У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная беларуска-фінскаму мастаку Ахола-Вало

Источник материала:  
11.11.2010 09:44 — Новости Культуры
Выстава «Прамень», прысвечана 110-годдзю мастака і філосафа Аляксандра (Алексантэры) Ахола-Вало і 70-годдзю даследчыка яго творчасці Людмілы Налівайкі, адкрылася 10 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі.

У экспазіцыі прадстаўлена графіка членаў творчага аб’яднання «Прамень» (Мікалая Гусева, Паўла Гуткоўскага, Генадзя Змудзінскага, Оскара Марыкса і Валянціна Ціхановіча), якое было створана ў Мінску ў 1927 годзе па ініцыятыве Ахола-Вало для фарміравання новага мастацкага асяроддзя. Акрамя гэтых прац з фондаў НММ дэманструюцца фатаграфіі, графіка і жывапіс беларускіх мастацтвазнаўцаў, у тым ліку Міхаіла Баразны, Людмілы Налівайкі, Яўгена Шунейкі і Валерыя Жука. Большасць са звыш 60 прадстаўленых арыгіналаў і копій работ складаюць творы Ахола-Вало беларускага перыяду яго творчасці (1920–1930). Гэта — партрэты і нацюрморты, карыкатуры і праекты герба БССР, а таксама ілюстрацыі да твораў беларускіх пісьменнікаў.

Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, гэтая ўнікальная выстава з фондаў НММ, музея Ахола-Вало ў Хяменліне (Фінляндыя) і асабістых збораў «дазваляе нам вярнуцца да сваіх каранёў». Паводле яго слоў, Ахола-Вало — універсальная асоба, значная постаць у беларускім выяўленчым мастацтве 1920-х гадоў. Яго творчасць звязана з Беларуссю, Расіяй, Фінляндыяй і Швецыяй. Мастак меў цікавасць да рэалістычных і авангардных кірункаў у мастацтве, шукаў новыя шляхі фарміравання чалавека XX стагоддзя, сказаў Пракапцоў.

Паводле слоў доктара філалагічных навук Адама Мальдзіса,

Ахола-Вало лічыў сябе беларусам, хоць нарадзіўся ў фінскай вёсцы Імпілахці 27 студзеня 1900 года ў сям’і пісьменніка-адраджэнца.

Пасля атрымання мастацкай адукацыі ў Пецярбургу ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі на Варшаву ў 1920 годзе. Пасля ранення лячыўся ў Віцебску, дзе прадоўжыў вучобу ў мастакоў Віцебскай школы. Тварыў у Віцебску, Мінску і Маскве. У 1932 годзе Ахола-Вало выслалі з Расіі як «чужаземца», а ў 1940 годзе з пачаткам савецка-фінскай вайны дэпартавалі з Фінляндыі ў Швецыю. Памёр Ахола-Вало 15 верасня 1997 года на 98-м годзе жыцця.

Людміла Налівайка прадставіла макет падрыхтаванага ёю альбома аб творчасці Ахола-Вало з 26 яго творамі і прадмовай Адама Мальдзіса. Паводле яе слоў, для выдання гэтага альбома неабходна знайсці мецэната.


Падзяліцца навіной: 
Марат Гаравы, БелаПАН

←Ад сёння ў кінатэатрах — «Масакра»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика