На конкурсе піяністаў перамагла скрыпачка
Міжнародны конкурс піяністаў
Зала была раскупленая, свабодных крэслаў практычна не было, уся прастора была ўтыканая мікрафонамі і тэлекамерамі. Тысяча чалавек, а мо і болей, адарваліся ад кухонных палітычных дэбатаў і аддаліся меней экстрэмальным эстэтычным асалодам.
Гэткая актыўнасць публікі мяне крыху здзівіла, бо вельмі нямногія рэальна перажывалі за канкурсантаў і маглі ацаніць правільнасць рашэння журы.
На цырымоніі былі абвешчаныя ўсе атрымальнікі ўзнагарод, у тым ліку і тыя, хто не трапіў у фінал. Найлепшыя ўдзельнікі другога туру: беларусы Дзмітрый Горбач, Андрэй Іваноў, Юлія Архангельская і Людміла Гаспаран, расіец Юрый Паласьмакоў, японка Ёка Накамура. Дыпламанты: беларусы Яўген Галанаў і Павел Нетук. Лаўрэаты трэцяй прэміі: расіянка Фаціма Мярданава і беларуска Улада Шацкая. Лаўрэаты другой прэміі: украінец Аляксандр Самойлаў і расіец Аляксандр Памфілаў. Першая прэмія гэтым разам прысуджаная не была.
Як заўжды, былі прэміі ад арганізацый. Беларуску Кацярыну Марэцкую ўзнагародзілі спецыяльным прызам упраўлення культуры Мінгарвыканкама «За найлепшае выкананне абавязковай беларускай п’есы» (з пункту гледжання прапаганды беларускага мастацтва гэты прыз слушней было б прысудзіць замежніку). Прыз Саюза музычных дзеячаў «Самаму юнаму ўдзельніку конкурсу» аўтаматычна дастаўся
Для параўнання варта нагадаць, што на папярэдніх конкурсах беларусы заўжды бралі першую прэмію: у 1996 годзе — Андрэй Сікорскі, у 2000 — Аляксандр Музыкантаў, у 2005 — Цімур Шчарбакоў. Сёння ў нашым актыве толькі Улада Шацкая, якая, па вялікім рахунку, не цягне нават на дыплом. Беларуская фартэпіянная школа відавочна губляе сваю канкурэнтаздольнасць. Ёсць таленавітыя людзі (прыкладам, Яўген Галанаў), але яны няздольныя ярка прэзентаваць сябе на вялікай сцэне. Той самы феномен, што назіраецца цяпер і ў палітыцы, і ў навуцы, і ў іншых сферах беларускага жыцця.
Аднак яшчэ 10–15 гадоў таму наш Андрэй Паначэўны браў прызы і на конкурсе Шапэна ў Варшаве, і на конкурсе Чайкоўскага ў Маскве. Цяпер беларусы на конкурсе Шапэна не праходзяць нават адбор. Можна вінаваціць у гэтым палітыку. Але што перашкаджае нашым піяністам перамагаць у родных сценах?
Цікава, што на нашых конкурсах не бывае прызоў глядацкіх сімпатый (яшчэ адна паралель з беларускай палітыкай). Калі б такая прэмія была, яна дасталася б расійскай піяністцы Фаціме Мярданавай. Яе выхад на сцэну ў заключным канцэрце быў сустрэты грамавымі апладысментамі. Для свайго выступу мудрая Фаціма выбрала самую эфектную п’есу ў сваім рэпертуары —
Набытая скрыпка перадаецца на захоўванне ў Беларускую акадэмію музыкі і будзе выдавацца самым таленавітым студэнтам для ўдзелу ў міжнародных конкурсах. Бо з звычайнай таннай скрыпкай перамагчы на такім спаборніцтве немагчыма. Нельга нават проста зграць канцэрт для скрыпкі з аркестрам.
Успамінаецца канфуз на XII Міжнародным конкурсе Чайкоўскага ў Маскве ў 2007 годзе, калі праз адсутнасць нармальнай скрыпкі наш Арцём Шышкоў не быў дапушчаны ў трэці тур. Але тады гэта нікога не ўсхвалявала, нягледзячы на ліст старшыні скрыпічнага журы Уладзіміра Співакова з просьбай купіць для Шышкова прыстойны інструмент. Толькі з прыходам на міністэрскую пасаду Паўла Латушкі гэтая праблема была вырашаная. Грошы на куплю далі спонсары — «Белтрансгаз» і «Нафтан», у правядзенні ўгоды вельмі дапамагла наша амбасада ў Вялікабрытаніі і асабіста пасол Аляксандр Міхневіч.
Вялікую ролю ў гэтай гісторыі адыграў і настаўнік Арцёма Шышкова — выдатны скрыпічны педагог, прафесар Эдуард Віктаравіч Кучынскі. Менавіта яму ўдалося пераканаць кіраўніцтва краіны, што скрыпка неабходная для яе прэстыжу, і менавіта Кучынскі разам з Арцёмам Шышковым выбіраў для нашых дзяцей прыдатны інструмент.
На жаль, пра яго заслугі ў гэты вечар амаль не ўзгадвалі. Затое на сцэне бліскала яго вучаніца — трэцякурсніца Беларускай акадэміі музыкі Улада Беражная. Яна выдатна выканала першую частку скрыпічнага канцэрта Чайкоўскага. Ёй ярка і паўнагучна акампаніяваў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь на чале з дырыжорам Андрэем Галанавым. Гэта быў трыумф і скрыпкі, і беларускай скрыпічнай школы, што паціху адраджаецца.
У выніку прэзентацыя скрыпкі цалкам засланіла сабой цырымонію ўзнагароджання лаўрэатаў, а скрыпачка Улада Беражная, як ні парадаксальна, стала самай яркай падзеяй Міжнароднага конкурсу піяністаў
Юлія Андрэева