Музей Максима Багдановича объявляет конкурс на логотим музея
Зварот да чытачоў ад імя кіраўніцтва музея:
Добры дзень!
Сёлета мы разам святкуем 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, знакавага для Беларусі паэта, празаіка, крытыка і публіцыста.
А 1 красавіка 2011 года адзначыць сваё 30-годдзе Літаратурны музей Максіма Багдановіча, адзін з найпрыгажэйшых музеяў беларускай сталіцы. Шмат за гэты час зроблена: сабраны вялікі музейны фонд, адкрыта экспазіцыя ў Траецкім прадмесці, створаны два філіялы – “Беларуская хатка” і “Фальварак Ракуцёўшчына”. Пры дапамозе супрацоўнікаў нашага музея запрацаваў Дом-музей М.Багдановіча ў Яраслаўлі. Вядзецца актыўная культурна-адукацыйная дзейнасць, ствараюцца часовыя выстаўкі.
Літаратурным музеем Максіма Багдановіча на гэты год запланавана безліч разнастайных мерапрыемстваў па ўшанаванні вялікага беларускага паэта: новыя выстаўкі, імпрэзы, публікацыі ў газетах і часопісах. Сярод іх і конкурс – “Лагатып Літаратурнага музея Максіма Багдановіча”. Так сталася, што на сённяшні дзень музей не мае свайго лагатыпу – адметнага і непаўторнага, арыгінальнага і стыльнага. А так хочацца быць пазнавальнымі, каб і ў нас быў свой сімвал, па якім было б лёгка пазнаць музей у газеце і часопісе, на тэлебачанні, на вуліцах Мінска і г.д.
Таму шчыра запрашаем да ўдзелу ў конкурсе “Лагатып Літаратурнага музея Максіма Багдановіча”. Стварыце зрокава прывабнае імя музею Максіма і пакіньце сваё імя ў гісторыі Беларусі.
На Конкурс прымаюцца работы ў неабмежаванай колькасці, выкананыя ў любой тэхніцы малюнка, а таксама ў выглядзе графічных файлаў на электронных носьбітах, тэрмін – да 30 жніўня 2011 года.
Лаўрэаты Конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі і прызамі. Па завяршэнні конкурсу ў верасні 2011 года абяцаем урачыстае віншаванне ўдзельнікаў і выстаўку найлепшых работ.
Работы дасылайце на адрас Літаратурнага музея Максіма Багдановіча: 220029, г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а ці ў электронным выглядзе на паштовыя скрынкі bagdanovich@tut.by, maksimbagdanovich@rambler.ru. Пры афармленні абавязкова пазначайце сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, паштовы адрас, e-mail (пры наяўнасці), тэлефон.
Паважаныя сябры, падтрымайце нас у гэтым музейным праекце. Раскажыце сваім сябрам (чытачам ці слухачам) пра конкурс і яго ўмовы. Будзем разам!
Каардынатар праекта – Ірына Мышкавец,
тэл. 334 42 69