Святым Валянцінам у беларускай традыцыі была Баба-яга?

Источник материала:  
14.02.2012 15:55 — Новости Культуры

Святым Валянцінам у беларускай традыцыі была Баба-яга?


Святым Валянцінам у беларускай традыцыі была Баба-яга?Этнограф і фалькларыст Іван Крук распавёў Еўрарадыё пра асаблівасці рамантычных адносін нашых продкаў. 

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да Дня святога Валянціна?
 
Іван Крук: Я, з аднаго боку, заўсёды шукаю карані, вытокі таго, што магло б быць першапрычынай узнікнення любога свята ў шырокім еўрапейскім кантэксце, а з іншага боку, шукаю псіхалагічны аспект, чаму моладзь так актыўна прыхіляецца да гэтага свята.
 
Еўрарадыё: І чаму, на вашу думку?
 
Іван Крук: Перш за ўсё, гэта сацыяльны аспект – моладзь заўсёды гуртуецца. Гуртовы пачатак пераважаў і ў нашай традыцыі, гэтаму ёсць шэраг сведчанняў. І калі я прайшоўся па мапе Беларусі, то ўбачыў, што ёсць шэраг папярэдніх фрагментаў традыцыйнай культуры беларускага народа, абрадавых практык, якія адпавядалі сённяшнім святам. Я думаю, таму яно так сугучна беларускай моладзі.
 
Еўрарадыё: А якія асаблівасці рамантычных ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай былі характэрныя для беларусаў?
 
Іван Крук: Пачнём з Віцебшчыны. Галоўная кропка, калі дазвалялася праяўляць свае пачуцці – гэта былі Каляды і вельмі прыгожае ігрышча беларускай моладзі, Жаніцьба Цярэшкі. Гэта шыкоўная рэч, якая на два тыдні ўцягвала вёску ў стан незвычайнага эмацыйнага настрою. Старыя баба і дзед па папярэдняй дамоўленасці зводзілі маладыя пары, большасць з якіх заставаліся парамі на ўсё жыццё.
 
Калі звярнуцца да масленіцы - гэта Магілёўшчына і Віцебшчына, што межавалі з Расіяй, там гэтая традыцыя была прадстаўленая больш шырока. Гэта сумеснае катанне на санках з гор і да іншых населеных пунктаў. Лічылася, што чым далей заедзеш, тым даўжэйшым вырасце лён. Гэта была цудоўная магчымасць маладым людзям, выказаць адносіны адзін да аднаго.
 
На Брэстчыне і Заходнім Палессі другі дзень Пасхі называўся Абліваха. Маладыя хлопцы хадзілі па вёсцы і павінны былі абліць вадой усіх дзяўчат. Дзе б дзяўчаты ні хаваліся – ці на гарышча, ці ў стог сена - хлопцы не выходзілі з хаты, пераварочвалі ўсё, трэба было абавязкова знайсці і абліць, гэта як пажаданне, стварыць сям’ю ў гэтым годзе. 
 
На Зялёныя святкі, на Тройцу моцна прапісаныя Гомельшчына і цэнтральная частка Беларусі. Старэйшая прадстаўніца жаночай лініі вёскі збірала дзяўчат перадшлюбнага ўзросту, выводзіла ў бярозавы гай і на працягу двух дзён праводзіла шыкоўны абрад. Раней гэта называлася ініцыяцыя - пасвячэнне ў даросласць, у больш позняй традыцыі - кумленне. Рабілася трыумфальная арка з бярозавых галінак і праз гэтую арку трэба было тройчы прайсці, або цалавацца, стоячы па розныя бакі гэтай аркі. Дзяўчаты пры гэтым давалі адна адной запавет, што калі адна з іх пойдзе замуж, то другая абавязкова будзе ў яе шаферкай на вяселлі. 
 
Ну, і нарэшце, усе ведаюць, што такое беларускае Купалле. Маладыя хлопец і дзяўчына скакалі праз вогнішча, гэтым самым спальваючы тое што ў іх было ў дзяцінстве і выказваючы свае ўзаемаадносіны ў прысутнасці ўсяго роду, усёй абшчыны і выказвалі спадзяванне на тое, што ў гэтым годзе створаць сваю сям’ю. 
 
Так што, гэтае свята, якое быццам бы падкінутае з Заходняй Еўропы, з каталіцкай традыцыі, насамрэч вельмі сугучнае нашаму люду і мае вельмі глыбокія традыцыйныя карані. 
 
Еўрарадыё: А што за цікавы абрад, калі Баба-яга зводзіла хлапцоў і дзяўчат? 
 
Іван Крук: Гэта не толькі Баба-яга. Паглядзіце нашы чарадзейныя казкі. Баба-яга - чалавек, які знаходзіўся на памежжы таго і гэтага светаў, ведаў тайны таго свету і калі хочаце – ведаў, што наканавана маладым людзям быць у пары. Вось гэтая Баба-яга і зводзіла гэтых маладых. Гэта было і праз прызму Жаніцьбы Цярэшкі і праз Жаніцьбу Бахіркі на Магілёўшчыне. Абрады называліся па-рознаму ў розных рэгіёнах. Але менавіта не бацька і маці, а Баба – той, хто стаіць на мяжы жыцця на гэтай зямлі і на тым свеце, той, хто выканаў свой абавязак працягнення роду, і хто ўжо зазірнуў у будучыню – той і займаўся звядзеннем пар. Гэта абсалютна лагічна і прыгожа. 
 
Еўрарадыё: Дык ці ёсць падставы, святкаваць Дзень закаханых? Ці можа варта аднаўляць традыцыйныя беларускія святы? 
 
Іван Крук: Калі гаварыць на іншым прыкладзе – амаль у кожнай сям’і сёння ёсць камп’ютар. Ён мае свае плюсы і мінусы, але закладзіце ў яго гульні, звязаныя з беларускай традыцыяй, закладзіце інфармацыю, датычную беларускай традыцыі, і гэта пачне працаваць. Так і тут, той махавік, які працуе сёння на гэту ідэю, раскручаны праз прызму валянцінак. Але вы крок за крокам закладайце сюды глыбіню беларускіх традыцый, закладайце асаблівасці нашых святкаванняў. Такім чынам вы можаце ўплываць на фармаванне менталітэту сучаснай моладзі.
←Первая победительница "Евровидения" Лиз Ассиа желает триумфатору "Еврофеста" найти свою индивидуальность

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика