Прыватныя рэчы галоўнага целаахоўніка Сталіна паступілі ў слонімскі музей
Прыватныя рэчы галоўнага целаахоўніка Сталіна паступілі ў слонімскі музей
Народная газетаУ пачатку 1950-х гадоў над генералам Уласікам пачалі “згушчацца хмары”. Асноўную ролю ў краху яго кар’еры і самога жыцця сыграў Берыя, якім была сфабрыкавана справа дактароў санітарнага ўпраўлення Крамля, што нібыта хацелі атруціць правадыра. Па гэтай справе праходзіў і Мікалай Уласік, якога ў 1952 годзе арыштавалі. Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прызнала яго вінаватым у злоўжыванні службовым становішчам. Згодна з прыгаворам, Уласік быў пазбаўлены звання генерал-лейтэнанта. У яго забралі ўсе ўзнагароды і выслалі ў Краснаярск. І толькі дзякуючы дачцэ Надзеі Уласік-Міхайлавай пастановай Вярхоўнага суда Расіі ад 28 чэрвеня 2000 года прыгавор у адносінах да Мікалая Уласіка быў адменены і крымінальная справа спынена з-за адсутнасці складу злачынства.
Цяпер дачка галоўнага целаахоўніка Сталіна Мікалая Уласіка пажадала, каб памяць пра бацьку захавалася хоць на яго радзіме. Дарэчы, у 1940-я гады Мікалай Уласік вельмі часта бываў у роднай вёсцы Бабынічы на Слонімшчыне. Шмат дапамагаў сваякам і землякам. Сваіх уласных дзяцей у генерала не было, а Надзея — гэта дачка яго роднай сястры, якую ён удачарыў і якая лічыць Мікалая Уласіка сваім родным бацькам.
У тэму
Тры факты з жыцця Мікалая Уласіка
Мікалай Уласік — былы унтэр-афіцэр Расійскай арміі, які ў 1917 годзе перайшоў на бок рэвалюцыі, даўжэй за ўсіх (з 1931 года па 1952) пратрымаўся на афіцыйнай пасадзе галоўнага целаахоўніка Іосіфа Сталіна. Па ўспамінах Святланы Сталінай, Уласік фактычна з 1919 года знаходзіўся побач з яе бацькам.
У 1935 годзе ў Крыме ў час замаху на жыццё Сталіна, калі лёгкі прагулачны катэр правадыра быў нечакана абстраляны з берага, Уласік закрыў яго сваім целам і нават арганізаваў кулямётны агонь у адказ.
Аб адданасці Уласіка Сталіну хадзілі легенды. Пасля асуджэння за яго ўступіліся маршалы Жукаў і Васілеўскі. На допытах спачатку нават не адважваліся прымяняць да яго звычайныя тады “меры ўздзеяння”. Але заступніцтва маршалаў не дало выніку, а кіраўніцтву НКУС Сталін асабіста зрабіў разнос: чаму не прымяняюць да ворага народа катаванні? І тым не менш, нават прайшоўшы праз усе жахі рэпрэсіўнай машыны, сам Уласік да смерці ніколі не асуджаў Сталіна і заўсёды ўспамінаў аб ім з цеплынёй.