Са словам Купалы

Источник материала:  

Кветкі ад кіраўніка дзяржавы ўрачыста ўскладуць да помніка народнаму паэту Беларусі

7 ліпеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры, першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Сёлетняя юбілейная дата ў нашай краіне адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны план мерапрыемстваў на бягучы год па правядзенні ў рэспубліцы і за яе межамі культурных акцый па ўшанаванні памяці песняра і папулярызацыі яго творчасці.

Напярэдадні юбілейнай даты, 6 ліпеня, у 11 гадзін у Мінску адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Янку Купалу ў парку яго імя. Як паведамілі «Р» у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, адкрые цырымонію Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, у выкананні якога прагучыць твор “Песня мая” на верш Янкі Купалы. У суправаджэнні роты ганаровай варты адбудзецца ўскладанне кветак у гонар памяці паэта ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Чакаецца, што ва ўрачыстасці прымуць удзел міністр культуры Павел Латушка, намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы, унучатая пляменніца паэта Жанна Дапкюнас, народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, мастацкі кіраўнік Тэатра аднаго акцёра «Зніч» Галіна Дзягілева і іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, вытворчых прадпрыемстваў і ўстаноў культуры горада.

Аб’яднае прысутных грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам». Слова Купалы блізкае для кожнага. Творы паэта прагучаць у выкананні многіх шаноўных гасцей, а таксама пераможцаў конкурсу чытальнікаў «З Купалам у сэрцы». Нагадаем, грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам» распачата Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы яшчэ напрыканцы мінулага года і да гэтага часу атрымала шырокі рэзананс па ўсёй краіне. Адна з галоўных мэт акцыі — яшчэ раз звярнуць увагу на слова Янкі Купалы і далучыць да яго максімальна магчымую колькасць грамадства — людзей розных узростаў, прафесій і сацыяльных слаёў.

У ходзе цырымоніі ўскладання кветак прагучаць песні на вершы Янкі Купалы. Лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Інга Кісялёва выканае кампазіцыю Уладзіміра Мулявіна «Марыся». Завершыць урачыстасць знакамітая «Спадчына» Ігара Лучанка, напісаная на аднайменны твор паэта, у выкананні Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь.

←Главные козыри – рапс и сурепица

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика