Купала анлайн

Источник материала:  
Купала анлайн

Год юбілею пісьменніка адкрыўся прэзентацыяй унікальнага выдання — каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”

Так атрымалася, што колькі год запар мы адзначаем юбілеі нашых вядомых класікаў. Два гады таму святкавалі 80-годдзе Караткевіча, летась ўшаноўвалі Максіма Багдановіча, а сёлета прыйшла чарга беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. І хоць дні нараджэння паэтаў прыпадаюць аж на другую палову года, святкаваць іх юбілеі мы пачынаем ужо цяпер. Купалаўскі год, напрыклад, ужо распачаўся — прэзентацыяй каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы” ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

— Уладзімір Караткевіч пісаў: “Мы маем шмат каго... І ўсё адно Купала застанецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам”, — працытаваў класіка на адкрыцці Купалаўскага года міністр культуры Павел Латушка. — Цяжка пераацаніць ролю Янкі Купалы ў станаўленні беларускай нацыі, мовы і дзяржаўнасці. Янка Купала далучыў беларускую культуру да сусветнай. Дзякуючы яго творчасці нас ведаюць у многіх краінах. Паэзія беларускага песняра перакладзена амаль на 100 замежных моў. Адзін толькі верш “А хто там ідзе?” гучыць на 84 мовах народаў свету.130-годдзе з дня нараджэння Купалы адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Указам Прэзідэнта зацверджаны план мерапрыемстваў па правядзенню на тэрыторыі краіны і за яе межамі культурных акцый, прысвечаных гэтай знакавай падзеі. Сярод іх — стварэнне тэматычных літаратурна-мастацкіх зборнікаў і дакументальна-публіцыстычных праграм па творах Янкі Купалы, правядзенне рэспубліканскага свята паэзіі, добраўпарадкаванне тэрыторый гісторыка-культурных аб’ектаў, звязаных з жыццём і творчасцю песняра, і многае іншае. Што цікава, да святкавання юбілею песняра пачалі рыхтавацца яшчэ летась. Менавіта тады музеем Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА быў распачаты праект “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”, які і стаў першай ластаўкай з цэлага шэрагу знакавых мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею паэта. — Што ён сабой уяўляе? Каталог у друкаваным і электронным варыянце з адсканаванымі рукапісамі Купалы, — расказала дырэктар Дзяржаўнага музея Янкі Купалы Алена Мацевасян. — І калі друкаваны каталог прызначаецца для шырокага кола чытачоў і змяшчае толькі частку рукапіснай спадчыны паэта, то электронны каталог, які будзе асабліва цікавы навукоўцам і даследчыкам творчасці паэта, увабраў у сябе ўсе рукапісы Купалы, якія маюцца ў музеі. А іх тут налічваецца больш за 500!Як расказала дырэктар музея, электронны каталог хутка з’явіцца на сайце музея www.kupala-museum.by. Пазней дыскі з рукапісамі паэта і друкаваныя каталогі паступяць у продаж.

←Имидж театра спасут международные проекты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика