Стварае пакаленне NEXT
Мікіце Міцкевічу 20 гадоў. Ён музыкант, кампазітар, іграе ў модным рок-гурце. Жыве ў Мінску. Смелы, харызматычны, стыльны хлопец падабаецца дзяўчыне, у яго ёсць чаму павучыцца. Мікіта атрымлівае асалоду ад жыцця і ведае, што свет вакол – цудоўны. Гэта ўсё – пра галоўнага героя маладзёжнага васьмісерыйнага мастацкага фільма “Вышэй за неба”, здымкі якога зараз ідуць у беларускай сталіцы. Каб бліжэй пазнаёміцца з галоўным героем серыяла Мікітам і яго сябрамі, карэспандэнт “НГ” адправілася на здымачную пляцоўку.
Каханне, сяброўства, вернасць, зайздрасць, імкненне да ідэалу, а яшчэ пошук сэнсу жыцця, калі ты ВІЧ-пазітыўны, — усе гэтыя хвалюючыя тэмы будуць закрануты ў кінакарціне. Высокай мэтай мала-дзёжнага серыяла, які ствараецца Праграмай развіцця ААН у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі на сродкі гранта Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, стала спроба перамагчы ў нашым грамадстве шэраг стэрэатыпаў аб жыцці з дыягназамі ВІЧ і СНІД.
Летапіснае кіно
У дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе разгарнуліся здымкі, немнагалюдна. Пасярод дарожкі, якая вядзе да стэнда з інфармацыяй для студэнтаў (а менавіта тут будуць здымаць сцэну “Універсітэт. Яна сустракае Рыгора. Размова пра Мікіту”), стаяць два вагончыкі. “Тут акцёры частуюцца гарачай гарбатай, — гаворыць дырэктар здымачнай пляцоўкі, а ў недалёкім мінулым артыст беларускай эстрады Сяргей Мінскі. — Халады наступілі, а ў кадры акцёр не павінен дрыжаць”. — Як жа вы трапілі ў праект? — пытаюся ў Мінскага.— Захапіла ідэя праекта, а таксама той факт, што сцэнарыст — Андрэй Курэйчык, а рэжысёр фільма — Дзмітрый Марынін, — прызнаецца спявак. — Для ўдзелу ў “Вышэй за неба” прыйшлося “наступіць на горла ўласнай песні”. На восень планаваўся мой канцэртны тур па гарадах Беларусі, але дзеля першага беларускага маладзёжнага серыяла прыйшлося маю праграму вялікага вяртання на сцэну адкласці. ...Ва ўтульным пакойчыку за столікам перад ноутбукам сядзіць сцэнарыст і крэатыўны прадзюсар серыяла Андрэй Курэйчык. “Заходзьце, калі ласка, — запрашае ён праглядзець зняты матэрыял для першай серыі. — Зараджаецца гісторыя кахання і ўсяго таго, што гэта салодкае і ў той жа час з прысмакам горычы пачуццё можа прынесці. Гэтай кінакарцінай мы пакажам ўсю палітру сённяшняй беларускай моладзі. Гэта будуць і артысты — у здымках прымуць удзел шоумен Яўген Булка, лідар гарту “J-Морс” Уладзімір Пугач, спявачка Венера, рэпер Вінсэнт, а таксама вядомыя спартсмены — чэмпіёнка свету па плаванні (Шанхай-2011) Аляксандра Герасіменя, вядомая біятланістка Дар’я Домрачава і іншыя. Дзякуючы гэтаму фільму ў нас ёсць магчымасць зафіксаваць у беларускім летапісе, якая яна, беларуская моладзь сёння”. Андрэю Курэйчыку для ўдзелу ў кінапраекце прыйшлося адмовіцца ад работы ў расійскай навагодняй кінакарціне “Ёлкі-2” і ад шмат якіх яшчэ спакушальных па суме ганарараў расійскіх кінаработ. Але вядомы сцэнарыст аддаў перавагу менавіта айчыннаму кіно. Чаму?“Мяне “падкупіла” сама ідэя ўдзелу ў беларускім кінапраекце, — гаворыць ён. — Дагэтуль у мяне было шмат работ у беларускім тэатры, дзесяць работ у расійскім кіно і ніводнай на радзіме. Перад серыялам “Вышэй за неба” не стаіць задача “адбіць” затрачаныя сродкі. Таму мы можам поўнасцю акунуцца ў атмасферу творчасці. У нашым фільме будуць прадстаўнікі розных слаёў масавай культуры Беларусі. Не прыйшлося іх выдумляць. Мы іх бралі з рэальнага жыцця. Напрыклад, клавішнік рок-гурта ў кіно і ў звычайным жыцці размаўляе толькі на роднай мове”.
“Каб не страціць святое штосьці...”
Андрэй просіць спыніць кадр са сцэнай шчырай размовы бацькі галоўнага героя з сынам. Калі юнак даведваецца пра свой дыягназ і перад ім паўстае выбар: скаціцца на край бездані або пераадолець свой страх і ісці наперад да пастаўленай мэты — дасягнуць поспеху ў музыцы, знайсці сапраўдных сяброў і каханне свайго жыцця, на дапамогу Мікіце ў такі нялёгкі час прыходзіць бацька (ролю выконвае акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра Віктар Рыбчынскі). “Разрыў” пакаленняў насамрэч існуе і сёння, — упэўнены Курэйчык. — Ствараючы сцэнарый карціны, пісаў мадэль адносін паміж бацькамі і дзецьмі. Майму сыну Глебу зараз чатыры гады, ён, дарэчы, таксама прымаў удзел у адным з эпізодаў. І мне не ўсё роўна, на якія ідэалы ён у сваім жыцці будзе арыентавацца”. Сцэну размовы паміж бацькам і сынам, якія павінны пайсці адзін аднаму насустрач, каб “не страціць святое штосьці”, здымалі на Дубровенскім возеры пад Мінскам. Маляўнічасць беларускіх ландшафтаў — яшчэ адна адметная рыса “Вышэй за неба”. Выканаўцы роляў серыяла былі адабраны ў час кастынгу, які праводзіўся офісам ПРААН. У ім прынялі ўдзел паўтары тысячы чалавек з трыццаці гарадоў краіны. Каб зрабіць канчатковы выбар акцёраў, стваральнікі маладзёжнага серыяла правялі сацыялагічнае даследаванне ў рэгіёнах Беларусі і толькі тады вызначыліся з выканаўцамі роляў. Сярод іх большасць — студэнты ВНУ, прадзюсары, музыканты, журналісты.У галоўнай ролі, ролі Мікіты — Леанід Пашкоўскі. Ён родам са Жлобіна. У школьныя гады займаўся ў тэатральнай студыі пры РДК. У БДЭУ атрымаў дыплом эканаміста, але не забываўся пра сваё тэатральнае альтэр-эга, супрацоўнічаў з Беларускім свабодным тэатрам. Да здымак у кіно паспеў яшчэ пабыць рэдактарам аднаго з інтэрнэт-часопісаў. Калі нарэшце выстаўлена асвятляльная тэхніка, акцёраў просяць настроіцца на працу. Алеся Грыбок, якая выконвае ролю Яны — стыльнай дзяўчыны з цвёрдым характарам, скідае з плячэй цёплы плед і ідзе на сваю “пазіцыю”. “Камера! Матор!” Сцэну здымаюць з другога дубля. Вось прыгажун-вакаліст рок-гурта Стасік, ролю якога выконвае Аляксей Яравенка. Паводле сюжэта фільма, галоўны герой Мікіта вядзе з ім барацьбу за лідарства. Аляксей у наступным годзе заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “акцёр тэатра і кіно”, але на кастынгу, прызнаецца, вельмі хваляваўся. “Для мяне здымкі ў кіно — стрэсавы працэс, — гаворыць Лёша. — Але ў час работы ў серыяле “Вышэй за неба” атрымліваю толькі задавальненне”.“Для мяне гэты праект цікавы сваёй тэмай, — гаворыць адзіны прафесійны малады акцёр на пляцоўцы Іван Трус. — Мы сваімі ролямі ў гэтым фільме”выратоўваем” жыцці людзей, якія сутыкнуліся з дыягназам ВІЧ-інфекцыі. І гэта не пафасныя словы, а заклік працягваць жыць, радавацца ўсім яго праявам”.Ці зможа Мікіта ўзняцца над сваім страхам, набыць свабоду духу, адказнасць за сябе і сваіх блізкіх, знайсці сапраўдных сяброў і каханне? А што яшчэ можа быць вышэй за неба!