“Карынція” заяўляе пра сябе

Источник материала:  
Суполку, якую стварылі выхадцы з Беларусі, Расіі і Украіны ў Аўстрыі, узначальвае былая мінчанка
“Карынція” заяўляе пра сябе“Карынція” заяўляе пра сябеГадоў восем таму выпускніца Мінскага культурна-асветніцкага вучылішча Эла Шпілеўская выйшла замуж у Аўстрыю. Цяпер яна — фраў Ella Hraschan, у яе двое дзяцей. Менавіта яны, дарэчы, і падштурхнулі дарослых стварыць першую беларускую суполку. “Дзеці мае, маіх сябровак з Беларусі жывуць у адрыве ад этнічнай радзімы, яны мала ведаюць пра нашу культуру, звычаі, вось мы і вырашылі стварыць суполку: разам лягчэй працаваць, — голас Элы Храшан па мабільніку бадзёры, яна ад’язджае з Беларусі ў добрым настроі. — Дарэчы, паглядзіце ў інтэрнэце, пра суполку “Карынція” пісала аўстрыйская прэса. Праўда, у таварыстве ёсць не толькі беларусы, збіраюцца разам і выхадцы з Расіі, Украіны. Ды нашых землякоў найболей: пэўна, тры чвэрці з трохсот чалавек”.
Пра культурна-асветніцкае таварыства “Карынція” / “Carinthia” ў аўстрыйскім гора-дзе Філаху супрацоўнікам Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў расказаў пасол Беларусі ў Аўстрыйскай Рэспубліцы Аляксандр Сычоў, папрасіў падтрымаць суполку. “Мы звязаліся з Элай, і аказалася: зямлячка якраз у Мінску, таму адразу ж запрасілі яе ў госці, — расказаў супрацоўнік Апарата ўпаўнаважанага Аляксандр Сасновіч. — Вельмі цікавы чалавек! Прагаварылі гадзіны дзве, падаравалі прыгожыя нацыянальныя касцюмы для прадстаўнічых мэтаў. Культурна-асветніцкія планы ў Элы Храшан і яе аднадумцаў вялікія, цікавых задум шмат. У прыватнасці, пры суполцы створаны танцавальны ансамбль, з дзецьмі працуюць прафесійныя харэографы, і мы плануем пашыць і перадаць для іх сцэнічныя нацыянальныя касцюмы. Прапанавалі артыстам з суполкі “Карынція” прыехаць на фэст “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, на Фэст нацыянальных культур у Гродне — Элу такое супрацоўніцтва вельмі зацікавіла. Дарэчы, у суполкі, па яе словах, добрыя стасункі з мясцовымі ўладамі, і старшыня спадзяецца, што праекты знойдуць там падтрымку, у тым ліку і фінасавую. А нядаўна праз Міністэрства замежных спраў мы перадалі землякам з “Карынціі” бібліятэчку кніг беларускіх аўтараў, кампакт-дыскі з народнымі абрадавымі святамі, нашу дзяржаўную сімволіку”.
Я пацікавіўся ў Элы: адкуль мілагучная назва ў суполкі? Яна ўдакладніла, што прыальпійскі горад Філах — гэта папулярнае месца турызму і лыжнага спорту, другі па велічыні горад федэральнай зямлі Карынція, на поўдні Аўстрыі. У паселішча багатая гісторыя, а цяпер у ім ведаюць і пра Беларусь. “І нават аўстрыйцы, бывае, падпяваюць ды прытанцоўваюць пад нашу “Польку беларускую”, — расказвае Эла. — Калі раней ладзіліся імпрэзы, то мне самой даво-дзілася быць і за дыджэя, і спяваць, і танцаваць. Цяпер у мяне і Святланы (у дзявоцтве Разуменкі, яна Віцебскі педінстытут закончыла) памочнікаў шмат, асабліва дзяцей — з імі заўсёды цёплая атмасфера ў зале”. У суполку “Карынція” ўваходзяць цэлымі сем’ямі, актывісты ладзяць разам цікавыя балі і святы, сабралі бібліятэку, дбаюць і пра заняткі, курсы, класы для дзяцей дыяспары на рускай і беларускай мовах.

Іван Ждановіч

←Святая Русь unlimited

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика