У Маладзечне да 130-годдзя Янкі Купалы будзе ўстаноўленая скульптура песняра
23.03.2012 15:56
—
Новости Культуры
У Маладзечне да 130-годдзя Янкі Купалы будзе ўстаноўленая скульптура песняра

Пра гэта расказаў сёння карэспандэнту “РГ” начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч. З такой прапановай аддзела сёння пагадзіўся гарвыканкам на сваім пасяджэнні.
Раней гэта скульптура планавалася да ўсталявання ў праграме “Дажынак-2011”, аднак з-за недастатковасці фінансавання праект вырашана было рэалізаваць у юбілейны купалаўскі год.
Скульптура можа заняць сваё месца побач са школай № 1, якая носіць імя Янкі Купалы. Гарадскія ўлады разлічваюць на ўдзел у фінансаванні праекта мясцовага бізнэсу.
У купалаўскія дні на Маладзечаншчыне, акрамя рэспубліканскага свята ў Вязынцы і раённага ў Яхімоўшчыне, жыхары і госці Вязынкі і Яхімоўшчыны правядуць святы гэтых вёсак. Вязынка - месца нараджэння народнага паэта Беларусі. У Яхімоўшчыне ж Янка Купала яшчэ маладым працаваў на бровары.
У шэрагу мерапрыемстваў, якія ўхваліў Маладзечанскі гарвыканкам на сваім пасяджэнні, і выданне кнігі нашага земляка Рыгора Семашкевіча, прысвечанай Янку Купалу. Укладальнік выдання - Міхась Казлоўскі.
