На крылах вясны
24.03.2011
—
Новости Культуры
У вёсцы Ермакі, што ў Вікулаўскім раёне Цюменскай вобласці, фальклорны ансамбль “Расіяначка” адзначыў 20-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Віншавалі самадзейных артыстаў у тым ліку і іх сябры з нацыянальна-культурнай арганізацыі “Аўтаномія Беларусь”.
У Вікулаўскім раёне амаль па суседстве размясціліся вёскі Ермакі, Ялоўка, Асінаўка, заснаваныя ў другой палове ХІХ стагоддзя беларускімі перасяленцамі. І праз сто гадоў нашы суродзічы змаглі зберагчы тут свае традыцыі, абрады, песні і святы. Шмат людзей сабралася на юбілей ансамбля “Расіяначка”. “Песня — наша жыццё”, — падкрэсліла пад час шчырай размовы з гледачамі салістка Валянціна Пракапцова, у якой, дарэчы, на юбілей гурта прыйшоўся і асабісты юбілей.
Колькі песень гучала на свяце! Павіншаваць артыстаў прыехалі фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Вячоркі”, народны ансамбль беларускай песні “Лянок”. Спявала, канешне, і “Расіяначка”. У рэпертуары гурта, між іншым, захаваліся і даўнія беларускія, яшчэ “самаходаўскія” песні — яны пра родных людзей, пра далёкую Радзіму. Так, пранікнёныя словы пра Бацькаўшчыну нібы нябачныя нітачкі звязваюць скрозь стагоддзі цэлыя пакаленні сібірскіх беларусаў. Яны ж і сёння жывуць у Сібіры дружнай грамадою. Пра гэта гаварылі на свяце прадстаўнікі раённых і абласных адміністрацый Цюменскай вобласці, ганаровы консул Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шугля.
У вёсцы Ермакі ладзілася беларускае абрадавае свята “Гуканне вясны”. Артысты і госці, сярод якіх, дарэчы, было шмат дзяцей, весела, з песнямі на конях ехалі за ваколіцу. І там, на прыродзе, вадзілі карагоды, спявалі народныя песні, палілі вогнішча. І, канешне ж, Вясну гукалі. Па даўняму звычаю, у неба запусцілі папяровых птушак, каб тыя на сваіх крылах хутчэй прынеслі вясновае цяпло.
Уладзіслаў Татарынцаў