Творчыя памкненні адчуваюць землякі

Источник материала:  
У літоўскім горадзе атамшчыкаў — Вісагінасе — пражывае шмат беларусаў. Cпецыялісты-ядзершчыкі, вучоныя, будаўнікі шмат гадоў працавалі на Ігналінскай АЭС. На пачатку 90-х гадоў у горадзе ўзнік беларускі культурны цэнтр “Крок”, а пасля і самадзейны ансамбль “Світанак”. Амаль два гады таму атамную станцыю закрылі. Змянілася і жыццё людзей: многія вымушаны былі шукаць новую працу, нехта пераехаў у іншы горад ці нават краіну, хтосьці пачаў свой бізнес. А вось беларускі рух не спыніўся, наадварот, як кажуць, набраў абароты.
Творчыя памкненні адчуваюць землякіПачалося ж усё з выпадку. Неяк цяперашні каардынатар цэнтра “Крок” Алег Давідзюк трапіў у Мінск на Першы з’езд беларусаў свету, які праходзіў у 1993 годзе. Паслухаў выступленні ўдзельнікаў і так захапіўся ідэяй беларускасці, што адразу пасля вяртання ў Вісагінас прыняўся за справу. На дварэ быў ліпень, але ўжо ў верасні ў адной з вісагінасаўскіх школ з’явіўся першы беларускі клас. Алег Аляксандравіч знайшоў і бацькоў, якія захацелі аддаць сваіх дзяцей вучыцца ў ім, і настаўніцу — Таццяну Латышонак. Сёння ў гэтым літоўскім горадзе стала працуе нядзельная беларуская школа, часта і гучна нагадвае пра сябе і тутэйшы ансамбль “Світанак”.
Дарэчы, гэты самадзейны калектыў, заўважае Алег Давідзюк, унікальны. У ім няма ніводнага прафесійнага выканаўцы. Гурт трымаецца на любові да роднай песні, да творчасці, а таксама — на таленце ўдзельнікаў. На працягу трынаццаці гадоў існавання ансамбля нязменныя салісты — Сяргей Шабадалаў, Анатоль Мялешка, Валянціна Маліноўская, Рыма Канаплёва, Раіса Кроха. Вызначаюцца яркай творчай самабытнасцю і музыкі: гарманіст Міхаіл Бадоба, скрыпачка Святлана Ніклійскайтэ, барабаншчык Віктар Чайкоўскі. Асаблівы подых даўніны прыўносіць сваім майстэрствам цымбалістка Святлана Каладэнская. “Цымбалы ў ансамблі сапраўды вельмі старыя, — хваліцца мастацкі кіраўнік ансамбля “Світанак” Людміла Віткоўская. — Пасля выступленняў гледачы падыходзяць, пытаюцца, што гэта за інструмент, як называецца, як на ім навучыцца граць. Цымбалы ж рэдка цяпер дзе можна пачуць”.
У рэпертуары калектыву больш за сто песень, як народных, так і сучасных эстрадных. “Я вельмі ўдзячна ўсім артыстам, — прызнаецца Людміла Віткоўская, — за тое, што яны на рэпетыцыі знаходзяць час. Раней было прасцей: амаль усе працавалі на Ігналінскай АЭС. Пасля работы збіраліся на гадзіну-другую паспяваць, патанчыць. Цяпер кожны сам па сабе. Нехта едзе на рэпетыцыю праз увесь горад, а некаторыя ўвогуле прыязджаюць з іншых куткоў краіны. Збіраемся цяпер адзін раз на тыдзень, у нядзелю, але займаемся па тры-чатыры гадзіны”. І такія сустрэчы маюць сэнс. “Світанак” вядомы не толькі ў Літве. Не аднойчы артысты пабывалі з гастролямі ў Латвіі, Эстоніі, Расіі, ладзілі турнэ па Скандынаўскіх краінах — Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі. Аднак больш за ўсё артысты “Світанка” любяць бываць, канешне ж, у Беларусі. Вось і сёлета калектыў пабываў на Радзіме ўжо двойчы: удзельнічаў у фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” і ў Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету.Творчыя памкненні адчуваюць землякі “Мы выступалі ў многіх еўрапейскіх краінах. Гледачы нас добра прымаюць усюды, — гаворыць Людміла Віткоўская, — І апладзіруюць нам, хоць не заўсёды разумеюць сэнс песень. Толькі беларускія слухачы тонка адчуваюць нашы творчыя памкненні. Гэта вельмі імпануе артыстам. Тут мы падсілкоўваемся энергіяй і імкнёмся не расчараваць нікога”.
Для Людмілы Віткоўскай заўсёды хвалююча выступаць на фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Справа ў тым, што яна сама нарадзілася ў гэтым невялічкім беларускім горадзе, там прайшло яе маленства, там дагэтуль жывуць бацькі. “Многія дубровенцы памятаюць мяне, ведаюць маіх родных, — гаворыць суразмоўца. — Я не маю права выступіць дрэнна. На маёй малой радзіме “Світанак” успрымаецца як свой, дубровенскі...”

Кацярына Мядзведская

←Поет и летает

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика