Слова ў абарону разні
Масакра
Беларусь, 2010, каляровы, 100 хвілінаў
Рэжысёр: Андрэй Кудзіненка
Мастак: Артур Клінаў
Кампазітар: Алег Хадоска
Мантаж: Аляксандр Дэбалюк
Ролі выконваюць: Дзмітры Мілер, Андрэй Назімаў, Марыя Курдзяневіч, Аляксандр Колбышаў, Вячаслаў Паўлюць, Сяргей Уласаў, Святлана Зелянкоўская, Аксана Лясная, Сяргей Журавель, Алена Адзінцова, Паліна Сыркіна, Аляксандр Кашпераў, Аляксей Сянчыла, Алег Гарбуз, Іван Мацкевіч, Генадзь Фамін, Аляксандр Малчанаў
Жанр: бульба-хорар паводле сцэнару Аляксандра Качана дый Андрэя Кудзіненкі, складзеным паводле беларускім легендаў і «Локісу» Праспэра Мэрымэ
Адзнака: 7,5 (з 10)
Пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага ў маёнтак графа Пазуркевіча трапляе авантурнік Казанцаў, які робіць выгляд, што цікавіцца графскай бібліятэкай. Авантурнік цытуе Пушкіна й заляцаецца да графскай нявесты. Недарэкі-госці збіраюцца на заручыны. Але маёнтак — мядзвежая бярлога, а сам граф —пярэварацень.
Першы бульба-хорар «Масакра» Андрэя Кудзіненкі ўжо раскалоў кінаграмадства й гледачоў.Адныя крытыкі зацята адмаўляюць у карціне высокі змест, другія (небеспадстаўна) — бачаць процьму пластоў. Адныя накідваюцца на Кудзіненку за расейскую мову (у вуснах расейскага генерала), другія — папракаюць аўтара ў лютым беларускім нацыяналізме, які з жартачкамі задзірае калабарантаў дый каланіяльную адміністрацыю.
Адным — замала крыві, другія скардзіліся на ейныя пырскі. Адныя рагочуць ад жанравых цытатаў, захапляюцца саламянымі інсталяцыямі Артура Клінава дый візуальнай раскошай кадру, другія — патрабуюць пусціць стваральнікаў на мядзвежы фарш.
Для адных фільм — занадта аўтарскі, для другіх — масавы.Але што вы хацелі ад фільма-мядзведзелака, дзе ўсе героі — пярэваратні і нават святар — падпольны паўстанец?
«Масакра» ламае рамкі й з аўтарскім імпэтам распачынае новы жанр. У гэтым жанры сацыяльныя выказванні замаскаваныя пад містычную помсту, мова — партызаніць, страх жартуе, а залімітная жарсць — цнатлівая.
Гэтую стужку будуць альбо вельмі любіць, альбо, з пенай у рта — не любіць. Але тыя, хто яе любяць — будуць глядзець яе і глядзець.