У гомельскім касцёле прэзентавалі кнігу Васькова «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны»

Источник материала:  
08.09.2012 16:50 — Новости Культуры

У касцёле Раства Божай Маці ў Гомелі 7 верасня была прэзентавана кніга Уладзіміра Васькова «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны».

Манаграфія ўбачыла свет у выдавецтве «Про Хрыста». Яе аўтар — ураджэнец Гомельскай вобласці, які ўжо прыкладна 30 гадоў жыве ў расійскай Туле, паведамляе БелаПАН.

Фактычна гэта першае такое выданне пра католікаў Гомельскага дэканата, выпушчанае за апошнія 100 гадоў. У 1913 годзе свет убачыла кніга святара Іясафата Жыскара «Нашы касцёлы» на польскай мове, а затым амаль стагоддзе пра каталіцтва на гэтых землях кнігі не выходзілі. У 2005 годзе выйшла выданне аб сучасных каталіцкіх прыходах, падрыхтаванае Алесем Белым, ён жа прапанаваў Уладзіміру Васькову напісаць кнігу пра гомельскіх католікаў. Некалькі гадоў таму выйшла кніга гомельскіх гісторыкаў «Касцёл і ўлада на Гомельшчыне», але яна больш дакументальная, прызначаная для студэнтаў, гісторыкаў і будучых вучоных, і ахоплівае меншы гістарычны перыяд, чым манаграфія Васькова.

«Мне было цяжка адважыцца на гэтую працу, у мяне не было дакументаў і магчымасці ўвесь час працаваць над кнігай, — паведаміў аўтар на прэзентацыі. — Я практычна тады нічога не ведаў пра гісторыю католікаў на гэтых землях. Але пачаў збіраць матэрыял, шмат людзей дапамагалі мне, здымалі копіі ў архівах, і высветлілася, што гісторыя каталіцтва на гэтых землях вельмі цікавая і мала каму вядомая. Існуе меркаванне, што ў Гомельскай вобласці католікі — госці, але гэта не так. Мы і нашы продкі жылі тут даўно, і мэта гэтай кнігі — паказаць, што мы тут не госці. Першы гомельскі касцёл з'явіўся ў 1631 годзе, на гэтых землях было 40 касцёлаў і капліц, пра што цяпер мала хто ведае».

Як растлумачыў Васькоў, кніга выдадзена на беларускай мове, «таму што на рускай выдаецца мора кніг». «Я хоць і жыву трыццаць гадоў у Расіі, але родную мову не забыў», — адзначыў ён.



←В Бресте проходит театральный фестиваль «Белая вежа»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика