"Троіца" і "Ляпис Трубецкой" узначалілі рэйтынг Experty.by

Источник материала:  
14.09.2011 13:08 — Новости Культуры

"Троіца" і "Ляпис Трубецкой" узначалілі рэйтынг Experty.by

Experty.By
"Троіца" і "Ляпис Трубецкой" узначалілі рэйтынг Experty.byСайт Experty.by абвесціў топ-10 лепшых беларускіх альбомаў, выдадзеных у першай палове 2011 года, які быў складзены на падставе адзнак чатырох сталых аўтараў праекта.
 
Першыя два месцы з заўважным адрывам занялі альбомы этна-трыо "Троіца" "Зімачка" (9,5 бала з 10) і гурта "Ляпис Трубецкой" "Веселые картинки" (9 балаў). Гэтыя адзнакі нельга назваць шараговымі – у 2009-2010 гадах лепшыя альбомы па версіі Experty.by атрымлівалі не больш за 8,5 бала. Папярэднія “дзявяткі” былі зафіксаваныя ў 2008 годзе ў тых жа "Ляпісаў" і "Троіцы". Гэткім чынам можна сказаць, што абодва калектывы сваімі новымі працамі яшчэ раз пацвердзілі свой статус артыстаў экстра-класа.
 
"Адзнака дыска "Троіцы" – найлепшая сярод новых альбомаў за ўвесь час існавання праекта. Нават калі ўлічваць архіўныя запісы, то больш у нас атрымаў толькі самы першы альбом ансамбля "Песняры", – адзначае кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны.
 
Абодва дыскі былі запісаныя за мяжой. "Троіца" працавала ў Варшаве з намінаваным на прэмію “Грэмі” гукарэжысёрам Томашам Рагулам, а "Ляпісы" – у Кіеве з вядомым украінскім саундпрадусарам Віталём Цялезіным. Аднак не толькі якасць запісу паўплывала на адзнакі гэтых альбомаў.
 
"Справа перш за ўсё ў творчай унікальнасці абодвух калектываў. У "Троіцы" гэта бліскучая адаптацыя спрадвечных традыцый у сучасным музычным кантэксце і выдатная кампазітарская праца. У "Ляпісаў" – аголены да немагчымага нэрв, крык не адчаю, а прымусу дзейнічаць, адчуць сябе чалавекам, асобаю", – лічыць адзін са сталых аўтараў праекта Зміцер Падбярэзскі.
 
Сайт Experty.by разглядае сучасную беларускую музыку ў стылях рок, поп, фолк і іх адгалінаваннях. Сярод тэндэнцый гэтага паўгоддзя ў дадзеным сегменце эксперты адзначаюць уздым агульнай колькасці выдадзеных альбомаў (з 21-23 у паўгоддзях 2010 года да 29 зараз) і колькасці альбомаў, якія выкладаюцца ў інтэрнет паралельна з CD-рэлізам альбо без яго (з 31% у 2010 годзе да 60% зараз).
 
Альбомы на беларускай мове (38%) у гэтым паўгоддзі ізноў саступілі рускамоўным (48%), пры тым, што ў 2010 годзе ўпершыню за некалькі гадоў назіраўся парытэт. Але розніца не такая вялікая, як раней, – скарацілася з 25-30% у 2008-2009 да 10% зараз.
 
У топ-10 таксама патрапілі альбомы гуртоў Akute, "Серебряная Свадьба", "Петля Пристрастия", Зміцера Вайцюшкевіча, Sounduk, B_Side, Rockerjoker і "Калачиком Рядом". Усе запісы паўгоддзя можна паслухаць на сайце www.experty.by.
←«Перазагрузка-2». Макс Лорэнс — «Зрывае дах»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика