Драмтэатр імя Якуба Коласа згарнуў замежныя гастролі, аднак не падняў кошты на квіткі

Источник материала:  
08.09.2011 18:12 — Новости Культуры

Драмтэатр імя Якуба Коласа згарнуў замежныя гастролі, аднак не падняў кошты на квіткі


7 верасня пачаўся новы творчы сезон у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Па традыцыі ён адкрыўся неўміручай камедыяй “Несцерка”, якую за 70 гадоў на коласаўскай сцэне давалі ўжо болей за тысячу разоў. Гэты год для калектыву адметны тым, што 22 лістапада тэатр адзначыць 85-годдзе з дня свайго заснавання. Напярэдадні ў тэатры адбылася прэс-канферэнцыя, на якой супрацоўнікі гэтай установы культуры падзяліліся з журналістамі творчымі планамі і праблемамі.

Драмтэатр імя Якуба Коласа згарнуў замежныя гастролі, аднак не падняў кошты на квіткі
Прэс-канферэнцыя ў Тэатры імя Якуба Коласа

Коласаўцы згарнулі замежныя гастролі, аднак не паднялі кошты на квіткі

Як прызнаўся дырэктар віцебскага драмтэатра Рыгор Шацько, яго як кіраўніка найперш хвалюе, “каб у гэты юбілейны год тэатр выканаў план па выкананні платных паслуг, каб хапіла грошай людзям на заробкі, на новыя пастаноўкі. Трэба знайсці грошы на рамонт даху, на набыццё новага пульту”.

Драмтэатр імя Якуба Коласа згарнуў замежныя гастролі, аднак не падняў кошты на квіткі
Дырэктар тэатра імя Якуба Коласа Рыгор Шацько

Да таго ж тэатру давялося развітацца з гастролямі за мяжу. “Мы звярнулі ўсе свае міжнародныя гастролі: гэта Адэса, Вільнюс, Санкт-Пецярбург. Гэтыя калектывы да нас прыязджаюць, а мы пакуль не можам. Гэта вельмі сумны факт. Нам гэтага вельмі не хапае, мы прывыклі быць за мяжой. Губляюцца сувязі, парушаюцца  кантракты”, – з сумам адзначыў Р. Шацько. Аднак ён выказаў спадзеў, што коласаўцы змогуць з’ездзіць у Літву: “Думаю, што пасля ўзгаднення курса і з’яўлення валюты ў продажы, магчыма, мы зможам сабраць неабходную суму і ўсё ж такі выехаць хаця б на адны сур’ёзныя гастролі”.

Пры гэтым, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, адміністрацыя тэатра вырашыла не падвышаць кошты на квіткі. “Мы паднялі кошты не намнога – на тысячу рублёў. Білеты на нашы спектаклі будуць каштаваць да 10 тысяч. Наш глядач – гэта і студэнт, і віцебская інтэлігенцыя, і мы не можам ім адмовіць, страціць свайго гледача”, – кажа дырэктар тэатра.

Пасля смерці Рыда Таліпава, які сышоў у лютым гэтага года, Коласаўскі тэатр працуе без мастацкага кіраўніка. Як адзначыў Рыгор Шацько, у бліжэйшы час Міністэрства культуры Беларусі павінна вызначыць, хто будзе займаць гэту пасаду. Мінкульт разгледзіў шмат кандыдатур, пры гэтым улічвалася меркаванне і супрацоўнікаў тэатра.

У новым сезоне коласаўцы збіраюцца парадаваць гледачоў пяццю прэм’ерамі.

Гэта музычная казка "Сіўка-Бурка" у пастаноўцы рэжысёра з Брэста Яўгенія Тарасава, казка “Як воўк мамай быў” (рэжысёр Вячаслаў Грушоў), спектаклі "Лясная песня" па Лесі Украінцы (рэжысёр Юрый Лізянгевіч), “Нельга забыць” па Уладзіміру Караткевічу (рэжысёр Міхась Краснабаеў) і "Доктар фiласофii" па Браніславу Нушычу (рэжысёр запрошаны).

Аднак ужо зусім хутка тэатралы змогуць убачыць дзве новыя працы коласаўцаў: 14 і 24 верасня на камернай сцэне будзе прадстаўлены трагігратэск "Маленькі свет" Алены Паповай ў пастаноўцы Таццяны Сядовай. А 15 верасня на галоўнай сцэне пакажуць меладраматычную камедыю "Я чакаю сапраўднага мужчыну" па матывах п’есы Эдварда Радзінскага "Прывабная жанчына з кветкай і вокнамі на поўнач" у пастаноўцы Юрыя Лізянгевіча з Тамарай Кабяк у галоўнай ролі.

“Караткевіч нам дапаможа…”

Сярод сёлетніх прэм’ер – спектакль па раману Караткевіча “Нельга забыць”, які збіраецца паставіць таленавіты віцебскі рэжысёр Міхась Краснабаеў. Гэта будзе ўжо трэці ягоны зварот да творчасці легендарнага беларускага пісьменніка (раней Краснабаеў паставіў “Вераб’іную ноч” і “Ладдзю роспачы”).

“Твор “Нельга забыць” цікавы тым, што ён вельмі аўтабіяграфічны. Перажыванні галоўнага героя – гэта сам Караткевіч, яго светапогляд, яго адносіны да Радзімы, жанчыны, кахання, жыцця”, – кажа рэжысёр. І прызнаецца: “Я вельмі люблю Караткевіча: ён рамантык і ў яго вельмі прыгожая, інтэлігентная мова. У адрозненні ад некаторых сучасных аўтараў, якія пішуць беларускай небеларускай мовай. Насамрэч наша мова мяккая, павольная, прыгожа ліецца. Нам трэба яе захаваць, і я думаю, што Караткевіч нам у гэтым дапаможа. Трэба ўзгадваць яго часцей”.

“Тэатр існуе ў небяспечнай зоне…”

Яшчэ адзін коласаўскі рэжысёр – Юрый Лізянгевіч, адзначыць у кастрычніку свой юбілей. У тэатры адбудзецца творчы вечар “Лінія жыцця”, прысвечаны гэтай падзеі. На вечарыне Лізянгевіч прыме віншаванні, адкажа на пытанні гледачоў, будуць прадстаўлены ўрыўкі з ягоных спектакляў. Дарэчы, імпрэза ў гонар рэжысёра пройдзе ў тэатры імя Я.Коласа ўпершыню.

У гэтым годзе Лізянгевіч збіраеца працаваць над спектаклем “Лясная песня” па п’есе Лесі Украінкі. “У гэтым творы сапраўдная, кранальная, вельмі чыстая гісторыя пра каханне. Вечнасць зместу п’есы – каханне – вельмі важная, і небяспечна гэту тэму забіць расфарбоўкай, заспяваць і затанцаваць”, – дзеліцца рэжысёр сваім бачаннем будучай пастаноўкі.

Юрый Лізянгевіч таксама выказаў цікавую думку наконт ролі тэатра: “Тэатр існуе ў небяспечнай зоне. Таму што там, дзе чалавек, заўсёды жарсці, там каханне, зайздрасць, зладзейства… А жарсці – гэта ўсё небяспечная зона. Калі па вуліцы добра хадзіць, бяспечна, то ў тэатр трэба прыходзіць, як у небяспечную зону. І тады ёсць аб чым размаўляць. Тэатр не павінен пераўтварацца толькі ў месца баўлення часу. Гэта яшчэ месца культуры, духоўнага насычэння. І хочацца ісці па гэтым шляху…”

Коласаўцы пазмагаюцца за беларускую “Залатую маску”

З 4 па 10 кастрычніка па ініцыятыве Міністэрства культуры краіны ў Беларусі ўпершыню пройдзе конкурс на нацыянальную тэатральную прэмію (нешта накшталт беларускай “Залатой маскі”). Сярод 12 удзельнікаў конкурсу будзе і тэатр імя Я.Коласа. На сцэне мінскага Музычнага тэатра ён прадставіць спектакль “Квартэт” па п’есе Рональда Харвуда ў пастаноўцы былога мастацкага кіраўніка тэатра Рыда Таліпава. У спектаклі іграюць знакамітыя артысты-коласаўцы: Святлана Акружная, Тамара Скварцова, Рыгор Шацько, Віктар Дашкевіч, Пятро Ламан.  

←Финал "Мисс Минск-2011" перенесен на 9 сентября

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика