“Моры, зоры і азёры, якія ў вечнасць забяру”

Источник материала:  
“Моры, зоры і азёры, якія ў вечнасць забяру”

З чаго жартаваў, каго кахаў і каму маліўся Уладзімір Караткевіч.

Выдатны празаік, паэт, кінасцэнарыст, перакладчык, публіцыст — няма таго жанру, дзе б ён не паспрабаваў свае сілы. І ўсюды — таленавіта, ярка, запамінальна... Разважаць пра талент і творчасць Уладзіміра Караткевіча, якому сёння споўнілася б 80 гадоў, можна бясконца. Але пакінем гэту справу літаратуразнаўцам ды даследчыкам. Мы ж вырашылі сёння расказаць пра Караткевіча — проста чалавека. Шчырага, з выдатным пачуццём гумару, пра таго невядомага чытачу дзівака, які збіраў фігуркі чарцянят, маляваў смешныя шаржы на сваіх сяброў і верыў у жаночую вернасць. Вядома, зрабіць гэта сёння, праз дваццаць шэсць гадоў пасля смерці пісьменніка, можна толькі з дапамогай яго сяброў ды даследчыкаў яго творчасці і біяграфіі.

Цацкі і сапраўдны Parker

Караткевіч быў, як зараз кажуць, стыльны. Гэта быў чалавек багемна-тэатральна-кінематаграфічна-оперны — во як! Любіў эфекты, эпатаж. Дома хадзіў апранутым а ля Абломаў — у доўгі бэзавы бліскучы халат. Калі працаваць садзіўся — белая кашуля, гальштук — творчасць для яго была ўрачыстым свяшчэннадзействам. Садзіўся за стол, ставіў перад сабой кубак кавы, выпіваў адразу паўлітра і пачынаў пісаць. Дробным і вельмі акуратным почыркам. Як ён цешыўся, калі яму падаравалі сапраўдны Parker! Пісаў толькі ім.

Як правіла, амаль усе творы пісаліся па начах. Днём у яго гасцінным доме заўжды былі людзі, пастаянна званіў тэлефон. Адам Мальдзіс, сябра і паплечнік, успамінаў, як Караткевіч часам жартаваў: “Вось вазьму чарнільніцу, аблію якога чыноўніка, няхай пасадзяць у турму. Толькі хай дадуць паперу і добрую ручку. Хоць папрацую спакойна...”Рэчы і дэталі былі для яго вельмі важныя, але ён адносіўся да іх чулліва, як дарослы дзіцёнак. Ён збіраў фігуркі чарцянят і салдатаў Швейкаў. І сабраў-такі тых салдатаў добры — штук пяцьдзесят — атрад.

Хрэн без студзіны

Чытачы не раз звярталі ўвагу, з якой падрабязнасцю і апетытнасцю апісвае Уладзімір Караткевіч у сваіх творах нацыянальныя стравы. Ён быў віртуозным кухарам. Асабліва любіў супечнікі, так называў суп. І каб у супечніку, у прыватнасці грыбным, лыжка стаяла. Быў вялікім жартаўніком. Нават у кухарскай справе. Як прыклад — складзенае ім на Вялікдзень меню: “фарбаванкі, студзіна з хрэнам, хрэн без студзіны, огіркі хіньскі (або в’етнамскія, хто іх ведае), крывое мяса (па-простаму каўбаса), кансервы — скумбрыя п’янога пасолу, лімон а ля кісламар-дзевіч, сыр хатні з радзімы Купалы”. А яшчэ ён быў неверагодным вынаходнікам. Ведаў нават, як захаваць свежым скупы беларускі вінаград аж да зімы — зразаў гронку і ўторкваў яе чаранком у грушу, якая аж да Каляд заставалася цвёрдай. Ці разбоўтваў у бутэльцы попел з вадой і ставіў туды гронкі так, каб не датыкаліся адна да адной.

Папалі пад пяро!

Не многія ведаюць, што сярод шматлікіх талентаў Караткевіча былі і здольнасці мастака. На карціны, канешне, Караткевіч не замахваўся, але тушшу маляваў шмат — і ў альбомах, і на лістах сябрам. Так што малюнкаў Караткевіча хапіла б на асобную кнігу! Асабліва ахвотна маляваў шаржы. А да іх прыдумваў нейкую гісторыю. Да прыкладу, на адным з іх Адам Мальдзіс з нажом і відэльцам “пажырае” сэрцы. А знізу — подпіс са смачна зарыфмаванымі словамі “Адам” і “дам”. А на другім — Валянцін Кравец, школьны таварыш пісьменніка, плача над купленым тэлевізарам: “Сям’я буржуяў недарэзаных/ Сабе купіла тэлевізар./ Глава сям’і без портак мусіць/ У інстытут не торкаць мысу.”

Хто яна, яго муза?

А якія ў караткевічавых творах жанчыны! Прыгожыя, часам адчайныя, часам — пяшчотныя, але неверагодна моцныя. І галоўнае — верныя, гатовыя або чакаць свайго мужчыну з усіх шляхоў і бітваў, або годна несці сваё пачуццё ў адзіноце...Зрэшты, яны такія ў сталых яго творах, якія больш ведаем, бо яны — класіка. Калі ж пачытаць раннія вершы і апавяданні, сустрэнеш зусім іншую дзяўчыну — прыгожую, але карыслівую, якая здраджвае каханню:

І развёў нас не леў і не востры кінжал,Не вакзалаў далёкіх агні,А гады пакут і няшчырыхпахвал,Даносаў і брыдкайхлусні.І ведаў паклёп, як сэрца крануць,І нас аддзяліў сцяной,І паверыла ты, і змянілавяснуНа шаўкі, што знасіладаўно...

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што падобная гісторыя была ў жыцці пісьменніка, калі ён вучыўся ў пачатку 50-х у Кіеўскім універсітэце. Нават імя дзяўчыны называюць — Алёнка (яна як першае каханне галоўнага героя фігуруе і ў аповесці “У снягах драмае вясна”, і ў рамане “Нельга забыць”)... А яго пазнейшыя гераіні так падобныя на тую, першую, але ў адрозненне ад яе — адданыя і верныя, гэта яго ідэал, мара, якую шукаў пасля ўсё жыццё...

Ці знайшоў? Хто скажа, хто ведае?..

Была ў яго жыцці Ніна Молева, знакамітая перакладчыца, мастацтвазнаўца, пісьменніца, доктар гістарычных навук. Яна выкладала ў Караткевіча, калі той вучыўся ў Маскве. (Яна ж — Ірына Горава з рамана “Нельга забыць”.) Сёлета, дарэчы, “Літаратура і Мастацтва” абяцае выдаць кнігу з невядомымі дагэтуль творамі і лістамі Караткевіча, адрасат якіх — яна, Ніна Молева. У свой час рукапісы пісьменніка яна перадала ў маскоўскі архіў. Укладальнік новага зборніка Анатоль Варабей са згоды жанчыны зняў копіі, папрасіў яе напісаць успаміны для кнігі. Хто знае, можа, новае выданне прыадкрые таямніцу ўзаемаадносін двух таленавітых творчых людзей... Папсовай зоркай, за якой бегалі і сцераглі ля пад’езда, ён, канечне, не быў, але свая жаночая “армія” ў Караткевіча існавала. Як тут не закахацца? Вясёлы летуценнік, здольны на шырокія прыгожыя жэсты: кветкі, падарункі, нават на калена пасярод вуліцы мог стаць! Падабаўся ён многім — некаторыя “штурмавалі” пісьменніка нават пасля жаніцьбы.

Пазнаёміў кароль Стах...

Як Караткевіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — асобная гісторыя. Неяк Уладзімір Калеснік запрасіў Караткевіча ў Брэст на чытацкую канферэнцыю па раману “Каласы пад сярпом тваім”. Разам са студэнтамі свайго курса, як куратар, прыйшла туды і археолаг Валянціна Браніславаўна. Пасля Калеснік запрасіў усіх у прафесарскую, дзе і пазнаёміў Уладзіміра і Валянціну. Яна, каб пачаць гаворку, запытала:— А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў?Караткевіч усміхнуўся:— Ну, які, напрыклад?— Ну, хаця б такі, як “Дзікае паляванне караля Стаха”... — аказваецца, Валянціна Браніславаўна чытала ў цягніку перад канферэнцыяй часопіс з гэтай аповесцю, але не звярнула ўвагу, хто яе аўтар...Яны пражылі разам няшмат — нейкіх дванаццаць гадоў. Ён паспеў зрабіць ёй свой падарунак — раман “Чорны замак Альшанскі”. Яна пайшла з жыцця першай — згасла пасля цяжкай хваробы ў 1983-м. Ён пражыў без яе год. “Паехаў у Оршу. І — ні радка. Толькі спаў і думаў. Думаў і спаў”. Ён не змог без яе пісаць. Можа, таму не змог і жыць?

Хай не мінае мяне гэта чаша...

Ці хвалявала Караткевіча палітыка? Вядома, што так. Але, як кажуць сябры, дысідэнтам пісьменнік не быў. Творчасць была для яго на першым месцы. Але нават у творчасці яму было ой як няпроста. У маскоўскай кватэры перакладчыцы яго твораў Валянціны Шчадрыной захаваліся ўсе дакументы сапраўды дэтэктыўнай гісторыі, як перакладаўся на рускую мову раман “Каласы пад сярпом тваім”. У чым толькі не абвінавачвалі Караткевіча рэцэнзенты, што не дапускалі раман да перакладу! І ў нацыяналізме, і ў біблейскай назве рамана, і ў тым, што “слаба адлюстравана вастрыня класавай барацьбы”. Валянціна Ніканораўна ўспамінала, як у 60-х гадах на абмеркаванні часопіса “Маладосць” у Маскве грамілі нарыс Караткевіча “Званы ў прадоннях азёр” (пра Палессе так прачула мала хто пісаў увогуле). А яго тады абвінавацілі ў нацыяналізме. І ўся беларуская дэлегацыя падтрымала. Толькі Янка Брыль прамаўчаў. “Гэта цяпер яго ўзнялі на п’едэстал. А тады было вельмі цяжка: мала сяброў і шмат зайздроснікаў вакол”...Ён мог бы, як рабілі некаторыя, менш таленавітыя, але больш практычныя, абвясціць сябе пакрыўджаным савецкай уладай — падстаў хапала — ды з’ехаць куды на бераг Гудзона.

Але...Беларусь мая, ты адзіная,Перад кім на каленяхстаю.Мне, слузе твайму, цяжка загінуць, Лёгка — жыць у славуТваю.Лёгка з песняй глядзецьу вочы,Цяжка кроўю расіцьчараты.Ўрэшце, як сабе Ты захочаш,Ўрэшце, як сабе вырашыш Ты.Як магу я не йсці на пакутыЗа Цябе, за спакойны Твой дым,Я — усяго толькі мошка, закутаяЎ светаноснымбурштыне Тваім...

Ён назваў гэты верш “Маленне аб чашы”. Маліўся не Усявышняму — Радзіме. І адданы быў ёй і сэрцам, і словам, і справай. Даруй яму, Божа, за гэта, яго зямныя грахі і чалавечую існасць.

У тэму

“Паляванне...” па-англійску.

Аповесць Караткевіча пераклалі на чатыры мовы.

Па ініцыятыве Міністэрства культуры і пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры” аповесць Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” была выдадзена адразу на беларускай, рускай, украінскай і англійскай мовах тыражом тры тысячы экзэмпляраў.Але гэта не адзіны падарунак аматарам творчасці пісьменніка да яго 80-годдзя. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрыецца выстава “Свет шчодры. Свет мяне паўторыць...”. На экспазіцыі ўпершыню будуць прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з прыватных архіваў сяброў пісьменніка. У Кіеве з’явіцца новы помнік — скульптура Караткевіча ў бронзе. У кінатэатрах краіны можна бу-дзе паглядзець мастацкія і дакументальныя фільмы, створаныя па творах Уладзіміра Сямёнавіча. Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” нават стварыла новы дакументальны тэлевізійны фільм пад назвай “Ён жыў Беларуссю”. Асноўныя ж юбілейныя імпрэзы пройдуць у гэтыя дні ў Оршы.

←Последние костры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика