«Залатая калекцыя беларускай песні»
30 лепшых айчынных кампазіцый ХХ стагоддзя вызначаць эксперты і слухачы
«Залатая калекцыя беларускай песні» будзе ўпершыню створана ў нашай краіне. Новы творчы праект ініцыіравала Міністэрства культуры. Ён будзе ажыццяўляцца ў некалькі этапаў на працягу 2011—2012 гадоў. Мэта — развіццё сучаснай беларускай эстрады, падтрымка і папулярызацыя беларускай песні і беларускага слова.
Як паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Ганна Смольская, Маладзёжным тэатрам эстрады сумесна з ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» складзены пералік з больш за 100 песень ХХ стагоддзя, з якіх будуць адабраны 30 лепшых твораў.
Адборам песень зоймецца экспертны савет. У складзе яго больш за 50 вядомых людзей краіны — дзеячы літаратуры і музычнага мастацтва, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, мастацтвазнаўцы і выкладчыкі вышэйшх творчых ВНУ. Акрамя таго, прадугледжана стварэнне фокус-групы з ліку студэнтаў, а таксама інтэрнэт-галасаванне (пералік песень для яго будзе апублікаваны на сайце www.ctv.by).
Вынікі работы экспертнага савета, незалежнай фокус-групы, а таксама інтэрнэт-галасавання падсумуе падліковая камісія. Вызначаныя такім чынам 30 лепшых кампазіцый будуць прадстаўлены на гала-канцэрце пад назвай «Залатая калекцыя беларускай песні» 12 снежня ў Палацы Рэспублікі. Тэлеверсію можна будзе ўбачыць на Каляды, 7 студзеня.
Наступным этапам праекта стане гастрольны тур 30 лепшых песень па краіне на працягу будучага года, а таксама выпуск серыі СD/DVD-дыскаў «Залатая калекцыя беларускай песні».
У далейшым плануецца папаўняць пералік залатога фонду беларускай эстрады запісамі новых твораў беларускіх аўтараў.