Пацеркі з сонечнага кантынента

Источник материала:  
Мастацтва сучаснай Афрыкі прадстаўлена на выставе ў Мінску
Пацеркі з сонечнага кантынентаГалоўнымі элементамі выставы “Адчуйце Афрыку з намі” сталі карціны ганскага мастака Кабіна Ньярка, якія атрымалі прызнанне ў Афрыцы, Еўропе і ЗША дзякуючы яго фірменным палотнам.
Так, візітнай карткай яго работ з’яўляюцца рыбкі, якіх ён адлюстроўвае ў дынамічнай віхуры. Яны запаўняюць усю прастору палатна, зачароўваюць яркімі аптычнымі эфектамі. Лёгка пазнавальныя, арыгінальныя, яны прынеслі вядомасць аўтару і зрабілі яго мастацтва папулярным у многіх краінах.
А ў лютым на выставе "Адчуйце Афрыку з намі" ў ганскай сталіцы Акры ўпершыню карціны Кабіна Ньярка былі прадстаўлены сумесна з пацеркамі беларускі Веранікі Гарбылёвай. Менавіта ў такім спалучэнні і пад такой жа назвай, але ўжо з абноўленым экспазіцыйным матэрыялам выстава прыехала з Ганы ў Беларусь.
Беларуска Вераніка Гарбылёва захапілася духам Афрыкі і прыўнесла новую плынь як у еўрапейскі дызайн, так і ў афрыканскую народную творчасць. На выставе яна прадстаўляе ўнікальныя пацеркі з традыцыйных афрыканскіх матэрыялаў. Даўжыня кожнай работы — ад 100 да 150 сантыметраў, а вага дасягае двух кілаграмаў. Гэтыя пацеркі — не жаночае ўпрыгажэнне, яны хораша аздабляюць сучасны інтэр'ер і прыўносяць у яго цяпло афрыканскага сонца.
У Заходняй Афрыцы ўпрыгажэнні са спецыяльна вырабленых шкляных пацерак маюць вялікае значэнне ў культурных традыцыях і са старажытных часоў выкарыстоўваюцца ў рытуальных абрадах, звязаных з нараджэннем, дасягненнем сталага ўзросту, уступленнем у шлюб. Шкляныя пацеркі вырабляюцца з дробнага тоўчанага шкла, а для афарбоўкі выкарыстоўваюцца керамічныя фарбавальнікі.
Дзякуючы спалучэнню вопыту афрыканскіх майстроў і еўрапейскаму погляду на матэрыялы Вераніцы Гарбылёвай удалося знайсці цікавыя камбінацыі, формы і колер, і ў выніку з’явіліся ўнікальныя дызайнерскія рашэнні ў выглядзе інтэр'ерных пацерак.

Аліна Грышкевіч

←СНЕЖНЫЕ КОРОЛЕВЫ ТОЖЕ ПЛАЧУТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика