Па Альгердавым тракце
Па Альгердавым тракце адправяцца ў гістарычнае падарожжа госці і ўдзельнікі Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім
У час святочных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства, які традыцыйна будзе адзначацца ў першую нядзелю верасня, пяць вуліц у цэнтры Глыбокага — сталіцы сёлетняга свята — зменяць свае назвы і ператворацца ў тракты, на якіх з раніцы і да самага вечара завіруе гаманлівае жыццё.
Так, па вуліцы Леніна размесціцца гістарычны Альгердаў тракт. Такую назву дарога, што пралягала побач з гэтымі мясцінамі, атрымала яшчэ за сто гадоў да заснавання самога Глыбокага. Менавіта па ёй з Вільні ў Віцебск і Смаленск ездзіў некалі вялікі князь літоўскі Альгерд.
Як расказала «Р» начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Малатоўнік, у святочны дзень на Альгердавым тракце з’явяцца Віленскі, Глыбоцкі, Полацкі і Смаленскі пасады. Госці змогуць пазнаёміцца з гісторыяй і культурай гэтых гарадоў, стаць удзельнікамі старажытных панскіх гульняў і забаў, паглядзець рыцарскі турнір, наведаць гандлёвыя рады і адмысловую карчму «На раздарожжы», аформленую ў стылі 14—17-га стагоддзяў.
Варта нагадаць, што сёлетні Дзень беларускага пісьменства пройдзе пад эгідай аб’яўленага ў нашай краіне Года кнігі і 130-гадовых юбілеяў кла-сікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтая тэма знойдзе адлюстраванне і на Альгердавым тракце. Адным з мерапрыемстваў стане дэманстрацыя фільма, які стаў вынікам раённага праекта «Чытаем «Новую зямлю» разам». Людзі розных прафесій і ўзростаў, з’яднаныя любоўю да роднага слова і прыгажосцю коласаўскага паэтычнага радка, прачытаюць з вялікага экрана ўрыўкі з паэмы «Новая зямля», тым самым заахвочваючы падрастаючае пакаленне да чытання, прапагандуючы беларускую класіку.
Цэнтральнай дзеяй на Альгердавым тракце стане тэатралізаванае прадстаўленне, галоўнымі персанажамі якога разам з князем Альгердам выступяць і колішнія глыбоцкія магнаты Корсак і Зяновіч.
Тракт з назвай «Ад агню да пяра» разгорнецца па вуліцы Энгельса і прадставіць развіццё пісьменнасці ад старажытнасці да сучаснасці. Тут можна будзе пачуць архаічныя спевы і ўбачыць архаічныя спосабы здабычы агню. Удзельнікі гістарычных аматарскіх аб’яднанняў раёна і вобласці пазнаёмяць з іголкавым шыццём, пісьмом на бяросце і камені, жадаючыя змогуць паспрабаваць свае сілы ў старадаўніх рамёствах — ганчарстве, ткацтве, вышыўцы, зазірнуць у майстэрню па перапісу кніг, пазнаёміцца з рунічнай пісьменнасцю, скорапісам і каліграфіяй.
Разам з беларусамi прадстаўнікі яшчэ 7 нацыянальнасцей — рускія, украінцы, яўрэі, палякі, армяне, латышы, літоўцы — запрошаны прадэманстраваць спевы і танцы, традыцыі і звычаі, адметнасці кухні сваіх народаў на Тракце нацыянальных культур, у які ператворыцца вуліца Маскоўская. На Турыстычным тракце па вуліцы М. Горкага разгорнуцца выстаўка-прэзентацыя турыстычных маршрутаў і вернісаж «Светачы зямлі Глыбоцкай». А Тракт «Шчодрыца» (вуліца Камуністычная) запросіць на падвор’і сельсаветаў і гаспадарак Глыбоцкага раёна, дзе можна будзе і выступленні самадзейных артыстаў паслухаць, і рознымі вясковымі прысмакамі добра пачаставацца.
Зразумела, гэта далёка не ўсе сюрпрызы, якія чакаюць удзельнікаў сёлетняга Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім, праграма якога вельмі насычаная і цікавая як для дзяцей, так і для дарослых.