Прэзентацыя ўнікальных дакументаў з архіву Ларысы Геніюш
Гэтая выстава-прэзэнтацыя – заключная ў чарадзе юбілейных імпрэзаў да 100-годзьдзя знакамітай беларускай паэткі Ларысы Генюш.
Поўны архіў Ларысы Геніюш захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук, куды яго перадаў пасьля сьмерці паэткі ў 1983 годзе яе сын Юрка Геніюш. Распавядае загадчыца гэтага аддзелу Тацяна Жук:
"Сын, калі перадаваў архіў, напісаў своеасаблівы тастамэнт, што творчая частка дакумэнтаў 20 гадоў нікому не выдаецца, толькі з дазволу членаў камісіі па літаратурнай спадчыне. А перапіска наагул — 25 гадоў. Мы яго захоўвалі, але карыстацца ім немагчыма было".
Праўда, былі выключэньні: з дазволу камісіі да матэрыялаў архіву дапускалі некалькіх дасьледчыкаў творчасьці Ларысы Геніюш, да прыкладу, Міколу Раманоўскага, Міхася Скоблу.
Міхась Скобла, укладальнік двухтомніка Ларысы Геніюш, выдадзенага да 100-гадовага юбілею паэткі, і альманаху "Асоба і час", якія будуць прэзэнтавацца ў аўторак у акадэмічнай бібліятэцы, расказаў:
Гэта адзін з самых багатых пісьменьніцкіх архіваў...
"Вельмі дарэчы, што праходзіць яна ў акадэмічнай бібліятэцы, дзе геніюшаўскі архіў зьберагаецца проста ў ідэальным стане, за што вялікі дзякуй супрацоўнікам аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў. Гэта адзін з самых багатых пісьменьніцкіх архіваў. З адшуканых у ім тэкстаў і склаўся альманах "Асоба і час". Тамсама знайшліся і больш за 70 вершаў, якія ўпершыню апублікаваныя ў першым томе юбілейнага двухтомніка. Але калі браць увесь архіў, то апублікавана толькі невялікая частка неабсяжнай спадчыны Геніюш".
На першым паверсе акадэмічнай бібліятэкі можна паглядзець унікальныя экспанаты з фондаў архіву. Выстава называецца "Ларыса Геніюш: "Я пакіну вам любоў...". Пра тое, што можна будзе ўбачыць на выставе, апавядае загадчыца аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў акадэмічнай бібліятэкі Тацяна Жук:
"Біяграфічныя дакумэнты, яе творчая спадчына будзе прадстаўленая аўтографамі вершаў (але ў яе почырк такі вельмі нечытэльны, мы паставілі такія, каб можна было разабраць). Будуць зборнікі вершаў друкаваныя, яе публікацыі ў пэрыядычным друку, дасьледаваньні, кнігі пра яе. І яшчэ ў яе вельмі вялікі збор нотных запісаў. Ёсьць і нотныя запісы песень на словы Ларысы Геніюш – гэта "Мая мова" і "Песьня каханьня". Фатаздымкі таксама цікавыя – яна з мужам, з сынам Юркам, з унукамі, з Паўлінай Мядзёлкай, Максімам Танкам. Усе гэтыя дакумэнты выстаўляюцца ўпершыню".
Імпрэза адбудзецца 2 лістапада а 17-й гадзіне ў інфармацыйна-выстаўным цэнтры бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук (вуліца Сурганава, 15, першы паверх, пакой 110). Уваход вольны, арганізатары запрашаюць усіх, каму цікавая творчасьць і асоба Ларысы Геніюш.
Радыё "Свабода"