Новая версiя "Палескай хронікі" прадстаўлена ў "Купалаўскім"
20.03.2012 08:42
—
Новости Культуры
Новая версiя "Палескай хронікі" прадстаўлена ў "Купалаўскім"
Фото: Валерий ХАРЧЕНКО |
Нягледзячы на часовую адсутнасць роднай сцэны, купалаўцы 16 сакавіка прадставiлi на суд гледачоў новы спектакль “Людзі на балоце” паводле “Палескай хронікі” Івана Мележа. З гэтай нагоды “Р” завітала да аўтара інсцэніроўкі і пастаноўкі, рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Аляксандра Гарцуева.
— Аляксандр Фёдаравіч, чаму такі даволі аддалены ад сённяшняга час — 1920-я гады, усталяванне савецкай улады ў глухой вёсачцы на палескіх балотах — прывабіў вас і прымусіў да сябе звярнуцца?
— Тут многа прычын, нават цэлы шэраг. Па-першае, заўсёды лічыў і лічу, што “Палеская хроніка” Мележа — гэта адзін з найлепшых узораў беларускай, а можа, і сусветнай класічнай літаратуры. Па-другое, асабіста сам я быў звязаны з гэтым матэрыялам не аднойчы. Зусім маладым акцёрам іграў у спектаклі “Людзі на балоце”, пастаўленым на купалаўскай сцэне амаль 40 гадоў таму рэжысёрам Барысам Эрыным, гэта была ці не першая мая роля ў тэатры. Пазней здымаўся ў аднайменным фільме Віктара Турава. Па-трэцяе і, напэўна, самае галоўнае — гэты літаратурны матэрыял, на мой погляд, надзіва сучасны і ў сённяшнім дні. Я маю на ўвазе, што, як і героі Мележа, мы таксама жывём сёння на сутыкненні часоў і эпох. У Мележа дзея разгортваецца ў канцы 1920-х, прайшло амаль 10 гадоў пасля змены царскага часу на савецкую ўладу, але для людзей такія перамены не адбываюцца ў адну секунду — яшчэ засталіся ранейшыя маральныя прынцыпы, вера ў Бога і ў зварот мінулых часоў. Вось на гэтым зломе, на гэтым піку вырашаюцца лёсы людзей, іх жыццё з каханнем, надзеямі, іх мінулае і будучае сутыкаюцца ў гэтай кропцы. У фінале і спектакля, і рамана ёсць фраза: “Не так гэта ўсё просто, Ганно…” І сапраўды, усё было вельмі не проста.
— Вы ўзгадалі свае ролі ў колішніх спектаклі і фільме. Чым запомніліся тыя першыя акцёрскія працы?
— Успаміны пра іх і сёння, праз многа гадоў, асацыіруюцца ў мяне з водарам маладосці. Акрамя таго, я, пачатковец, выходзіў на сцэну са знакамітымі купалаўцамі — Стомам, Яроменкам, Былінскай… А якая плеяда выдатных беларускіх акцёраў здымалася ў фільме Турава — Станюта, Шмакаў, Гарбук, Тарасаў… Тады на здымках мы пасябравалі з Барысам Няўзоравым, які іграў Яўхіма. Ён быў крыху старэйшы за мяне і на той час яшчэ зусім невядомы малады акцёр з Масквы, гэта зараз з экрана не злазіць. Дарэчы, неяк мы сустрэліся выпадкова ў Магілёве — ён адразу мяне пазнаў, хоць абодва ўжо сівыя, столькі часу прайшло. Карацей кажучы, ад “Людзей на балоце” я тады атрымаў вельмі якасны эстэтычны ўдар, уздзеянне якога засталося дасюль. І гэта яшчэ адна з прычын майго сённяшняга звароту да “Палескай хронікі”.
— А не было боязi, што непазбежны паўторы, што новую пастаноўку будуць параўноўваць з колішнімі спектаклем і фільмам?
— Вядома, была, толькі не боязь, а разуменне, што так яно і будзе. Хоць, відаць, сёння не так многа тых, хто бачыў і памятае спектакль Эрына. Фільм 1981 года ведаюць больш людзей, яго час ад часу паказваюць. А што да большасці моладзі, то мележаўская “Палеская хроніка” для яе — матэрыял невядомы, хоць гэтыя творы праходзяць у школе. Наогул, лічу: калі хочаш сапсаваць для маладога чалавека ўражанне ад нейкага літаратурнага ўзору, аддай яго вывучаць у 6-м класе школы. І няхай то будзе “Яўгеній Анегін”, “Фауст” ці іншы які шэдэўр — атрымаецца аттаржэнне.
Словам, параўнанняў я не баюся. Бо гэта было б тое ж самае, што баяцца новай пастаноўкі, напрыклад, “Гамлета” ці “Чайкі”. Да таго ж у мяне сваё бачанне матэрыялу.
— Чым яно адрозніваецца?
— З двух раманаў — “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” — я выбраў тыя сюжэтныя лініі і характары, якія мяне цікавілі. Цэнтральнае месца ў маім спектаклі займае каханне, трохкутнік — Васіль, Ганна, Яўхім.
У адрозненне ад старога спектакля, на працягу якога адбываліся тры ці пяць сходаў, у якім была занята ўся трупа — недзе 70 чалавек выходзілі на сцэну, новая пастаноўка больш кампактная, у ёй крыху больш за дзясятак дзеючых асоб, менш сацыялкі, а больш кахання, больш адносін паміж жанчынай і мужчынам. Прычым гэта не лірычнага, саплівага кшталту каханне, а пачуццё, за якое і з-за якога б’юцца на кроў.
— Вы самі рабілі інсцэніроўку па прозе Мележа, і гэта не першы ваш драматургічны вопыт. Раней па ўласных інсцэніроўках вы ставілі “Хама” Алаізы Ажэшка, а нядаўна — паводле аповесці Алеся Адамовіча спектакль “Не мой”, які, дарэчы, стаў трыумфатарам першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі і быў адзначаны ўзнагародамі адразу ў пяці намінацыях.
— Так, інсцэніровачны вопыт ёсць, прымушае жыццё тэатральнае. Няхай не пакрыўдзяцца нашы драматургі, але, на жаль, не надта многа сёння якаснай беларускай драматургіі. Зрэшты, лічу, кожны рэжысёр можа справіцца з інсцэніроўкай, так ці інакш ён робіць яе з любой п’есай, якую ставіць. Таму калі я бачу літаратурны матэрыял, раман ці аповесць, якія мне хочацца зрабіць спектаклем, то бяру і пішу паводле іх п’есу. Але стаць драматургам ніколі не марыў і не мару.
— А як, дарэчы, адбыўся ваш пераход з акцёраў у рэжысёры?
— У 21 год, калі скончыў тэатральна-мастацкі інстытут, памятаю, як казаў сябрам, што ніколі не палезу ў рэжысуру, што гэта зусім не маё, мяне не цікавіць, што хачу быць артыстам. Але жыццё пераварочвае па-свойму. Растлумачу. Ёсць такое паняцце: крызіс сярэдняга ўзросту. Калі ты маеш галаву, нейкія разуменні і памкненні, калі ты не зусім абыякавы да жыцця і сябе самога, наступае момант — у каго раней, у каго пазней, часцей гэта датычыць мужчын, — калі ўзнікае незадавальненне тым, чым ты зараз займаешся і на якім узроўні. Нейкае адчуванне стагнацыі жыцця, хоць яшчэ зусім не стары, табе ўсяго 33… Разумееш: так і будзе далей — ролі ў тэатры, час ад часу здымкі ў кіно, запісы на радыё. І гэтага становіцца мала. Можна назваць гэта амбіцыямі, хаця я не лічу, што амбіцыі — гэта дрэнна, калі яны не шкодзяць іншым людзям, калі ты не пераступаеш праз свайго сябра, таварыша, калегу. Магчыма, амбіцыі. Але я называю гэта крызісам сярэдняга ўзросту, які і памкнуў мяне паспрабаваць сябе ў іншай справе.
— Цяпер вы задаволены?
— Наогул, быць цалкам задаволеным немагчыма. Тады таксама наступае стагнацыя. Што чалавека вядзе? Незадаволенасць і сумненні. Я вельмі не люблю людзей, якія ніколі не сумняваюцца. Калі чалавек сумняваецца ў сабе, у сваёй працы, ён пачынае шукаць паляпшэння. А калі сядзіць усім задаволены, без ніякага сумніву — то і дурань. Трэба вучыцца крытычна глядзець на сябе, старацца хаця б прыблізіцца да гэтай лініі — рэальна ацэньваць, што ты ёсць на самай справе ў гэты момант. Разумею, што гэта цяжка — абсалютна аб’ектыўна глядзець на сябе з боку. Але чым больш ты набліжаеш сябе да гэтага аб’ектыву, тым лепш і табе, і астатнім.
— Вяртаючыся да прэм’ернага спектакля: адсутнасць роднай сцэны працу над ім, відавочна, ускладняла...
— Сапраўды, вельмі было цяжка. Увесь спектакль зроблены на малой сцэне Купалаўскага, дзе з рэальных “балотных” дэкарацый прысутнічала адна толькі лодка, і тлумачыць артыстам, што і дзе будзе надалей стаяць, рухацца, даводзілася літаральна “на пальцах”. Усяго толькі тры дні перад прэм’ерай мелі, каб асвоіць сцэну Палаца культуры прафсаюзаў. Ну а праз год, цешым сябе надзеяй, зможам вярнуцца са спектаклем ужо на адноўленую родную сцэну Купалаўскага.