Нацыянальная эстрадная прэмія — свае сваім?

Источник материала:  
03.01.2011 14:02 — Новости Культуры


Нацыянальная эстрадная прэмія — свае сваім?Савет міністраў зацвердзіў палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва». Каму і навошта яна спатрэбілася, а галоўнае — можа дапамагчы, паспрабавалі паразважаць Naviny.by.

Конкурс будзе праводзіцца са студзеня па снежань у тры этапы па наступных намінацыях: «Лепшая песня года», «Лепшы выканаўца», «Лепшы калектыў выканаўцаў», «Адкрыццё года», «Лепшы кампазітар», «Лепшы паэт-песеннік», «Лепшы прадзюсер», «За ўклад ў развіццё беларускай эстрады». Пераможцы вызначацца пад час гала-канцэрта, які стане фінальным этапам конкурсу. Пераможца атрымае «прыз, які з’яўляецца сімвалам конкурсу, дыплом лаўрэата і грашовую прэмію». За «Лепшую песню года» ўзнагародзяць сертыфікатам на стварэнне музычнага кліпа.

«Конкурс праводзіцца ў мэтах развіцця нацыянальнага эстраднага музычнага мастацтва і стварэння ўмоў для прасоўвання творчасці беларускіх эстрадных выканаўцаў, павышэння прэстыжу беларускіх аўтараў, выканаўцаў і прадстаўнікоў эстраднага музычнага мастацтва», — адзначаюць у Мінкульце.

Арганізатарамі праекта з'яўляюцца Міністэрства культуры і «Сталічнае тэлебачанне». Прэмія заснавана ў рамках дзряжпраграмы «Культура Беларусі» на 2011-215 годы.

Нацыянальная эстрадная прэмія — свае сваім?Як адзначыў кіраўнік праекту Experty.byЗміцер Безкаравайны, па-першае, гэта не зусім новая прэмія, а, «па сутнасці, толькі ўдасканаленая версія той, якой займаецца тэлеканал СТБ ужо два гады».

«Я лічу, што прэмія ў вобласці папулярнай музыкі пад эгідай Міністэрства культуры — абсурд,
— лічыць Зміцер Безкаравайны. — Міністэрства павінна падтрымліваць, у тым ліку прэміямі, некамерцыйную музыку, якая складае культурную аснову нацыі — класіку, фолк. А прэміі ў вобласці папулярнай музыкі павінны праводзіцца незалежнымі арганізацыямі. Калі ў гэтым няма камерцыйнай мэтазгоднасці, то значыць такая рэальная папулярнасць нашых артыстаў, такі ўзровень развіцця нашага шоў-бізнэсу. Але галоўнае, што гэтая прэмія ў любым выглядзе ніяк не павысіць канкурэнцыю, якасць жанру, папулярнасць беларускай эстрады. Іх праблемы ляжаць у іншай плоскасці».

Па меркаванні спецыяліста, дадзеная прэмія — ні што іншае, як працяг той палітыкі, якая пачалася з «абавязалаўкі» для радыё запускаць у эфір не меней 75% беларускіх выканаўцаў.

«Першапачаткова павелічэнне працэнта беларускай музыкі на радыё прыносіла карысць — бо да гэтага і вядомых выканаўцаў было куды менш, і стаўленне да іх было пагардлівае на ўсіх узроўнях, а затым шоў-бізнэс неяк разварушыўся і ўзбагаціўся, — патлумачыў Безкаравайны. — Нават першапачатковыя 50% былі занадта вялікай нормай, але дзякуючы «нявыкарыстаным» за мінулыя гады запісам, а таксама першаснаму воплеску актыўнасці беларускіх артыстаў, эфір быў запоўнены. Аднак затым запас скончыўся, новых запісаў таксама стала менш, але галоўнае — норма была павялічана да 75%. У выніку радыёстанцыі сталі круціць нашмат больш беларускай музыкі, чым слухач гатовы ўспрыняць. Прычым шмат якія песні круцяцца па крузе ўсе гэтыя гады — часам падаецца, што час у Беларусі спыніўся гадоў пяць назад».

«Натуральна, гэта ідзе на шкоду выканаўцам і радыёстанцыям. А эстрадная прэмія толькі дадасць негатыва. Слухач цалкам можа заявіць: мала таго, што радыё слухаць немагчыма, так іх яшчэ за гэта па тэлебачанні паказваюць і прэміі ўручаюць!», — выказаў свае меркаванне эксперт.

Каб рэальна нешта палепшыць у вобласці эстраднай музыкі, лічыць Безкаравайны, трэба ствараць канкурэнтнае асяроддзе.

«Пачаць можна хоць бы са значнага паніжэння гэтых адсоткаў, — прапанаваў Безкаравайны. — Тады, па-першае, радыёстанцыі атрымаюць дадатковую аўдыторыю і ўзрасце эфектыўнасць ратацый, па-другое, людзі будуць разумець, што беларускія выканаўцы дамагліся чагосьці самі, па-трэцяе, выканаўцы будуць паводзіць сябе актыўней. Бо сёння шмат хто з артыстаў адчулі сябе занадта расслаблена: яны запісваюць некалькі новых трэкаў на год, а пра альбомы, новыя праграмы і думаць забылі. Завошта ім даваць узнагароды?».

Нацыянальная эстрадная прэмія — свае сваім?Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі таксама пазітыву ў навіне ад Мінкульта не бачыць.

«Не думаю, што гэтая прэмія будзе адпавядаць таму, што робіцца на музычным рынку, хутчэй за ўсё, вялікі сегмент — той, напрыклад, што мы бачым на «Рок-каранацыі» і іншых «альтэрнатыўных» прэміях — будзе незаўважаны, — лічыць ён. — Гэта ўсё будзе датычыцца ў першую чаргу папулярных жанраў — карацей, будуць адзін аднаму ўручаць узнагароды, як заўсёды гэта ў нашай краіне адбываецца. І лічу, гэта будзе вельмі неаб’ектыўна і вельмі фармальна».

Праграмай «Культура Беларусі» таксама прадугледжаны:

— правядзенне рэспубліканскага конкурсу «Мецэнат культуры»;

— правядзенне рэстаўрацыі «знакавых аб'ектаў спадчыны»: Лідскі, Гальшанскі і Наваградскі замкі;

— стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі, электронных бібліятэк «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» і Radziviliana;

— стварэнне новых канцэпцый Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальнага гістарычнага музея, Рэспубліканскага цэнтра рэстаўрацыі і кансервацыі,

— стварэнне нацыянальнага інтэрнэт-партала «Музеі Беларусі»;

— стварэнне дзяржустановы «Цэнтр беларускага кіно»;

— правядзенне нацыянальнага музейнага фэсту «Інтэр-музей-Беларусь»;

— правядзенне штогадовага конкурсу «Нацыянальная тэатральная прэмія»;

— распрацоўка і рэалізацыя ўрадавай праграмы «Беларусы ў свеце».



Вольга ПРУДНІКАВА

←В Минске пройдет программа «Рождественский киномарафон»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика