста служыў у 18-й Паўночнай стралковай дывізіі, удзельнічаў у баявых дзеяннях. Пасля акружэння дывізіі і яе інтэрніравання М.Машара разам з іншымі байцамі на 11месяцаў трапіў у лагер для палонных у Саксоніі, а па заключэнні Рыжскага мірнага дагавору – яшчэ на 8 месяцаў у канцэнтрацыйны лагер “Шчыпёрна” у Верхняй Сілезіі, які вызначаўся вельмі жорсткімі ўмовамі для вязьняў.
У лістападзе 1923 года М.Машара быў прызваны ў польскую армію, скончыў фельчарскую школу, да пачатку 1925 года служыў у санітарным батальёне ў Гродне. Пасля дэмабілізацыі ўключыўся ў нацыянальна-вызваленчы рух Заходняй Беларусі, вярнуўся ў Таболы, быў адным з арганізатараў гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, працаваў інструктарам у яе Цэнтральным камітэце
Пасля разгрому Грамады ў пачатку 1927 года М.Машара непрацяглы час рэдагаваў газету рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку “Наша воля”, якая выходзіла ў Вільні. Пасля трэцяй яе канфіскацыі быў арыштаваны, перавезены на допыты ў Глыбокае, а аддтуль амаль праз месяц – зноў у Вільню, у турму Лукішкі, дзе прасядзеў больш за чатыры гады. Там жа ў астрозе ізноў пачаў пісаць вершы, якія здолеў перадаць на волю. Такім чынам убачыў свет і яго першы паэтычны зборнік “Малюнкі”, што быў выдадзены ў 1928 годзе Зоськай Верас (Людвікай Антонаўнай Войцік) на яе ўласныя грошы.
|
“Я восень люблю залатую…”, “Восень… рада вёска…”. Вершы. Заранка. 1927. № 7, 8–9. |
|
Зборнік вершаў “Малюнкі”. 1928 г. “Чую сэрцам, жыць нядоўга…”. Верш. Аўтограф. 1928 г. |
Па выхадзе з турмы М.Машара вярнуўся ў родныя мясціны, ажаніўся. Да 1939 года меў выпадковыя заробкі, працуючы лесарубам, плытагонам, выконваючы разнастайныя гаспадарчыя работы. Разам з тым М.Машара выкройваў час і для літаратурнай працы. У выніку былі падрыхтаваны і выйшлі з друку яго зборнікі “На сонечны бераг” (1934), “Напрадвесні”(1935), паэмы “Смерць Кастуся Каліноўскага”(1934), “Вяселле”(1934), “Мамчына горка”(1936), а таксама некалькі п’ес. Менш пашчасціла зборніку “З-пад стрэх саламяных”(1937), які быў канфіскаваны, а зборнік “З ваколіцаў сініх балот” і ўвогуле не ўбачыў свет і быў страчаны.
|
“Снег скрыпучы пад санямі…”, “Я адну нашу надзею…”, “Не хачу расплывацца ў кволым…”. Вершы. Аўтограф. 1934–1935 гг. |
|
Зборнікі вершаў “На сонечны бераг!”, “Напрадвесні”. 1934, 1935 гг. |
|
Паэмы “Вяселле”, “Мамчына горка”. 1934, 1936 гг. |
|
П’есы “Лёгкі хлеб”, “Чорт з падпечча”. 1936 г. |
З прыходам на землі Заходняй Беларусі Чырвонай Арміі М.Машара быў запрошаны на пасаду кіраўніка аддзела народнай асветы ў валасны выканкам Шаркаўшчыны, абраны дэпутатам Народнага Сходу, які праходзіў у Беластоку, уключаны ў склад дэлегацыі ад Беларусі на сесію Вярхоўнага Савета СССР, там жа ў Беластоку адбылося і знаёмства М.Машары з Янкам Купалам і Якубам Коласам.
|
[1930-я гг.] |
У 1940 годзе М.Машара быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.
|
Даведкі і білет члена Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. 1940–1943 гг. |
Падчас Вялікай Айчыннай вайны М.Машара працаваў у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, у рэдакцыі радыёвяшчання ў Маскве, а вярнуўшыся ў пачатку 1944 года ў Беларусь, – галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання беларускага радыё. За ваенны перыяд было напісана шмат вершаў, апавяданняў.
|
Пасведчанне аб працы ў рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”. 1941 г. |
|
1944 г. |
|
Пасведчанні аб працы ва Усесаюзным радыёкамітэце пры СНК СССР і на беларускім радыё. 1942, 1943 гг. |
|
“Дзед Талаш”, “Беларусі”. Вершы. Аўтограф. [1942–1943 гг.] |
Пасля вайны М.Машара пераехаў у Мінск, працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва рэдакцыі часопіса “Полымя”(1945–1947), загадчыкам аддзела літаратуры навукі і мастацтва ў “Настаўніцкай газеце”(1947–1949), працягваў літаратурную дзейнасць.
|
Пасведчанні аб працы ў рэдакцыі часопіса “Полымя” і ў “Настаўніцкай газеце”. 1945–1949 гг. |
|
З жонкай Лідзіяй Паўлаўнай. 1948 г. |
У 1944 годзе быў надрукаваны паэтычны зборнік М.Машары “Беларусі”, які ўвабраў вершы, напісаныя ў час вайны. На думку літаратурных крытыкаў, лірыка паэта ваеннага часу лічыцца адным з лепшых яго паэтычных дасягненняў.
|
Зборнікі вершаў “Беларусі”, “Выбраная лірыка”. 1944, 1945 гг. |
Пазней убачылі свет такія кнігі, як “Выбраная лірыка”(1945), “Праз навальніцы”(1948), “Урачыстасць”(1952), “Выбраныя творы”(1958), “Ад родных аселіц”(1959), “Мая азёрная краіна”(1962). Па словах паэта, гэтыя кнігі змясцілі лепшыя творы, што былі напісаны на працягу ўсяго яго жыцця.
|
1948 г. |
|
“Мінску”. Верш. Аўтограф. 1951 г. |
Акрамя сваёй паэтычнай творчасці М.Машара вядомы і як празаік. Асабліва гэта грань яго літаратурнай дзейнасці вызначылася ў 1960–1970-я гады. Працуючы ў жанры прозы, Міхась Машара стварыў трылогію, прысвечаную вызваленчыму руху Заходняй Беларусі, куды ўвайшлі раманы “Крэсы змагаюцца”(1966), “Сонца за кратамі”(1968), “Лукішкі”(1970). Таксама ён аўтар раманаў “Ішоў дваццаты год”(1973), “Прыйдзе час…” (1975). У 1975 годзе выйшла з друку і кніга яго ўспамінаў “Старонкі летапісу”.
|
Раманы “Сонца ў хмарах (Сонца за кратамі)”, “Лукішкі”. Аўтограф. 1964, 1966 гг. |
|
Раман “Ішоў дваццаты год”. Аўтограф. 1967 г. |
У пісьменніцкім багажы М.Машары можна знайсці і нямала артыкулаў, а таксама перакладаў на беларускую мову паэтычных і празаічных твораў вядомых майстроў слова: А.Блока, С.Ясеніна, М.Гогаля, К.Сіманава, Ф.Гладкова, М.Рыльскага, П.Тычыны, Г.Сянкевіча, У.Бранеўскага і іншых пісьменнікаў. У сваю чаргу творы М.Машары перакладаліся на розныя мовы народаў свету.
|
1950 г. |
|
Пераклад на беларускую мову верша А.Міцкевіча “Рускім сябрам”. Аўтограф. 1955 г. |
Некаторыя вершы паэта былі пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Не забываўся М.Машара і на дзетак, якім падараваў цікавыя вершаваныя казкі і невялічкія паэмы, што выйшлі асобнымі выданнямі, – “Зязюльчыны слёзы” (1961), “Зелянушка і Кракатушка” (1964), ці былі надрукаваны на старонках перыёдыкі.
Заслугі М.Машары былі адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), “Знак пашаны” (1967), медалямі.
|
1975 г. |
Пісьменнік пайшоў з жыцця 7 чэрвеня 1976 года, пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Асабісты архіў Міхася Машары, які быў набыты бібліятэкай у 1983 годзе ў жонкі пісьменніка, захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пад нумарам 32 і складаецца з 539 аддзінак захавання за 1922–1982 гг.
Матэрыял падрыхтавалі Т. Жук i М. Ліс - навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.