Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі

Источник материала:  
06.06.2012 23:31 — Новости Культуры

Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі

  • Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара, TUT.BY

           


Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
Тое, што сёлета прэмію Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) “Гліняны Вялес” атрымае аўтар кнігі "След матылька. Освальд у Менску" Аляксандр Лукашук, стала вядома яшчэ ў сакавіку. Уганараваны, шматкроць павіншаваны і блаславены богам Вялесам аўтар “Освальда” быў сёння ў кнігарні “Логвінаў”.

Гэта кніга – не зусім прывычная для сучаснай беларускай літаратуры. Але адначасова вельмі запатрабаваная беларускім чытачом. Такіх кніг нам насамрэч не стае. Лукашук напісаў кнігу ў жанры non fiction – сюжэтныя лініі рамана грунтуюцца не на прыдумках аўтара, а на падзеях, якія мелі месца ў гісторыі. Ды якія гэта былі падзеі! На старонках кнігі – дасціпы, месцамі іранічны аповед пра два гады жыцця ў Мінску Лі Гарві Освальда, амерыканца, які праславіўся забойствам прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі.

Алесь Аркуш, заснавальнік ТВЛ, які на працягу 19 гадоў уручае стоды Вялеса найцікавейшым прадстаўнікам сучбелліту, распавёў пра паганскага бога Вялеса (націск, дарэчы, на другі склад), які апекаваў у тым ліку і людзям мастацтва. Штогод на аднаго апекаванага Вялесам становіцца больш. І гэта добрая традыцыя. “Гліняны Вялес” – гэта прэмія прэстыжу. Ва ўсім свеце ёсць такія неграшовыя, але вельмі знакавыя літаратурныя прэміі. Паколькі яна нонканфармісцкая, то я вырашыў, што Вялес павінен быць гліняным, бо менавіта з гэтага матэрыялу зрабіў чалавека Бог”, - зазначыў літаратар.

Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
жонка Алеся Аркуша Тацяна Козік і сын Даніла


Многія, даведаўшыся, што стод Вялеса будзе ўручаны не ў Полацку, як звычайна, справядліва задаліся пытаннем: чаму? Алесь Аркуш патлумачыў прысутным прычыну вымушанага “пераезду” Вялеса: “Спачатку ў полацкім Музеі беларускага кнігадрукавання, дзе мы ўзнагароджвалі лаўрэатаў шмат гадоў, нам выставілі рахунак за арэнду. А пасля наагул не дазволілі праводзіць там сустрэчы…”

Для Алеся Аркуша твор Лукашука стаў сапраўдным адкрыццем. Праз яго літаратар па-іншаму паглядзеў і на жыццё, і на Мінск. Стод “Глнянага Вялеса” для аўтара “Освальда” зрабіў Генік Лойка. Вялесу, паводле Аркуша, можна шаптаць свае мары, жаданні і надзеі. Усё здзейсніцца.

Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
Алесь Аркуш, Вялес і Аляксандр Лукашук

Аляксандр Лукашук усцешаны, што атрымаў прэмію з “цэнтру свету”: “Цэнт сусвету там, дзе ёсць Інтэрнэт”, - лічыць пісьменнік. Пасля падзяк Аляксандр Лукашук расказаў сакрэт. Насамрэч ягоны раман "След матылька. Освальд у Менску" меў зусім іншы назоў напачатку, а менавіта “Прагулкі з Освальдам”. Але напаткала яго незадача: няма ў беларускай мове слова “прагулка”. Давялося ўсё перапісваць…

Павіншаваць вялесаванага пісьменніка прыйшлі мэтр беларускае літаратуры Анатоль Вярцінскі, філосаф Валянцін Акудовіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Зміцер Бартосік ды многія іншыя паплечнікі і сябры Лукашука па журналісцкім цэху.
Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
Анатоль Вярцінскі

Анатоль Вярцінскі і Уладзімір Арлоў прыйшлі не з пустымі рукамі. Яны абодва лічаць, што Лукашуку аднаго, хоць і вельмі прэстыжнага, “Вялеса” – мала. “У нагрузку” Аляксанд Лукашук атрымаў “гліняную каханку Вялеса” ды свежую кнігу вершаў ад Анатоля Вярцінскага. “Сам па сабе інстытуцыя” Уладзімір Арлоў падарыў крыжык Святой Ефрасінні. “Цяпер ты не толькі ўганараваны, але і ўкрыжаваны!” – зазначыў Арлоў. Беручы слова, Анатоль Вярцінскі слушна заўважыў: “Трэба было праводзіць гэтую вечарыну ў Палацы прафсаюзаў, куды герой кнігі хадзіў на танцы!” Прысутныя ухвальна загулі.

Уладзімр Арлоў сказаў, што Аляксанд Лукашук яго заўжды ўражвае. “Учынкам, думкай, тэкстам. Пра ягоныя парадаксальныя думкі можна напісаць эсэ. Мабыць, я аднойчы гэта зраблю. Мяне гэтая кніга ўразіла стылем, сюжэтам, метафорыкай. Яе даўно павінны былі напісаць многія з нас, але не зрабілі гэтага…”

Філосаф Валянцін Акудовіч прыйшоў пакрыўджаны: “Аркуш чамусьці зноў не запрасіў мяне ў эксперты! Але я вам хачу сказаць, што каб я быў там, я б першае месца аддаў кнізе Лукашука. Я лічу, што яму мала аднаго Вялеса. Два трэба, як мінімум. Няма больш ніводнага прадстаўніка радыё, які б зініцыяваў выданне такой колькасці кніг! Яны на “Свабодзе” складаюць частку радыёэфіра”.
Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
Валянцін Акудовіч

Выбірае таго, каго будзе ахоўваць Вялес, не толькі Алесь Аркуш. Штогод збіраецца цэлая экспэртная рада, сябры якой і абіраюць найлепшага з лепшых. Гэта пісьменнікі, перакладчыкі, журналісты Уладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Ева Вежнавец, Юры Гумянюк, Аляксандра Дынько, Валярына Кустава, Дар’я Ліс, Юнэля Сальнікава, Ігар Сідарук, Андрэй Хадановіч.

Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
Алесь Аркуш

Уганараванне, якое перайшло ва “ўкрыжаванне”, скончылася аптымістычнай ноткай ад Вячаслава Ракіцкага: “Жадаю, каб кніга “След матылька. Освальд у Менску” запаўняла ўсю еўрапейскую прастору, перакладалася на розныя мовы ды была экранізаваная. Хай пабывае ў тым жа Галівудзе!” На гэтым ўганараванне завярнулі і развярнулі сталы. Галівудзіць.
Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
Уладзімір Арлоў
Аляксандра Лукашука ўганаравалі і ўкрыжавалі
Зміцер Бартосік



←Молодечно готовится принять гостей на фестиваль белорусской песни и поэзии.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика