Беларускі нічым не адрозніваюцца ад еўрапеек. Так лічыць фотамастак, майстар парадных партрэтаў Алена Адамчык

Источник материала:  
Беларускі нічым не адрозніваюцца ад еўрапеек.
Так лічыць фотамастак, майстар парадных партрэтаў Алена Адамчык

Пяшчотныя матулі, любячыя жонкі, дзелавыя лэдзі... Жанчыны — нявыдуманыя, рэальныя і яркія, якія жывуць у вялікіх і малых гарадах, шмат вандруюць, любяць прыроду, шануюць сваю сям’ю і дабіваюцца поспехаў дзякуючы сваім талентам, паўстаюць з фотаздымкаў Алены Адамчык.

Вядомая ў Беларусі і за мяжой фотамастачка Алена Адамчык распачала ў 2004 годзе працу над альбомам  Bielaruski, у які ўвайшлі партрэты нашых суайчынніц. Прэзентацыя кнігі паспяхова прайшла ў Вільнюсе і Лагойску. Затым праект Bielaruski перарос у праект Women of Europe, які літаральна пакарыў Еўропу. Пасля чарговай прэзентацыі ў княстве Манака Алена натхнілася на стварэнне наступнага фотаальбома Women of Monaco, у якім майстар прадставіла партрэты сусветнавядомых жанчын, сярод якіх Шырлі Бэс, прынцэса Бурбонская Каміла, Моніка Бакардзі, Сафія Аль Рашыд... Уступ да кнігі напісала прынцэса Гановерская Караліна. Сёлета Алена Адамчык выдала пяты альбом з гэтага праекта. Гераінямі кнігі “Bielaruski. Women of Europe” і фотавыставы, якая адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, сталі дванаццаць жанчын з Беларусі, Расіі, Латвіі і Літвы — вядомых, як, напрыклад, алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач, і зусім звычайных, якія сустракаюцца ў нашым жыцці штодня.— Вобразы маіх жанчын поўныя хараства і пяшчоты, таму што яны — беларускі, — тлумачыць Алена. — Мяне як аўтара, які шмат здымае за мяжой, часта пытаюць, чым адрозніваюцца беларускі ад еўрапеек. А я адказваю: нічым. Беларускі і ёсць еўрапейкі. Іх культура належыць Еўропе гэтак жа, як і Беларусі належаць еўрапейскія традыцыі. Хіба толькі, дадае аўтар, беларускі больш сціплыя. Гэта экспрэсіўныя італьянкі могуць стварыць падчас фотасесіі на вуліцы цэлае шоу. Беларускі аддаюць перавагу больш стрыманым вобразам. Алена амаль не здымае ў студыі. Майстар лічыць, што студыйныя фота атрымліваюцца “сумнымі і халтурнымі”. Яе жанчыны — жывыя. Яны гуляюць з дзецьмі ў парку, кормяць рыбак, адпачываюць каля драўлянай хаты з качкай у руках, носяцца на конях і шыкоўных аўтамабілях... І амаль заўсёды глядзяць у кадр, раскрываючыся перад гледачом.— Як нараджаюцца мае вобразы? — перапытвае Алена. — Ніколі пра гэта не задумвалася. Я проста сустракаюся з жанчынамі, прыглядаюся да іх, размаўляю, і ідэі самі з’яўляюцца ў маёй галаве. Тут галоўнае — шчыры дыялог паміж творцам і мадэллю. Калі жанчыны заўважаць, што я хлушу ці штосьці хаваю ад іх, праца не атрымаецца.  Альбомы Алены Адамчык — гэта не проста партрэты жанчын, а іх шчырыя разважанні пра сям’ю, радзіму, адносіны... Як прызналася Адамчык, для яе сям’і жыццё заўсёды вымяралася не часам, грашыма ці пасадамі, а кнігамі — прачытанымі, створанымі ці надрукаванымі. Яе бацька-стаматолаг пісаў кнігі па медыцыне і амаль усе атрыманыя грошы траціў на кнігі. — Можа, таму я і пакахала свайго будучага мужа, бо яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў бібліятэцы, дзе працавала яго маці — жонка вядомага пісьменніка Уладзіміра Адамчыка, — расказала Алена. Адкрыць для сябе вобразы жанчын, створаныя Аленай, могуць усе незалежна ад мовы, краіны пражывання, веравызнання. Бо створаныя яны на  ўніверсальнай  мове, зразумелай для ўсіх без выключэння, — мове мастацтва.

←Ближе к сердцу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика