Адкрыйце для сябе невядомую Беларусь! Правільна адказаўшы на пытанні, вы зможаце адправіцца ў падарожжа па славутых мясцінах нашай Радзімы
Нагадаем, у мінулую суботу мы распачалі віктарыну пытаннямі аб Брэсцкай вобласці. Уперадзе яшчэ шэсць тураў (шэсць абласцей), па выніках якіх вызначацца тры пераможцы. Дарэчы, першыя прэтэндэнты на перамогу і падарунак — экскурсію па беларускіх мясцінах — які падрыхтаваў наш афіцыйны спонсар тураператар “Виаполь”, ужо ёсць.Як жа прыемна, дарагія чытачы, у халодныя снежаньскія дзянькі чытаць вашы лісты — не толькі з правільнымі падрабязнымі адказамі, але і з цёплымі гісторыямі пра вашу сям’ю, падарожжы і любыя мясціны Беларусі. Нас прыемна здзівіла ваша эрудыраванасць: вы столькі ведаеце пра сваю Радзіму! Было бачна, што вы добра папрацавалі — не толькі пагарталі публікацыі нашага праекта “Сем цудаў Беларусі”, але і ў іншыя крыніцы зазірнулі. Мы спецыяльна падбіраем пытанні “з разыначкай”, каб вы, скарыстаўшыся падказкамі “Народнай газеты”, залезлі ў энцыклапедыі і гістарычныя даведнікі. Мы павінны пастаянна папаўняць веды пра Беларусь — гэта ж наша Радзіма! І яна, як вы ўжо паспелі заўважыць, хавае ў сабе шмат нераскрытых і поўных нечаканасці фактаў і з’яў. Таму чакаем вашых лістоў з адказамі на пытанні другога этапу нашай віктарыны (а хто не паспеў — яшчэ і на першы, адказы на які прымаем яшчэ тыдзень ). А таксама расповедаў пра любыя вам мясціны, якія, як вам падаецца, маюць поўнае права звацца цудамі Беларусі: працяг нашага праекта мае быць. Пішыце! Будзем адкрываць невядомую Беларусь разам!
Па старонках “Сямі цудаў”. Віцебская вобласць— Назавіце вёску, у крамах якой гандлююць толькі безалкагольнымі напоямі? Як называецца алея, закладзеная ў гэтай вёсцы побач з касцёлам?— Назавіце вядомы беларускі раман, адна з сюжэтных ліній якога пабудавана на гісторыі “кахання і помсты”, што адбылася ў канцы ХVІІІ стагоддзя ў Дубровенскім графстве. Які помнік нагадвае пра гэту гісторыю жыхарам горада?— Якая расліна дала прыхожы эпітэт возеру Азёркі Віцебскай вобласці? На што знешне падобны яе плод?
Адказы прысылайце на адрас: 220013, г.Мінск, вул.Б.Хмяльніцкага, 10а, “Народная газета” з пазнакай “Па старонках “Сямі цудаў”. Нагадваем: адказы прымаюцца на працягу двух тыдняў пасля публікацыі пытанняў тура.