Маэстра з Камеліяй, або Дзіўная сімфонія аднаго рода

Источник материала:  
Масквіч Аляксандр Анісімаў, якому нядаўна прысвоена званне народнага артыста Беларусі, аказаўся ў свой час на беларускай зямлі зусім не выпадкова
Маэстра з Камеліяй, або Дзіўная сімфонія аднаго рода
Жыццё — такое шматмернае! Кожны гук, мусіць, пакідае нейкую адмеціну, “доўгае рэха” ў прасторы, ужо не кажучы пра нашы ўчынкі, памкненні. Пра гэта думалася нядаўна ў Беларускай дзяржфілармоніі, калі аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава выконваў Другую сімфонію, ці Сімфонію Уваскрасення Густава Малера. Адкрываўся новы канцэртны сезон і, здавалася, сама Вечнасць пульсавала ў зале. “Філасофскія развагі кампазітара пра жыццё, лёс і смерць” — такім чуюць велічны твор музыказнаўцы. Услед за аўтарам, аркестрам, Каўнаскім дзяржаўным хорам, салісткамі з Расіі Ірынай Крыкуновай і Надзеяй Бабінцавай і мінская публіка судакраналася з таямніцамі быцця. А дырыжор быццам ажыўляў сваёй чароўнай палачкай нітку-плынь гукаў з іншай рэальнасці...
Мудрыя заўважылі: мы робім справу, а яна — нас... І паміж дырыжорам і музыкай заўсёды існуе містычная сувязь. Маэстра Аляксандр Анісімаў служыць музыцы прыгожа, ахвярна, самааддана, і яна вядзе яго па жыцці, як чароўная нітка Арыядны. У 1980-м яго, масквіча па нараджэнні, выпускніка Ленінградскай і Маскоўскай кансерваторый, які пяць гадоў адпрацаваў у Ленінградзе, запрасілі галоўным дырыжорам у Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. А ў 2001-м, у верасні, Анісімаў узначаліў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, паспяхова кіруе ім па гэты час. Сёлета маэстра атрымаў званне, якога, безумоўна даўно заслугоўвае: народнага артыста Беларусі.
Чаму менавіта з гэтай зямлёй звязаў яго лёс? Выпадковасць? Збег абставінаў?
Маэстра лічыць: ёсць цікавыя акалічнасці, якія быццам вялі яго па лёсе ў Беларусь. “Тут, у сваім другім родным доме, я ўжо больш за 30 гадоў, — падзяліўся думкамі дырыжор. — Адлучаўся на некаторы час, амаль пяць год жыў у Расіі, шмат гастралюю па свеце і цяпер, ды ўсёй душой прыкіпеў да гэтай гасціннай зямлі. Мяркую, мы паядналіся не выпадкова. На тое ёсць прынамсі дзве прычыны. Па-першае, мая мама, лейтэнант Заварыкіна Вера Аляксандраўна, была ў ліку тых, хто вызваляў Беларусь: пад час вайны яна служыла афіцэрам у штабе маршала Ракасоўскага. А ён, як вядома, камандаваў Першым Беларускім фронтам, яго штаб і распрацоўваў, і праводзіў аперацыю “Баграціён”, калі ў 1944-м выганялі акупантаў. Я пра тое ведаў з дзяцінства, з маміных расказаў, і мамай сваёй вельмі ганарыўся”.
Пэўна, той след дабрыні, які пакінула па сабе ў Беларусі мужная і адначасова чуллівая душой масквічка, і паўплываў некалі на жыццёвы выбар яе сына. Ды, высвятляецца, ёсць і больш глыбокае “рэха” ў гэтага рода на нашай зямлі. “Па-другое, мая мама паходзіць са старажытнага шляхецкага роду Жукоўскіх, — прадаўжае Аляксандр Міхайлавіч. — І толькі зусім нядаўна я даведаўся, што род гэты, як ні дзіўна, сваё паходжанне мае з Беларусі”. Сапраўды, у гістарычных крыніцах пра Жукоўскіх з беларускіх зямель можна знайсці нямала цікавых звестак, а прозвішча гэтае, сцвярджаюць даследчыкі, і сёння вельмі пашырана на прасторах былога Вялікага Княства Літоўскага.
Так сталася, што Беларусь і музыка разам... дапамаглі Анісімаву знайсці ў Мінску і абранніцу: лёс вывеў яго да Камеліі Хмяльніцкай. Яна якраз працавала салісткай балета ў тэатры, калі Аляксандр стаў там галоўным дырыжорам. У хуткім часе яны пажаніліся. Вядомая ў мінулым балерына — родам з Баранавіч, што на Брэстчыне. Там, расказаў дырыжор, і цяпер жыве яе дзядзька, у сям’і Хмяльніцкіх быў свой вялікі дом і прыгожы сад, куды маэстра збіраецца “абавязкова калі-небудзь выбрацца ў госці”. Пакуль, праўда, шляхі ягоных гастроляў, іншых творчых праектаў вядуць значна далей: праз Ірландыю і Карэю, Англію і Францыю, а таксама Іспанію, ЗША, Аргенціну, Аўстралію і дзясяткі іншых краін ён нязменна вяртаецца ў Мінск.
Маэстра з Камеліяй, або Дзіўная сімфонія аднаго родаДзеці Аляксандра і Камеліі Анісімавых цяпер жывуць за межамі Беларусі. Старэйшая, Насця, скончыла Дзяржкансерваторыю ў Мінску (цяпер — Акадэмія музыкі), працавала ў Тэатры оперы і балета, была хормайстрам у дзіцячай студыі, цяпер — “у Маскве, менеджэр на тэлебачанні”. Люба вучылася ў Мінскім харэаграфічным вучылішчы, працавала “ў Елізар'ева ў нашым балеце”, потым — “маскоўская “Шчука”, тэатр “Ля Нікіцкіх варот” Марка Разоўскага, шмат роляў у кіно і... дом у Падмаскоўі, выхаванне дзяцей”. Дарэчы, Насця і Любы падарылі ўжо Аляксандру і Камеліі трох унукаў: Насця — Максіма, Любаша — Сашу і Машу.
А сын Анісімавых, Саша, якому 24 гады — ужо вядомы ў свеце піяніст, уладальнік першай прэміі на прэстыжным конкурсе Стэйнвэй: яго, як вядома, праводзіць сусветна вядомая кампанія па вытворчасці раяляў і піяніна Steinway & Sons. Вучыўся сын дырыжора ў ірландскім Дубліне, у Парыжскай кансерваторыі, дзе цяпер і сам выкладае. Часам сын і бацька разам сустракаюцца на сцэне ў творчых праектах. Між іншым, Анісімаў-старэйшы раіць Сашу паспрабаваць і дырыжорскага хлеба, кліча вяртацца ў Беларусь.
Ды не будзем прыспешваць час: чароўная сімфонія рода прадаўжаецца...

Іван Ждановіч

←Семь нот для души

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика