«Колькі вы радасці людзям прынеслі, колас жытнёвы і Колас-паэт…»

Источник материала:  
ПАПРЫГАЖЭЎ, расквітнеў горад. Нібы памаладзелі дзіцячая і цэнтральная раённая бібліятэкі, раённы Цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці і цэнтральная вуліца — Кастрычніцкая. Гарадскі сквер цалкам абнавіўся і прываблівае ўсё больш новых наведвальнікаў: а як жа, тут можна адпачыць на ўтульных лавачках, пад сімпатычнымі ліхтарамі... Новы воблік у мясцовага кінатэатра. А на свята ў цэнтры горада падрыхтаваны чарговы сюрпрыз — упершыню забурліць фантан. У каго з мясцовых жыхароў ні спытай аб пераўтварэннях, яны адказваюць: «Вельмі радуюць такія змены…» Тут, на Ганцаўшчыне, у найпрыгажэйшым куточку Беларусі, чакаюць на Дзень беларускага пісьменства прадстаўнікоў міністэрстваў, пасольстваў: Індыі, Ірака, Казахстана, Кубы, Кітая, Карэі, Палесціны, Расіі, Украіны, Славакіі. Запрошана мноства паэтаў, пісьменнікаў, журналістаў, выдаўцоў, работнікаў культуры...

Урачыстая Божая літургія ў Свята-Ціханаўскай царкве адкрывае свята ў Ганцавічах 4 верасня. Чакаюць тут і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха ўсея Беларусі. А напярэдадні ўдзельнікі рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга завяршылі сваё паломніцтва ў ганцавіцкай вёсцы Малькавічы. Урачысты малебен, перадача Агню на свечы прыхажан, пасадка алеі з 18 туй (таму што экспедыцыя — васямнаццатая) — адзін з вынікаў экспедыцыі…

Вялікі след ад ХХІ стагоддзя

— Напэўна, кожнае свята рыхтуе сваю  разынку. Ёсць яна і ў нас. Расказваць пра яе напярэдадні падзей — нецікава, лепш захаваць інтрыгу, — зацікаўлівае Уладзімір Столяр, старшыня Ганцавіцкага райвыканкама. — Дзень беларускага пісьменства — гэта вялікі гонар і вялікае свята для ганцаўчан. Таму што Ганцаўшчына — пачатак Беларускага Палесся. У нас тут моцныя «карані» беларускасці. Я заўсёды прыводжу такі цікавы прыклад: дзе вы, пытаюся, у якім куточку знойдзеце пастуха, які гоніць кароў на пашу з ільняной торбачкай белага колеру і абавязкова з беларускім арнаментам? А ў нашых вёсках Хатынічы, Люсіна адшукаеце…

Ганцавіцкая зямля багата цікавымі людзьмі. Напрыклад, у Ліпску. Там і ў наш час зімой ткуюць на кроснах. І бабулі лічаць за абразу, каб унучка, якая падрастае, калі будзе выходзіць замуж, купляла прамысловы рушнік… Паедзьце ў нашы Раздзялавічы. Там здзіўляе фальклорна-этнаграфічны гурт «Завіца», які занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Удзельнікам калектыву па восемдзясят гадоў і болей, а яны як завядуцца на сцэне, не спыніць! Спяваюць з задавальненнем… А ў Хатынічах паэтэса Ніна Кавальчук, якая працуе сацыяльным работнікам, піша цудоўныя вершы, у яе гонар землякі нават ладзілі імпрэзу, стварылі сапраўднае свята вёскі. Пра ўсе таленты і не распавя- дзеш!.. Таму нездарма такое значнае мерапрыемства праходзіць у Ганцавічах.

Якуб Колас пісаў: «Калі я прыехаў у вёску, сярод якой была вялікая лужына…» — гэта пра нашу вёску Люсіна. А назваў ён яе ў творы Цельшына... Мы, ганцаўчане, ганарымся, што пасля заканчэння Нясвіжскай семінарыі першае працоўнае месца Якуб Колас атрымаў на Ганцаўшчыне. І першая частка «У палескай глушы» трылогіі «На ростанях» напісана пра нашу, ганцавіцкую, зямлю.

Які след пакіне Дзень беларускага пісьменства ў Ганцавічах? Вялікі. Паглядзіце, што мы зрабілі ў горадзе! Мы адкрываем Алею пісьменства. А яшчэ і помнік Якубу Коласу. Між іншым, не вельмі шмат ёсць манументаў у Беларусі, прысвечаных нашаму вядомаму класіку.

Знакамітыя землякі на Алеі пісьменства

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства карэспандэнтам «БН» пашчасціла пабачыць новенькую кнігу «Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных».

— Яе стварыў наш зямляк, паэт-пісьменнік Віктар Гардзей. Гэта выданне — найлепшы падарунак ганцаўчанам і гасцям свята, — расказвае Лідзія Занька, загадчык аддзела ідэалагічнай работы Ганцавіцкага райвыканкама. — «Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных» — нарыс пра людзей вёскі Люсіна, дзе жыў і працаваў беларускі пясняр Якуб Колас. А яшчэ аповеды пра помнікі гісторыі, археалогіі, народнага дойлідства і культуры, пра народныя калектывы, майстроў, легенды і паданні палескага краю, нататкі пра знакамітага земляка-этнографа Аляксандра Сержпутоўскага — ура- джэнца хутара Сержпутоўшчына каля вёскі Чудзін. Значнае месца адведзена творчасці паэтаў і пісьменнікаў Ганцаўшчыны.

Дарэчы, напярэдадні Дня беларускага пісьменства выда- дзены і кніга-альбом «Ганцавічы. Традыцыі шчодрай зямлі», і буклет «Праваслаўныя храмы Ганцаўшчыны».

— Адкрыццё Алеі пісьменства — галоўная падзея свята. Над гэтым праектам працавалі брэсцкі архітэктар Ірына Вайтэнка, скульптары Павел Герасіменка і Алеся Грушчанкова. А яшчэ ў нас з’явіліся два скруткі-манументы з прозвіш- чамі нашых знакамітых паэтаў і пісьменнікаў. Іх восем: Аляксандр Сержпутоўскі, Васіль Праскураў, Міхась Рудкоўскі, Віктар Гардзей, Уладзімір Марук, Іван Кірэйчык, Алесь Каско, Іван Лагвіновіч, — кажа Лідзія Занька.

Літаратурнае “гняздо”

Заглядваем у Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей.

— Наша Ганцаўшчына — літаратурнае «гняздо»! — упэўнена дырэктар Ала ЗАНЬКА. — У нас мерапрыемстваў такога вялікага рэспубліканскага маштабу не было, і хоць ведалі, што з нагоды Дня беларускага пісьменства нам прыйдзецца шмат працаваць, усё роўна ўяўлялі, якім будзе задавальненне ад нашай работы.

Да Дня беларускага пісьменства ў музеі падрыхтавалі цікавую лекцыю «Ганцавічы ўчора і сёння» (а пачынаюць аповед аж з 1882 года, калі імператар Аляксандр III пабываў на Палессі), адпрацавалі некалькі экскурсійных маршрутаў. Напрыклад, па ўнікальным азёрам, месцам воінскіх пахаванняў.

…Сядзіба пана Свяжынскага ў вёсцы Агарэвічы. Тут пралягае маршрут «Гісторыка-культурная спадчына Ганцаўшчыны». Турыстаў здзіўляюць і курганныя магільнікі — іх на тэрыторыі раёна больш за 100. А ў вёсцы Вялікія Круговічы месціцца сядзіба Абуховічаў. Яшчэ адна з мясцовых легендарных славутасцей — дуб у мясцовым парку, якому 700 гадоў! Яго ледзьве абдымаюць аж 6 чалавек. А такіх вялізных валуноў, як тут, нідзе не пабачыш. Адзін важыць тон 30, другі — каля 150…

Адметны маршрут — «Ганцаўшчына літаратурная». Ён праходзіць па мясцінах, дзе нарадзіліся і выраслі пісьменнікі. Вёска Малыя Круговічы — малая радзіма Віктара Гардзея. Экскурсанты трапляюць на вуліцу, названую ў яго гонар, фатаграфуюць дом, дзе ён нарадзіўся. У вёсцы Востраў месціцца музей, якім загадвае пляменніца Міхася Рудкоўскага. У вёсцы Гута стваралі свае першыя творы Уладзімір Марук, Іван Кірэйчык….

Усё памятаюць люсінскія дубы...

На Дзень беларускага пісьменства ў музей запрашае выстаўка, якая прыязджае з Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Мінска. Аж да 15 кастрычніка ўсе вучні раёна могуць пазнаёміцца з рукапісамі, карцінамі, асабістымі рэчамі Коласа, фотаздымкамі.

Безумоўна, у гэтыя дні, як і заўсёды, цікавіць турыстаў і маршрут па сцежках дваццацігадовага Якуба Коласа. Ля памятнага знака вёскі Люсіна раней стаяла драўляная школа, у якой выкладаў будучы класік беларускай літаратуры. Цяпер ад будынка засталося толькі некалькі драўляных вянкоў. Экскурсаводы распавядаюць, як легендарны настаўнік прыехаў сюды ў 1902 годзе, рамантаваў установу адукацыі, сабраў вучняў на заняткі. Дзеці цягнуліся да маладога настаўніка. Са школьнай старожкай бабкай Мар’яй Колас любіў гутарыць аб жыцці…

А калі паехаў з Люсіна, доўгі час перапісваўся з вучнямі. Пасля вайны яны прыслалі свайму любімаму настаўніку ліст, каб дапамог пабудаваць новую школу. І ён чым мог, дапамог. У 1967 годзе вёска атрымала трохпавярховую ўстанову адукацыі. Люсінская школа мае музей, прысвечаны Якубу Коласу, які адкрывалі да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Недалёка ад вёскі — каля возера — час пашкадаваў і збярог дубы, дзе адбываліся сустрэчы Коласа з каханай дзяўчынай. Пад вялізным дрэвам ён чытаў вершы любай Ядвісі, расказваў цікавыя гісторыі.

…«Два каласы, дзве праўдзівыя песні. Поплеч, як сёстры, ідуць яны ў свет. Колькі вы радасці людзям прынеслі, колас жытнёвы і Колас-паэт…» — расказваюць юныя экскурсаводы ў школьным музеі. Тут нават захаваліся партрэты першых вучняў Коласа: Піліпа Цялушкі, Сямёна Цялушкі, Міхаіла Занькі, Фёдара Рылкі, Сямёна Сенюковіча, Івана Занькі.

У школе ёсць дзеткі, якія пішуць вершы, іх называюць паслядоўнікамі Якуба Коласа. Вядома, ніколі не згасне ў Люсіна памяць аб вялікім песняры. Усё тут напамінае аб ім. Галоўная вуліца носіць імя Якуба Коласа, прыпынак на чыгунцы — таксама. А мясцовы СВК называецца «Цельшына», крамы — «На ростанях», «У Ядвісі»…

Граматны настаўнік

Жыве ў Люсіна Марыя Паўлаўна Занька. Яна — выдатная вышывальшчыца. За сваё майстэрства «трапіла» ў кнігі, запрашаюць яе на розныя святы. Вось і цяпер, у Дзень беларускага пісьменства, пра яе не забыліся. «Я з 1923 года. Маладая дзяўчына! — жартуе Марыя Паўлаўна. — У нашыя гады было так: калі не ўмееш вышываць, замуж не пойдзеш».

Яшчэ помніць бабуля, як яе дзед Якаў расказваў, што яго сам Якуб Колас вучыў:

— Я вырасла і два гады хадзіла ў школу, у якой працаваў Колас. Казалі, што ён быў стройны, высокі і надта граматны настаўнік! Такіх у нас не было! У вёсцы ўсе яго ўспаміналі як добрага чалавека. Казалі: «Каб такіх радзілася больш!» Яго навука вельмі дапамагла вяскоўцам…

На добры ўспамін

Гасцям ганцавіцкага рэспубліканскага свята будуць дарыць кнігі Якуба Коласа «На ростанях». А шыкоўныя драўляныя медалі, дыпломы атрымаюць тыя, хто шмат працаваў на падворках, выставах, прымаў удзел у конкурсах літаратурных, спартыўных, па добраўпарадкаванні, якія стартавалі да Дня беларускага пісьменства. Сярод сюрпрызаў-падарункаў — адмысловыя лялькі-ганцаўчанкі. Іх стварыла настаўніца Ніна Бабок. А дапамог ёй мясцовы мастак Іван Караленка.

— Наша зямля славіцца вышыўкай, таму фартух у лялькі вышыты. І намітка на галаве, і спадніца, — дэманструе сваіх прыгажунь Ніна Міхайлаўна. — Кожнай сваёй ляльцы я заплятала касу і наказвала, каб яна несла дабро, аберагала свайго гаспадара, і каб госці не забывалі нашу малую радзіму.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

←Сначала было Слово

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика