Наша хата — песнямі багата

Источник материала:  
Каля дзвюх тысяч прадстаўнікоў дыяспар удзельнічала ў фэсце самадзейнай творчасці нацыянальных аб’яднанняў Цюменскай вобласці. І нашы землякі там былі ў вялікай пашане.
Наша хата — песнямі багатаПагадзіцеся, свята на адкрытай пляцоўцы — заўсёды непаўторнае. У ім больш цеплыні, і артысты могуць запрасіць у сваё жывое кола тых, для каго спяваюць, граюць ды танцуюць.
Гэта і ўлічылі арганізатары фэсту ў Цюмені. Спачатку традыцыйны, семнаццаты па ліку, фэст пад назвай “Мост дружбы” ладзіўся ў абласным Палацы нацыянальных культур “Будаўнік”. Там адабралі лепшых. А вялікі гала-канцэрт прайшоў на Цвятным бульвары, у самым цэнтры горада нафтавікоў. Ужо з раніцы на пляцы, вызначаным пад святочную дзею, віравала жыццё, мітусіліся людзі ў прыгожых нацыянальных строях — афармлялі этнічныя падворкі.
Як вядома, на Цюменскай зямлі ў міры і згодзе жывуць, працуюць людзі розных этнасаў: рускія і ўкраінцы, казахі і татары, беларусы і палякі, яўрэі і карэйцы, ханты і чувашы, грузіны і інгушы... І таму кожны падворак атрымаўся вельмі адметным.
Увогуле ж у конкурсах фэсту было 9 намінацый, і ва ўсіх праявілі сябе прадстаўнікі Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь”, якую ўзначальвае Сяргей Яфімчык. Найвялікшы поспех выпаў на долю народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Вячоркі” з сяла Вікулава, якім кіруе Валянціна Міхіенка. Самадзейныя артысты гэтак таленавіта, прыгожа падарылі слухачам напеўную песню “Ляцела зязюля”, што строгаму журы нічога не заставалася, як аддаць ім першае месца. А другое — у народнага ансамбля з Цюмені “Лянок” пад кіраўніцтвам Клаўдзіі Зуевай за вясёлую беларускую песню “Як устану я раненька”.
У гледачоў, вядома ж, былі і свае сімпатыі. Цёпла прымалі народны фальклорны гурт “Расіяначка” (кіраўнік Надзея Вычужаніна) з вёскі Ермакі Вікулаўскага раёна, салістаў з беларускай суполкі Алену Жарыкаву, Ірыну Калібабу, Валерыя Кайчэнскага, Святлану Фёдараву, дуэты “Каханне”, “Сустрэча” і трыо “Сябры”. Многім да душы прыйшоўся маладзёжны гурт “Палессе” з Цюмені (кіраўнік Тамара Грыгор’ева). Беларускія мелодыі хораша гралі Аляксандр Вахнічаў на баяне ды Ігар Катаргін на гармоніку. Упершыню нашы землякі спаборнічалі ў акадэмічным жанры і паспяхова: Галіна Емяльянава за беларускі раманс атрымала дыплом 3-й ступені.
Хоць вышыўкі Валянціны Паляваевай і працы з саломкі Любові Фуфаевай пакуль не адзначаны журы, аднак было шмат пытанняў ад узрушаных людзей: дзе ж можна купіць такую прыгажосць?Наша хата — песнямі багата Спадзяюся, зорны час гэтых майстрых наперадзе. Цікава было назіраць, як амаль усё разумелі гледачы, калі ў жанры “мастацкае слова” проза, вершы, байкі, гумарэскі гучалі на беларускай мове. Шчыра смяялася зала з байкі “Крумкач і чыж”, якую чытала Святлана Фёдарава, а гумарэскай “Баба і чорт” павесяліла публіку Алена Антончанка. Чытальнікі Ірына Калібаба, Валянціна Міхіенка і Надзея Вычужаніна за лірычныя вершы пра Беларусь адзначаны дыпломамі 2-й і 3-й ступені.
Як бачым, землякоў у Цюмені многа, і па-ранейшаму “наша хата песнямі багата”, як любяць казаць беларусы. Ды і не толькі песнямі, але і народнымі майстрамі, музыкамі, і нават кухарамі. Вось таму і вынікі ўсіх парадавалі: наша “нацыянальная зборная каманда”, гаворачы па-спартыўнаму, у агульным заліку сярод 24 нацыянальна-культурных аб’яднанняў Цюменскай вобласці, якія ўдзельнічалі ў фэсце, заняла 2-е месца. Ма-лай-цы!

Уладзіслаў Татарынцаў, кіраўнік аддзела беларускай культуры Цюменскага абласнога Палаца нацыянальных культур “Будаўнік”

←ПЕРСИДСКИЕ ДНИ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика