Што ў планах Мінкульта на бліжэйшыя пяць гадоў?
29.12.2010 13:30
—
Новости Культуры
Што ў планах Мінкульта на бліжэйшыя пяць гадоў?
Савет Міністраў прыняў Дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2011 - 2015 гг. Галоўны акцэнт у праграме зроблены на інавацыйныя падыходы, паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.
“Павышаць сацыяльную і эканамічную эфектыўнасць функцыянавання сферы культуры” пачнуць з прыцягнення прыватнага капіталу ў культуру праз развіццё спонсарства і мецэнацтва. У паведамленні Мінкульта адзначаецца, што на бліжэйшыя гады запланаваны “рэфармаванне сістэмы менеджменту, развіццё міханізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры, падтрымка культурных ініцыятыў, стварэнне ўмоў для эфектыўнага функцыянавання прадзюсерства, прасоўванне беларускай культуры за мяжой” і г.д.
Мінкульт робіць стаўку на паступленні пазабюджэтных сродкаў у сферу культуры. Запланавана правядзенне рэспубліканскага конкурсу “Мецэнат культуры”, стварэнне апякунскіх саветаў пры нацыянальных і найбольш значных установах культуры, адзначылі ва ўстанове.
На найбольш знакавых аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі (Лідскі замак, Гальшанскі замак, Навагрудскі замак) будуць праведзены рэстаўрацыйныя работы. Будзе створаны Рэспубліканскі цэнтр рэстаўрацыі і кансервацыі.
Праграма прадугледжвае стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі, электронных бібліятэк “Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар” і “Radziviliana”, а таксама - поўная камп’ютэрызацыя дзяржаўных музеяў і бібліятэк.
У хуткім часе ў Беларусі з’явяцца “Цэнтр беларускага кіно”, “Нацыянальная тэатральная прэмія”, “Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва”, музейны фестываль “Інтэр-музей-Беларусь”, а па-за мяжой - чатыры культурныя цэнтры Беларусі. Запланавана і рэалізацыя спецыяльнай праграмы навучання і стажыровак студэнтаў ВНУ за мяжой.
Як адзначылі ў Мінкульце, у 2011 – 2015 гадах на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы плануецца выдзеліць сродкі ў суме 1 144 675,3 млн рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту – 447 409,9 млн рублёў, мясцовых бюджэтаў – 691 784,4 млн рублёў, іншых крыніц – 5 481 млн рублёў.