Амфітэатры пачнуць працу ў маі
04.05.2012
—
Новости Культуры
Амфітэатры рэгіёну пачынаюць працаваць у маі. МАЛАДЗЕЧНА. Маладзечанскі амфітэатр адкрывае сёлетні сезон 9 мая, паведамляе інфармацыйны аддзел Палаца культуры.
Пакуль сёлетні графік мерапрыемстваў узгадняецца. Але ўжо вядома, што першым мерапрыемствам у амфітэатры стане канцэрт кампазітара Алега Елісеенкава, у якім будуць удзельнічаць Аляксандр Саладуха, дуэт Лесі Кодуш і Славы Нагорнага, цыганскае шоу “Алюр” і іншыя выступоўцы. Канцэрт пачнецца а 21 гадзіне ў сераду, 9 мая.
А 23 мая ў амфітэатры пройдзе фінальнае шоу раённага конкурсу “Міс-Маладзечна–2012”. Вядучым шоу будзе адзін са спевакоў беларускай эстрады, яго імя раскрыецца, калі будуць падпісаныя неабходныя дакументы.
У нядзелю, 27 мая, а 17 гадзіне ў амфітэатры пачнецца канцэрт у гонар Уладзіміра Мулявіна “Дарога да сонца”.
СМАРГОНЬ. Традыцыйна першы канцэрт у амфітэатры ў Смаргоні адбываецца на 9 мая.
Паводле слоў вядучага метадыста раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Тамары Сяменчанкі, сёлета амфітэатр таксама адкрывае праграма, прысвечаная Дню Перамогі. Пачатак – апоўдні.
АСТРАВЕЦ. Дзень Перамогі адкрые і астравецкі амфітэатр. У 11 гадзін 9 мая тут пачнецца канцэртная праграма, паведаміла дырэктар раённага цэнтра культуры Ірына Расамацкая.
У Смаргонскім і Астравецкім амфітэатрах канцэртныя ці гульнявыя мерапрыемствы абяцаюць ладзіць кожныя выхадныя.
МЯДЗЕЛЬ. Паводле інфармацыі Мядзельскага Дома культуры, амфітэатр адкрые канцэрт шансону ў суботу, 12 мая. У колькі пачатак, чытайце ў наступным нумары “РГ”.
Зоя ХРУЦКАЯ.