Нітачкі шчымлівых успамінаў

Источник материала:  
Новасібірскі Цэнтр беларускай культуры адзначыў дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці
Нітачкі шчымлівых успамінаўЮбілею было прысвечана свята беларускай творчасці “У гасцях у Лявоніхі”, якое сабрала беларусаў з усяго Сібірскага рэгіёна. Былі добрыя песні і вясёлыя танцы, шмат цёплых словаў адрасавалася дырэктару цэнтра Ніне Кабанавай, артыстам. У зале панавала хваляванне і ўзрушанасць: гэта ж быў не проста канцэрт, а творчая справаздача за дзесяцігоддзе. Спраў у актывістаў цэнтра шмат. “Мы, вядома ж, рыхтуем вялікія гарадскія і абласныя святы, фестывалі нацыянальных культур, агляды-конкурсы, — расказвае віцэ-прэзідэнт беларускай аўтаноміі ў Новасібірску Людміла Бяляўская. — Але, па праўдзе сказаць, больш запамінаюцца паўсядзённыя справы: пастаянныя паездкі па раёнах вобласці, семінары і круглыя сталы, падбор песеннага і танцавальнага рэпертуару, пашыў касцюмаў”.
Толькі ў Новасібірску працуе 15 беларускіх па духу творчых гуртоў. Акрамя дзіцячых вакальных і дарослага “Крынічка”, створаны гурток кройкі і шыцця “Гаспадыня”, клуб аматараў нацыянальнай вышыўкі “Прыгажуня”. Адкрыты 15 філіялаў цэнтра ў месцах кампактнага пражывання беларусаў, і ў кожным развіваюцца свае гурты. “Мы яшчэ праводзім цікавыя фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі па вобласці, — прадаўжае Людміла Бяляўская, — і на падставе даследаванняў выдалі кнігу “Сібір’ю звязаныя лёсы” пра знакамітых сібірскіх беларусаў. А ў брашуры “Голас продкаў, што кліча…” расказалі пра побыт і традыцыі беларусаў-перасяленцаў, якія ў Сібіры жывуць з канца XVII стагоддзя.
Менавіта дзеля вывучэння культурных традыцый сібірскіх беларусаў, захавання нацыянальных рамёстваў праводзіцца і Фестываль беларускіх мастацкіх промыслаў і рамёстваў “Ёсць у рамяства пачатак — няма ў майстэрства межаў”. Удзельнічаюць у ім майстры, мастакі, педагогі, вучні школ і студэнты. Дарэчы, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры робіць стаўку на маладых, ім жа вывучаць і прадаўжаць традыцыі! Так, на пачатку вясны праходзіць рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!” Па-беларуску спяваюць на ім нават дашкаляты. І на юбілейным свяце шмат было дзіцячых калектываў: “Гледачы не патрабуюць ад дзяцей бездакорна валодаць мовай продкаў, — разважае Людміла Уладзіміраўна, — гэтае пакаленне нарадзілася ў Сібіры, роднай мовай нашых дзяцей і ўнукаў стала руская. Беларускую ж яны чуюць толькі ад бабуль ды з аўдыёдыскаў. А як свецяцца вочы гледачоў, асабліва старэйшага ўзросту, поўныя радасці і ўспамінаў! Родныя словы, родныя песні звіваюцца ў нітачкі шчымлівых успамінаў, і ўсе так удзячныя спевакам за магчымасць хаця б у думках пабываць на далёкай Радзіме”.

Кацярына Мядзведская

←«ЗВЕЗДЫ» ГОВОРЯТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика