«Каб бондарства было ў пашане, бяру ў рукі дзедаўскі струг»
Кожнаму свайму вырабу майстар дае кароткую характарыстыку. Самі вырабы, што захоўваюць у сабе прыемны драўляны пах, заварожваюць нечым магічным, што даўно адышло ў нябыт, але па-ранейшаму з’яўляецца для нас такім жа блізкім. Не дзіўна, што ў гэты знешне несамавіты дамок на адной з вуліц гарпасёлка любяць заходзіць наведвальнікі, у тым ліку іншаземцы, што час ад часу дабіраюцца да няблізкіх Лельчыц.
Адны з гасцей проста цікавяцца вырабамі, другія іх набываюць — прадметы ўжытку з дрэва самыя экалагічна чыстыя, здаровыя.
— Вялікія распродажы здараюцца ў мяне падчас выязных выстаў, — расказвае Сяргей. — Нягледзячы на тое, што над кожным сваім вырабам мне даводзіцца працаваць не тыдзень і нават не месяц, усё роўна «сем скур» з пакупніка не дзяру, інакш гэта можа неяк нядобра адбіцца на маёй справе... Людзі праклянуць. Таму кошт кожнай такой рэчы даволі памяркоўны, і яна становіцца даступнай нават чалавеку з сярэднім дастаткам.
Сяргей зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. З выручкі ад продажу сваіх вырабаў ён аплочвае падатак. Вялікага прыбытку яго занятак у сям’ю не прыносіць, але і бедаваць не даводзіцца. Больш за ўсё заказаў майстру пад восень, калі наступае сезон квашэння-салення.
Бондарства перадалося Сяргею ў спадчыну. Ім займаліся яго прадзед, дзед і бацька. Ад іх засталіся і інструменты, многія з якіх — адзіныя ў свеце.
— Вось гэты струг вы не знойдзеце ні ў адным магазіне. Прамысловаць яго не выпускае, ён каваны, — растлумачвае суразмоўца. — Але ў працы без яго мне не абысціся.
Свае навыкі майстар хоча перадаць сыну Генадзю, якому хоць усяго і 10 гадкоў, але ўжо ва ўсю дапамагае бацьку.
А яшчэ Сяргей Іванавіч навучае бондарству і рабоце з дрэвам дзяцей, што займаюцца ў гуртку, якім ён кіруе. Ён — педагог і настаўнік не толькі па прызванні, але і па адукацыі: некалі ў маладым узросце закончыў у Оршы педвучылішча. Затым там жа, на Віцебшчыне, праходзіў службу ў паветрана-дэсантных войсках. Але як толькі пасля яе вярнуўся дадому, узяў у рукі дзедаўскі струг і...
— Выпадковых дзяцей у маім гуртку няма, — расказвае майстар. — Застаюцца сапраўдныя прыхільнікі старажытнага рамяства.
Некаторыя з падлеткаў гэтак жа, як і іх настаўнік, ужо спрабуюць арганізоўваць персанальныя выставы сваіх вырабаў. І не без поспеху. Да прыкладу, яго выхаванец Сяргей Сушчык заняў першае месца ў конкурсе работ разьбяроў па дрэве на Рэспубліканскім фэстывалі этнакультур «Берагіня» ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці.
— Шкада, што бондарства як адзін з відаў беларускага рамесніцтва зжывае сябе, — гаворыць Сяргей Вага. — Многія з майстроў ужо ў сталым узросце, а моладзі няма...
Зрэшты, да Лельчыц гэта адносін не мае. Бондарства тут па-ранейшаму ў пашане. І галоўны прапагандыст і захавальнік гэтага віду дзейнасці — ён, Сяргей Вага.
На снимках: Вырабы з дрэва дэманструюць выконваючая абавязкі дырэктара Дома рамёстваў Дзіяна СЕЛЬВІЧ і разьбяр Сяргей ЦІМОНІН; бондар Сяргей ВАГА.
Олег ШВЕДОВ, «БН»