Тры гады свабоднага палёту беларускай музыкі: Што змянілася?

Источник материала:  
01.12.2010 17:02 — Новости Культуры
Роўна тры гады таму адбылася гістарычная сустрэча забароненых беларускіх рок-музыкаў зь ідэолягам адміністрацыі прэзыдэнта Праляскоўскім.

Тады, пасьля трох гадоў існаваньня таемных сьпісаў забароненых музыкаў, Аляксандар Кульлінковіч, Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч і Піт Паўлаў паспрабавалі разарваць заганнае кола адмененых канцэртаў і падпольных прэзэнтацый, дзеля чаго схадзілі на размову ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Праз тры гады «свабоды» Generation.bY вырашыў разабрацца, што сталася ў выніку таго лёсавызначальнага «паходу» і ці не шкадуюць музыкі аб зробленым.

«Рок-н-ролл мертв», «Мікалай Халезін: Дзеянні музыкаў амаральныя», «Пляски с дьяволом» — гэта далёка ня поўны пералік газэтных і сеціўных загалоўкаў, прысьвечаных сустрэчы пяці беларускіх музыкаў і тагачаснага галоўнага прэзыдэнцкага ідэоляга Алега Праляскоўскага (цяпер ён, дарэчы, стаўся міністрам інфармацыі).

Быў канец восені 2007 — трэці год з моманту правядзеньня фатальнага для некаторых гуртоў канцэрту на «Бангалёр» супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнта Лукашэнкі. Беларускія чыноўнікі толькі-толькі пачалі завучваць слова «лібэралізацыя». У гэты момант як маланка сярод туманнага балота грымнула навіна аб сустрэчы лідэраў «Крамы», «N.R.M.», «Нэйра Дзюбеля» і «Палацу» з Алегам Праляскоўскім — кіраўніком галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта.

Тады Праляскоўскі паабяцаў музыкам падтрымку, даў тэлефон сваёй прыёмнай і спытаў, ці ня будуць яны болей «дурэць» і выступаць на няправільных мерапрыемствах. Музыкі адказалі «незразумелым мармытаньнем», але нічога ідэолягу не абяцалі. Затое забарона на іх выступы, якая існавала з таго самага канцэрту на Бангалёр у 2004, была зьнятая. Што яшчэ зьмянілася з тых часоў, і ці зьмянілася штосьці ўвогуле?

«А чаго шкадаваць?»

Большасьць наведвальнікаў намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта не шкадуюць аб сваім удзеле ў тым «паходзе» (а лідэр «Палацу» Алег Хаменка ўвогуле лічыць такую пастаноўку пытаньня недарэчнай).

«Гэта была правільная справа, і для нашых прыхільнікаў і для вельмі многіх рок-музыкаў гэтай краіны, ня толькі для ўдзельнікаў паходу», — тлумачыць сёньня Кульлінковіч.

«А чаго шкадаваць? — кажа Лявон Вольскі. — Было і было. Зрэшты, там бы выдатна паразумеліся й безь мяне, але нічога не было зроблена такога, каб потым пакутаваць ад згрызотаў сумленьня».

Сапраўды, шкадаваць няма аб чым. Музыкі пераехалі зь менскіх задворкаў, дзе звычайна з 2005 па 2007 год праводзілі свае напаўпадпольныя канцэрты, у вялікія залі і клюбы. Большасьць музыкаў пасьпела засьвяціцца на дзяржаўным тэлебачаньні, Neuro Dubel засьпяваў з Ксеніяй Сітнік, а «Палац» нават узяў удзел у адборы на Эўрабачаньне. Піт Паўлаў дык увогуле нечакана для ўсіх заняўся арганізацыяй… турніру па грэка-рымскай барацьбе:

«Я сам калісьці займаўся грэка-рымскай барацьбой, быў чэмпіёнам гораду», — тлумачыць Піт. Музыка нават песьню да турніру новую напісаў. «Жыцьцё — гэта схватка» завецца.

Некалькі фактаў пра Піта Паўлава за апошнія тры гады…

• Адрадзіў фэст «ЖывыГукON-line»

• Запісаў альбом з гуртом Рete Рaff

• Зладзіў турнір па грэка-рымскай барацьбе

• Даваў разам з гуртамі Рete Рaff і GARADzKIJA канцэрты ў Польшчы i Беларусі

• N.R.M. зладзіў «разьвітальны» тур па Беларусі і выпусьціў рэзанансную кампазыцыю «Палітыка-паралітыка»

«І Праляскоўскі тут ні пры чым…»

Іншы погляд на жыцьцё, гледзячы па ўсім, спавядае яшчэ адзін удзельнік той сустрэчы Ігар Варашкевіч. Апошні альбом яго гурта так і завецца «Жыцьцё — гэта дзіўны сон», які быў прэзэнтаваны ў 2007-м за некалькі месяцаў да сустрэчы з Праляскоўскім. Выхад яго, на думку музыкі, і ёсьць найбольш значны вынік апошніх гадоў. І Праляскоўскі тут ні пры чым:

«Альбом быў запісаны таму, што мы яго запісалі», — кажа лідэр «Крамы».

«Сытуацыя зьмяняецца не праз нейкую сустрэчу, а сама па сабе, праз аб’ектыўныя абставіны, — кажа Лявон Вольскі, які выдаў за гэты час некалькі зусім розных альбомаў, адрадзіў на сэкунду „Мрою“ і заняўся здыманьнем мюзыклаў. — Напрыклад, людзі цяпер не купляюць дыскі. Але мы мелі шэраг выбітных канцэртаў».

Лявон Вольскі за апошнія тры гады…

• Выпусьціў тры мюзыклы

• Запісаў два сольныя альбомы

• Зьявіўся ў новых жанрах

• Выступіў з шэрагам пасьпяховых канцэртаў з «Крамбамбуляй» (Дзень Сьвятога Валянціна ў «Шайбе»), з N.R.M. перад Калядамі ў КЗ «Мінск» і «Рэактары»

• N.R.M. зладзіў «разьвітальны» тур па Беларусі і выпусьціў рэзанансную кампазыцыю «Палітыка-паралітыка»

Дарэчы, дыскі цяпер сапраўды не купляюць. Але не таму, як гэта абяцалі ў роспачы некаторыя прыхільнікі гуртоў, што нехта на музыкаў пакрыўдзіўся і пакляўся плыткі ў рукі ня браць. Проста Сеціва і музыка сапраўды сталі іншымі, а найбольш пасьпяховыя рэлізы беларускіх гуртоў за апошні час (дастаткова прыгадаць тых жа «Ляпісаў») адбыліся менавіта ў Інтэрнэце.

А вось для Алега Хаменкі сытуацыя ў творчасьці, на яго думку, пасьля той сустрэчы асабліва ніяк не зьмянілася, хаця «канцэрты перасталі забараняць, і стаўленьне начальства і ўсіх астатніх памянялася на больш станоўчае».

Але вось гэта «больш станоўчае» стаўленьне, здаецца, толькі спадар Хаменка і здолеў канвэртаваць у канкрэтныя вынікі. Нагадаем, лідэр «Палаца» нават паспрабаваў пры падтрымцы Менгарвыканкаму арганізаваць першы за доўгія гады оўпэн-эйр пад Менскам. Bela Music, праўда, замачыў дождж, а журналісты зьвязалі правядзеньне выступу хутчэй не са скандальнай сустрэчай, а «лібэралізацыяй», якая якраз паўгода таму набірала абароты.

«Мы атрымлівалі прапановы і ад таго, і ад іншага боку на ўдзел у розных мерапрыемствах. Але большасьць прапаноў была нецікавая», — кажа Алег Хаменка. Цяпер для «Палацу» галоўны крытэр у дылеме выступаць\не выступаць пад пэўным сьцягам «ня сувязь з тым ці іншым бокам, а цікавасьць, значнасьць прапановы для культуры Беларусі».

«Усе залежыць ад таго, куды мы едзем, як мы едзем і што мы робім. І ці суадносіцца гэта з нашымі плянамі», — кажа спадар Хаменка.

Алег Хаменка і «Палац» за апошнія тры гады…

• Трапіў у паўфінал адборачнага туру да Эўрабачаньня 2008

• Паставіў свой новы рэкорд — амаль 20 канцэртаў за верасень 2008 па ўсёй Беларусі

• Выпусьціў аўдыё-праект «Беларускія народныя казкі» на 10 дысках

• Выступаў на розных фэстах, зладжаных дзяржаўнымі ўстановамі і мясцовымі ўладамі («Зов Полесья», «Маладзечна-2009», «Славянскі базар» ды інш.) і правёў першы за доўгія гады менскі оўпэн-эйр Bela Music пры падтрымцы дзяржавы

• Разам з Алесем Камоцкім запісаў гімн па просьбе хакейнай каманды «Дынама-Мінск»

Не адбіўся «дазвол на канцэрты» і на творчасьці «Нэйра Дзюбэля». Аднак гурт вярнуўся з канцэртамі ў «Рэактар», зрабіў «прыкольную песьню з Ксеніяй Сітнік», а выступы гурта траплялі ў эфір дзяржаўных тэлеканалаў.

«Забарона ціснула на выступы, камунікацыі менавіта зь беларускай публікай праз канцэрты. А песьні пісаліся і тады і цяпер. Усе зьмены тычацца толькі адсутнасьці праблем з выступамі і эфірамі, — распавядае Аляксандар Кульлінковіч. — Аднак мы ня так часта „сьвецімся“. „Нэйра Дзюбель“ гурт не камэрцыйны і асабліва не „зьвязьдзіць“. Таму пагасіць нас было складана».

Аднак канкрэтных прапановаў ні ад апазыцыі ні ад дзяржаўных установаў лідэры «Нэйра Дзюбеля», N.R.M. ды «Крамы» не ўзгадваюць.

«Не паверыце, не было [прапановаў ад дзяржаўных установаў ці ад апазыцыйных партыяў]. А-а! адзін раз прапаноўвалі ўдзел у Bela Music, але мы ня ўдзельнічалі», — кажа Лявон Вольскі.

«Ніколі і ні ад каго не было прапановаў. Думаю, абодва бакі ня мелі патрэбы ў нас альбо ведалі адказ», — мяркуе Кульлінковіч.

Ігар Варашкевіч і «Крама» за апошнія тры гады…

• Ігар Варашкевіч стаў мастаком і паўдзельнічаў у выставе «Дэпрэсія і Арытмія: жывапіс і графіка жывых людзей»

• «Крама» трапіла на ТБ — узяла ўдзел у Калядным праекце ОНТ 2008

• Ігар Варашкевіч зьмяніў стыль: клясычны чорны берэт са строгай камізэлькай саступіў месца разьняволенай паласатай кашулі і яркаму капелюшу

• Насуперак традыцыі польскі фэстываль «Басовішча» у 2010 годзе прайшоў без гуртоў усіх наведвальнікаў Праляскоўскага

Калі будзе Лукашэнка, усё магчыма

Цікава, што нягледзячы ні на якія дазволы і прарывы, беларускія музыкі ўсё яшчэ адчуваюць, што могуць трапіць пад забарону ўлады:

«Калі зноў будзе Лукашэнка ва ўладзе, то ўсё магчыма», — адразае Варашкевіч.

Хаменка больш мякка выказвае прыкладна тую ж думку:

«Забаранялі і Beatles, і Армстронга, і Высоцкага, і Цьвятаеву, і Ясеніна, і Палац, і каго заўгодна. Дакладна такой забароны безумоўна быць ня можа. Але нешта падобнае можа здарыцца. Гэта ж было ня толькі ў савецкіх, але і ў заходніх грамадзтвах таксама».

Аляксандар Кульлінковіч і Neuro Dubel за апошнія тры гады…

• Выдалі альбом «Афтары правды» і два канцэртных DVD

• Адсьвяткавалі 20-годзьдзе ND вялікім канцэртам і трансьляцыяй на СТВ

• Засьпявалі з Ксеніяй Сітнік у эфіры БТ

• Далі канцэрт у Віцебскім амфітэатры

• У гурт вярнуўся Юра «Паскуда» Навумаў і піша па-ангельску ў facebook

«Дзякуючы сустрэчы не адбылося нейкіх сур’ёзных музычных дасягненьняў, — кажа Вольскі. — Гэта была паказальная акцыя. Прадэманстраваць пачатак лібэралізацыі, проста дазволіўшы канцэрты незалежных музыкаў — што ўжо можа быць прасьцей для паляпшэньня іміджу. Так і зрабілі. Але для нармальнага існаваньня сучаснай музыкі трэба, каб быў хоць нейкі недзяржаўны шоў-бізнэс. А тут з гэтым сур’ёзныя праблемы».

Усё можа паўтарыцца «ў любы момант», лічыць Аляксандар Кульлінковіч:

«У сьвядомасьці ўладаў нічога не зьмянілася. І, наколькі я ведаю, за межамі Менску забаранялі і працягваюць забараняць. Магчыма, ужо па асабістай ініцыятыве таго ці іншага чыноўніка. Рок ня ў гонары ў гэтай краіне, як і свабода слова, а рок — гэта свабода. Я ня маю ілюзіяў».

«21 лістапада [дзень сустрэчы ў Адміністрацыі прэзыдэнта] ў Беларусі яшчэ ня хутка забудуць», — пісаў аб тых падзеях для «Süddeutsche Zeitung» нямецкі журналіст Інга Пэц. Як паказаў час, забыцца можа ўсё. Але ад вандроўкі па новаму колу па забытых сьцяжынах ніхто ў Беларусі пакуль не застрахаваны.

Падзяліцца навіной: 
generation.by

←Як «Пагоню» усім светам спявалі - відэа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика