«Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!..»

Источник материала:  
ЭЛЕКТРЫЧКА Мінск — Маладзечна спыняецца на станцыі Уша. Адсюль яшчэ некалькі кіламетраў да філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. «Фальварак Ракуцёўшчына» — музейны комплекс — месціцца ў аднайменнай вёсцы Маладзечанскага раёна. Тут ветліва сустракае гасцей загадчык філіяла Лілія ЗАЛІЎСКАЯ.

«У родным краю ёсць крыніца жывой вады…»

«Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця! Зноў з ціхай радасцю цябе чытаю я…» — так Максім Багдановіч сказаў аб Ракуцёўшчыне. Тут, у беларускай глыбінцы, паэт стварыў дзве нізкі вершаў: «Старая Беларусь» і «Места». А яшчэ і дзве паэмы — «Вераніка» і «У вёсцы», якія ўвайшлі ў цыкл «Мадонны».

Паэт марыў пабываць у Беларусі, і праведзены ў Ракуцёўшчыне час быў вельмі плённы для Максіма, хоць ён правёў тут усяго два летнія месяцы. Гэта цяпер тут, у былым фальварку, — чысцюткі ўзгорак, поле, сасоннічак, які пасадзілі некалькі гадоў назад. А раней стаяў яловы лес, падступаў да самага фальварка. За агароджай, дзе дамы пабудавалі нашым часам, сто гадоў таму шумеў сад. А за ім бруіла і бруіць сёння крынічка, ля якой любіў бываць Багдановіч. «У родным краю ёсць крыніца жывой вады. Там толькі я змагу пазбыцца сваёй нуды…» Не пабываць ля крыніцы Багдановіча нельга. Калі прыгледзецца, яна б’е фантанчыкам. Сцюдзёная, гаючая. Летам спёка, а вада ў крынічцы ледзяная!

…Хадзіў Максім па гэтых сцежках, лясах, між высокіх жытоў і густых сенажацей. Слухаў вясковую гаворку, наведваў святы. У Ракуцёўшчыне ён сустрэў дзяўчынку. Худую, упэцканую, кволую. Але ён, пясняр, убачыў у ёй не толькі красу, але штосьці вышэйшае. «Што Рафаэль вялікі стараўся выявіць праз Маці Божай лікі…»

— Гэтыя мясціны — наш гонар. Прыязджаюць і прыходзяць наведвальнікі. Бывала, вядзеш экскурсіі і думаеш: «А па гэтых жа сцежачках хадзіў Максім Багдановіч!..» — дзеліцца Лілія Леанідаўна. — Максім марыў яшчэ вярнуцца ў Ракуцёўшчыну, але не выйшла.

Помняць клёны

Сведкі прыезду Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыну — клёны ля крыжа. Было іх тры, ды некалькі гадоў назад адзін зваліўся.

Між іншым, сын вядомага беларуса Антона Луцкевіча зрабіў малюнак-рэканструкцыю дамка арандатара, археолагі правялі раскопкі. І менавіта на тым месцы і ўзвялі будынак, дзе жыў Максім… А вырашылі стварыць музей у Ракуцёўшчыне ў 1991-м, калі святкавалі 100-годдзе Багдановіча. Ну а адчынілі яго ў 1994-м. Спачатку экспазіцыя была створана толькі ў дамку арандатара. Потым узнавілі гаспадарчыя пабудовы: клець, свіран, хлявы. На жаль, у 2002 годзе яны згарэлі, і іх пакуль што не ўзнавілі. Засталіся толькі дом арандатара, дом гаспадара і гумно.

…Яшчэ ёсць тут помнік Максіму Багдановічу — у выглядзе двух камянёў. Адзін, як свечка. Другі — проста валун. На ім — радкі: «У вёсцы Ракуцёўшчына ўлетку 1911 года жыў і працаваў беларускі паэт Максім Багдановіч». А ў 1981-м, у год 90-годдзя Максіма Багдановіча, заклалі Максімаў сад з 70 дрэў. Былі пісьменнікі, работнікі культуры, мясцовыя школьнікі.

…Гумно ж відаць здалёк. Яго дах адмысловы — з чароту. Унутры — сапраўднае багацце: малацілка, веялка, сячкарня, церніца с траплом для апрацоўкі льну, часалкі для льну і воўны, сярпы, станок для вырабу колаў.... Збіралі вырабы па ўсёй Беларусі… Вышыня ў гумне — ого-го. Каб паветра гуляла, была натуральная вентыляцыя, сцены не канапаціліся. Дах вышэй, чым сцены гумна. Яго будавалі па галандскай тэхналогіі.

— І што цікава: як снег падае, атрымліваецца шапка. Сонца выгляне, здаецца, як толькі той снег і трымаецца! Пар ідзе. І снег паступова аб’язджае, глядзіш у акно — выпараецца проста на вачах. Такі цуд!

Каханоўскі і Лычкоўскі

У гэтым годзе, улетку, была круглая дата — стагоддзе з дня прабывання Багдановіча ў Ракуцёўшчыне. Больш за тое, штогод праходзіць свята «Ракуцёўскае лета» — ці ў апошнюю нядзелю ліпеня, ці ў першую — жніўня.

— Заўсёды апантаныя, творчыя людзі — барды, паэты, пісьменнікі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці — усе, хто шануе памяць аб Багдановічу, хто любіць яго творчасць, збіраюцца тут, — расказвае далей Лілія Леанідаўна. — Улетку Максім у нас быў, і вочы заплюшчыш і ўяўляеш, дзе ён хадзіў, якія вершы складаў. А зімой чакаем экскурсіі і ходзім у народ, у школы. Чытаем лекцыі, ладзім вечарыны… Асабліва ажывіліся экскурсіі, пайшлі гужам у Ракуцёўшчыну ў сувязі са 120-годдзем паэта. Нядаўна былі дэлегацыі з Пінска, Бабруйска, Віцебска, Баранавіч...

Экскурс у гісторыю сям’і

А яшчэ падчас экскурсіі Лілія Леанідаўна распавяла шмат цікавага, пра што ў школе не расказваюць. У сям’і маці Максіма — Марыі Мякоты — была такая гісторыя. У маладосці бабуля нашага Багдановіча кахала аднаго студэнта. Але штосьці здарылася, яны паспрачаліся. А тут ні села ні пала да дзяўчыны пасватаўся ўдавец, на 20 гадоў старэйшы.

— Як пасварыліся са студэнтам, яна тут жа дае згоду выходзіць замуж. А яе бацька — прадзед Максіма — быў светаром. Ён блаславення не даваў, але што рабіць, людзі сабраліся, вяселле. І блаславіў. Тут у другой палове дня прыязджае студэнт. І потым бабуля Максіма казала: «Прыедзь ён на гадзіну-другую раней, вяселля не адбылося б».

Дык вось, муж бабулі рана памёр. А сама яна не працавала, дзяцей карміць няма чым, і яна здала дзяцей у прытулак. У тым ліку і дачушку Марыльку, маці Максіма. А фундатаркай прытулка была жонка мінскага губернатара — Ларыса Пятрова. Дзяцей сваіх у іх не было. І звярнула яна ўвагу на Марыльку, якая была таленавітай дзяўчынкай, разумніцай, з прыгожай касой. Забрала яе да сябе ў сям’ю. Гадавала, дала адмысловую адукацыю.

Скончыла Марылька тры класы Аляксандраўскай вучэльні ў Мінску, а потым накіравалася ў Санкт-Пецярбург у земскую настаўніцкую школу. І прыехала аднойчы яна на канікулы, зноў жа да жонкі губернатара — Ларысы Паўлаўны. Пайшла ў Вялікі оперны тэатр і там сустрэла… Каго б вы думалі? Свайго настаўніка — Адама Ягоравіча Багдановіча. Спаткаліся, пакахалі адзін аднаго…

Страты

Вядома, што Багдановіч нарадзіўся ў Мінску. Як яму было паўгода, сям’я пераехала ў Гродна. І калі з’явілася чацвёртае дзіця — Ніначка, — яго маці памерла ад хуткацечнай хваробы на сухоты. Ды колькі ў Адама Ягоравіча было стратаў! Пасля маці пайшла з жыцця Ніначка, потым — васямнаццацігадовы Вадзім…

І вось пасля смерці Марылькі Адам Ягоравіч з асірацелымі дзецьмі ад’язджае ў Расію. Адразу ў Ніжні Ноўгарад, потым — у Яраслаўль. Напачатку Адаму Ягоравічу дапамагала ставіць на ногі дзяцей родная сястра Марыя. Дарэчы, дзве яго родныя сястры таксама паехалі з ім у Ніжні Ноўгарад. Гэтыя сем’і ўзялі з сабой і беларускія строі. Там яны на беларускай мове размаўлялі, ладзілі беларускія святы. Адзін аднаго ў госці звалі і г. д. Беларуская мова чулася ў сям’і. Для Максіма гэта было адметнай з’явай…

«Нахватались таких словечек…»

А яшчэ, калі Максіму было гады чатыры, яго маці вазіла дзяцей адпачываць да роднай сястры — у Вяззе Асіповіцкага раёна. У тае была добрая гаспадарка: карова, куры, свінні, нават вуллі з пчоламі…

І маці Максіма ліставалася з мужам. Яна ж вельмі любіла свайго Адама Ягоравіча. Часта пісала лісты і расказвала, як паводзяць сябе дзеці. Прычым усё на рускай мове. І канстатавала: «Дети начали разговаривать на белорусском языке, нахватались таких словечек! Как завернут что-небудь, хоть сквозь землю провались…» А засвоіў беларускую мову Максім з кніг. Потым, як яго не стала, Адам Ягоравіч разбіраў архівы сына і казаў: «Колькі там выпісак са слоўнікаў, старадрукаў!» «Які б з паэтаў адолеў гэту працу? А ён падняў. І нёс яе цярпліва і настойліва. Аб гэтым гаворыць той факт, што яго хвароба ў раннім узросце спаткала і перыядычна абвастралася. Прычым тэмпература даходзіла да сарака градусаў. І ён заўсёды пісаў лежачы. Калі вы звярталі ўвагу, у яго была незвычайная каліграфія: такая прыгожая для мужчыны», — працягвае Лілія Леанідаўна.

А дзе беларусы?

Вось яшчэ адзін эпізод з вучобы ў гімназіі Яраслаўля. Настаўнік гісторыі на ўроку расказваў пра «Северо-Западный край». Назваў Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію, а пра Беларусь — ні слова. І Максім Багдановіч з месца запытаў: «А дзе беларусы?» «Якія яшчэ беларусы?» — здзекліва запытаў настаўнік. Адчуўшы падтрымку класа, Максім Багдановіч адказвае: «Дык вы, выходзіць, невук, калі не ведаеце, хто такія беларусы. Я вам дапамагу. Тыя, што жывуць у Беларусі». «Ага, — не здаваўся выкладчык. — Калі ёсць такая нацыя, у яе павінны быць мова і культура». Падавіўшы хваляванне, Максім выхоплівае лісток і… : «Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег!..» Раздаліся апладысменты, а выкладчык, як нічога і не было, сказаў: «Бяру свае словы назад». Вось як Максім нёс гонар беларускай мовы.

Ён скончыў гімназію і ліставаўся з беларускімі адраджэнцамі: Вацлавам Ластоўскім, Сяргеем Палуянам, Іванам і Антонам Луцкевічамі. Апошнія былі пляменнікамі гаспадара фальварка Ракуцёўшчына — Вацлава Лычкоўскага. І вось запрасілі беларусы Максіма ў Вільню. Яна так яго ўразіла! А Іван і Антон Луцкевічы былі стваральнікамі гісторыка-этнаграфічнага музея, дзе Максім захапляўся беларускімі абразамі, разьбой па дрэве, старадрукамі, кнігамі, пячаткамі князёў. Усё гэта ён з такім захапленнем аглядаў, у тым ліку і слуцкія паясы. І нарадзіўся аднайменны верш… Моцна ўразіў Багдановіча касцёл Святой Ганны. «Каб залячыць на сэрцы раны, забыць пра долі цяжкі глум, прыйдзіце да касцёла Анны, там знікнуць сцені цяжкіх дум…»

Дык вось, прабыў Максім у Вільні толькі два дзянёчкі. І ведаючы аб хваробе Максіма, яго сябры — і Вацлаў Ластоўскі, і выдавец Уласаў, і браты Луцкевічы — вырашылі, што Максіму трэба пажыць у вёсцы. Надыхаццца здаровым, гаючым паветрам. А дзе было лепш, як не ў Ракуцёўшчыне? І прывезлі сюды Максіма.

У фальварку

Дзядзька братоў Луцкевічаў — Вацлаў Лычкоўскі — быў нежанаты, да яго вярнулася, калі аўдавела, родная сястра Ядвіга. Яны мелі 26 дзесяцін зямлі, гэта 18 гектараў. Але самі не займаліся апрацоўкай. Наймалі арандатараў, для якіх быў пабудаваны дамок. У тое лета арандатараў не было, там і пасяліўся Максім.

— Ён быў такі тактоўны. Ведаў пра сваю хваробу. Прыходзіў вечарам да гаспадароў у гасцёўню, яны яго частавалі гарбатай.

У інтэр’еры гасцёўні — сервант дубовы, з разьбой, зараз не ганьба было б такі мець. Стол таксама дубовы. Сервіз для гарбаты. Часопісы таго часу. Шафка з кнігамі сведчыць аб тым, што гаспадар быў адукаваны чалавек, цікавіўся грамадскім жыццём. Фотаздымкі родзічаў гаспадара. Люстра такая адмысловая…

У тое лета адпачывала ў Ракуцёўшчыне пляменніца Вацлава Лычкоўскага — Эмілія Шабуня. Прыемная, выхаваная, адукаваная жанчына. Яна была дарадцай Максіма. Ён чытаў ёй свае творы, клапаціўся аб дакладнасці беларускага слова і ўсё пытаўся: «Ці так?» Яны спрачаліся, у кожнага было сваё меркаванне.

Дзеткі-кветкі

У доме гаспадароў асабліва цікавы дзіцячы куточак. Стварылі яго, бо Эмілія Шабуня прыязджала са сваёй дачушкай.

Дзяўчынка Янінка была для Максіма найбольшай забаўкай. Ён яе гушкаў, з ёй хадзіў да крынічкі. І Максім Багдановіч, у якога ніколі не было жонкі, дзяцей, пісаў: «Больш за ўсё на свеце жадаю я, каб у мяне быў свой дзіцёнак. Маленькая дачушка-немаўляшка Аня Максімаўна. Такая прыгожанькая, цёпленькая, мокранькая, з чорнымі валосікамі і броўкамі, з цёмна-карымі вочкамі. А ручкі — як перацягнутыя ніткамі…»

У дамку арандатара

Асобна хочацца сказаць пра гэты будынак. Тут — два невялічкія пакойчыкі. У кухні адзін толькі аўтэнтычны прадмет — куфар, які належаў гаспадарам. Крэсла венскае дубовае 1912 года. А ў пакоі, у якім жыў Багдановіч, — ложак і стол, кнігі французскіх аўтараў: Верлена, Бадлера, Флабэра. Максім рабіў з іх пераклады. У рамках на сценах вісяць выявы паштовак — фотакопіі Вільні, а таксама паглядаюць на наведвальнікаў Вацлаў Ластоўскі, выдавец Уласаў, Антон і Іван Луцкевічы. Упрыгожваюць сцены афорты 1976 года, якія былі выкананы да цыклаў «Старая Беларусь», «Места» і «Мадонны». Цэнтральнае месца займае фотаздымак Максіма Багдановіча, а яшчэ выява з яго адзінага прыжыццёвага зборніка — «Вянок».

Сунічкі ў Ялце

— Мінскія сябры — Ядвігін Ш, Змітрок Бядуля, Зоська Верас — сабралі Максіму грошай на дарогу ў Ялту, і ён паехаў туды яшчэ ў лютым. Пражыў там да 25 мая, калі яго не стала. Нават у Ялце так магло “пашанцаваць” толькі Максіму Багдановічу — вясна была надта сырой. Больш за тое, гаспадыня, у якой ён кватараваў, эканоміла на дровах. Стан Максіма пагоршыўся. І ён папрасіў медсястру, каб прынесла суніц. Калі яна прыйшла праз дзень, на грудзях Максіма ляжаў яго зборнічак і скрутачак з сунічкамі. А яго ўжо не стала. «У краіне светлай, дзе я ўміраю, у белым доме ля сіняй бухты, я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты…» «Вянок» быў для Максіма найвялікшы скарб...

Напрыканцы хочацца закончыць такімі словамі: хто аднойчы адкрые для сябе Максіма Багдановіча — адкрые яго назаўжды.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота Мікалая ВАЛЫНЦА, «БН»

←Брагинские «лимузины» не хуже французских

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика