«Беларусы ўдзень ставяць свечку ў царкве, а ўвечары просяць у каменя здароўя»

Источник материала:  
01.11.2010 11:52 — Новости Культуры
Андрэй Лянкевіч — модны мінскі фатограф. Яшчэ колькі гадоў таму Андрэй быў фотакарам, рабіў здымкі для газет. Потым яго працы пачалі з’яўляцца ў прэстыжных замежных выданнях. Здымкі яму сталі замаўляць міжнародныя агенцтвы. І тут — Лянкевіч выдае фотаальбом «Паганства». Што? Як? Чаму? Пра гэта мы пагутарылі з майстрам за філіжанкай кавы. Апроч выхаду кнігі, час для размовы быў дарэчны — блізкія Дзяды.

«У пэўны момант я зразумеў, што не належу сабе, мой час не належыць мне»

— Андрэю, паступова ад фотакара, які рабіў рэпартажныя здымкі для газеты, ты пераўтвараешся ў сур’ёзнага чалавека, які робіць іміджавыя фотапраекты. Адкуль у тваім маладым веку такія метамарфозы?

— Я не думаю, што гэта метамарфозы, што ёсць падзел паміж журналістыкай і праектамі. Я проста пачаў займацца суб’ектыўнай журналістыкай, шукаць адказы на пытанні. Як фатограф, я вельмі добра разумею, што ў Беларусі многія тэмы не раскрытыя. Мне хочацца канцэнтравацца на вялікіх тэмах, выказвацца, даводзіць іх да завершаных формаў — як кнігі, выставы.

— Гэта не ад таго, што газетная журналістыка, — у тым ліку і фатаграфія, — аднадзённая, аднамомантная?

— І гэта таксама. Але гэта проста абсалютна іншы стыль жыцця, іншае разуменне часу. Мне не хочацца жыць у такім тэмпе, мне хочацца належаць сабе. Я ў пэўны момант зразумеў, што я не належу сабе, мой час не належыць мне, я не належу сваім сваякам. Я хачу жыць гарманічна з сабой, з людзьмі, якія вакол мяне, з асяроддзем.

— А зараз ты працягваеш займацца рэпартажным фота, бегаць, высалапіўшы язык?

— Я раблю нейкія тэмы. Калі ёсць замовы ад часопісаў якіх-небудзь. Але гэта іншы падыход, іншая фатаграфія. Часопісная фатаграфія не можа быць фатаграфіяй «з навін». Гэта не мусіць быць фатаграфія, за якой трэба бегчы. Гэта не той стыль, калі ты сядзіш у інтэрнэце ўвесь вольны час — і сочыш за тым, што будзе, за тым, што ёсць, за тым, што ты згубіў і не зрабіў.

«Усё пачалося са здымкаў Анатоля Клешчука ў „Звяздзе“…»

— Андрэю, гэтых бабулечак, зразумела, запісвалі фалькларысты, выцыганьвалі ў іх рушнікі-вышыванкі і г.д. Няўжо іх ніхто не даўмеўся пафатаграфаваць?

— Я пачаў здымаць менавіта таму, што ўбачыў: здымкаў зусім няшмат! Такіх, каб яны былі сабраныя, апісаныя і класіфікаваныя. Ёсць архіўныя фотаздымкі, ёсць рэпартажы, асобныя фатаграфіі маіх калег. Мне захацелася глыбей пайсці. Чаму я і казаў пра розніцу між рэпартажным фота і працай такога кшталту. Бо ў гэтай сітуацыі я магу прыехаць у вёску на тры дні, паразмаўляць з людзьмі, выпіць іх самагону, быць у іх у хаце, быць імі. Гэта дазволіла мне зразумець, наколькі глыбокая тэма — што яна ўбірае не толькі традыцыі і абрады, але і сакральных жывёл, і расліны, і месцы, і камяні, і капішчы. І проста сакральныя аб’екты — як валасы, скрыжаванні дарог…

— Я так разумею, што гэты альбом пабудаваны канцэптуальна — на гадавым коле?

— Так, гэта год з пункту гледжання традыцыйнага ладу жыцця, традыцыйнага побыту беларусаў апошнія два-тры тысячагоддзі. Так дызайнер Сяргей Шабохін і прыдумаў — ён зрабіў, каб кніжка ішла як традыцыі і з’явы прыроды, як гэта змяняецца для чалавека. Бо сакральныя абрады прывязаныя да календара.

— Каб паказаць вось гэты год, колькі гадоў табе спатрэбілася?

— Каля трох на фатаграфіі. А ад пачатку здымак да выхаду кнігі — каля чатырох. Гэта складаны шлях. Калі б ведаў, то падумаў бы яшчэ раз — ці хачу яго прайсці.

— А што было першым крокам да гэтай кнігі?

— Вы не паверыце — газета «Звязда», з якой усё, можна сказаць, і пачалося! Я гадоў пяць ці шэсць таму ўбачыў фантастычны рэпартаж Анатоля Клешчука з вёскі Пагост пра абрад «Жаніцьба коміна». Тады ў мяне быў шок: у нас у Беларусі існуюць традыцыі, якім столькі гадоў!..

«Паганства — гэта не рэлігія, а гарманічнае існаванне ў свеце прыроды»

— Андрэй, якая выснова трох гадоў тваіх вандровак-здымкаў? Вось Рыгор Барадулін кажа, што беларусы — гэта «хрышчоныя паганцы». Нас загналі ў касцёл-царкву, навучылі маліцца на абразы… Але ўсё адно, як засуха — мы молімся Дажджбогу, як наадварот ліе — іншаму «адказнаму»… Як ты лічыш, наколькі паганства захавалася ў Беларусі ў арганічным выглядзе, а не ў выглядзе жэстаў, якія людзі робяць, не ўсведамляючы іх сэнс?

— Першыя цэрквы на Палессі з’явіліся ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзі. Пра што казаць? З’яўленне цэркваў на астатняй тэрыторыі Беларусі таксама датуецца ХV-ХVІ стагоддзем. Вось і ўсё! Гэта адказ на вялікае пытанне: хрысціянства як інстытут прыйшло сюды 400–500 гадоў таму! А на Палессі — 200 ці 150! А перад гэтым існавала культура, якой 10 20 тысячагоддзяў. Зразумела, што людзі не могуць вось так хуценька змяніць свой лад жыцця, сваё стаўленне да навакольнага асяроддзя, да прыроды. Для мяне паганства — гэта не рэлігія, як можна сказаць пра хрысціянства, а стыль паводзін, жыцця, гарманічнага існавання ў свеце. Гэта калі не паварочваюць рэкі ў іншы бок ці высякаюць дрэвы, бо трэба пабудаваць чарговы стадыён. Гэта разуменне таго, што пасля нас яшчэ прыйдуць пакаленні. І прырода — яна жывая, яна разумее.

— Скажы, хто гэтыя людзі — якія сёння «жэняць комін», а заўтра ідуць у царкву свечку ставіць?

— Гэта і ёсць фантастычны прыклад змены цывілізацый, змены культур! Гэта незвычайныя людзі! Іншая справа, што для іх слова «паганства» нічога не азначае. Я ўжо пачаў завозіць кніжку яе героям. І ў дзвюх вёсках былі два першыя пытанні: «А што такое «паганства?» Я тлумачыў: гэта вы! А для іх гэта «жаніцьба коміна», традыцыя такая. Усё менш людзей, у чыіх вачах ты бачыш разуменне таго, што яны робяць…

— Для недасведчанага гарадскога чалавека паганства — гэта нешта кшталту чорна-белай магіі. Ты ж ужо прасунуты чалавек. Патлумач астатнім, што такое паганства.

— Вось тут я скажу вельмі простую рэч. Тое, што ёсць у кніжцы, — не існуе ў рэальнасці. І гэта таксама трэба вельмі добра разумець. Бо фатаграфія скажае прастору. Фатаграфія — гэта вельмі суб’ектыўны інструмент, які можна паварочваць у розныя бакі. І ў нашым выпадку я фатаграфаваў у нейкім сэнсе тое, чаго няма ў прасторы, але яно існуе ў маім уяўленні, у маім адчуванні таго, што адбываецца. Таму гарадскія, ці нават вясковыя людзі, якія прыедуць туды… У кніжцы, дарэчы, ёсць месцы і даты, калі можна прыехаць паглядзець і прыняць удзел у гэтых абрадах. Але людзі прыедуць — і ўбачаць зусім іншую карцінку. Яны ўбачаць людзей у строях, карагод, спевы… Яны не ўбачаць тое, што ёсць у кніжцы. Гэта будзе звычайны фальклорны абрад са спевамі…

— А! Значыцца, спецыяльна для Андрэя Лянкевіча было нешта незвычайнае?

— Я проста так убачыў гэта.

— Рабіў пастановачнае фота?

— Не, ніводная фатаграфія ў кнізе не пастановачная, усе дакументальныя! Калі фатограф выбірае фатаграфічную мову, ён наўмысна скажае прастору. Фатаграфіі чорна-белыя. А прастора для большасці з нас — каляровая. Здымкі ў кнізе квадратныя — а чалавек вокам бачыць значна шырэй…

«Мая бабуля зачыняла карову на ноч і казала, што суседка-ведзьма пераўтвараецца ў жабу і п’е малако»

— Андрэю, а што значыцца — «ёсць дата і месца»?! Няўжо гэта настолькі «неінтымная» рэч, што прыедзе любы чалавек — і зможа ўбачыць абрад?

— У большасці вёсак гэта ўсё адкрыта, гэта свята. Прыязджаюць спецыялісты, проста цікаўныя людзі…

— На Купалле нават у нашай вёсцы, калі я быў маленькі, уначы бабулі голыя бегалі па полі. На такое ж не будуць запрашаць спецыялістаў і Андрэя Лянкевіча!..

— На жаль, я нават не чуў, што такое захавалася! Напэўна ж, засталіся нейкія такія патаемныя рэчы, але мне яны таксама не адкрыліся. Я проста не сутыкнуўся з такім месцам. Я ведаю, што ёсць людзі, для якіх паганства існуе ў вельмі сакральным варыянце. Гэта збольшага маладыя людзі, «неапаганцы». І яны не тое што фатографа — яны нікога, акрамя свайго кола людзей, не запрашаюць. Але мне ў такім выпадку было гэта нецікава. Мне было цікава, калі няма людзей, якія збіраюцца спецыяльна, а ёсць тыя, якія збіраюцца, бо так рабілі іх бацькі, бо так было заўсёды. Гэта — неперарванасць гісторыі, з якой у Беларусі была заўсёды вялікая праблема. Для мяне гэта было адказам на пытанне: адкуль бярэцца беларуская культура, куды яна ідзе, якая яна зараз?

— Што казаць, калі на мінскім капішчы свяшчэнны дуб быў спілаваны, а агонь затушаны толькі перад вайной…

— У цэнтры Мінска, я б сказаў, каля «Дынама»!

— Сапраўды. А ці ацалелі камяні, якім людзі і цяпер пакланяюцца ў Беларусі?

— Безумоўна! Іх шмат па ўсёй Беларусі! Гэта тое, пра што мы ўжо казалі: людзі ўдзень ідуць у царкву, а ўвечары едуць да Богавага каменя, прывозяць грошы, кладуць хлеб, размаўляюць з каменем, просяць у яго здароўя… Гэта і ёсць адказ на пытанне: хто мы — паганцы ці хрысціяне? Сумесь, велізарная сумесь! Адзін з адказаў, чаму я пачаў гэтым займацца, бо мая бабуля зачыняла карову на ноч на замок і казала, што наша суседка — ведзьма, яна ў жабу ператвараецца і можа выпіць малако. І сапраўды, казала яна, вось тады я не зачыніла — і не было малака!.. А гэта было 15–20 гадоў таму! Гэта адказ, ці існуе паганства зараз. Мая мама да гэтага часу рапух, якія сустракаюцца ў нас на лецішчы, садзіць у вядро, каб яны там здохлі-высахлі.

— Ёсць паганскія звычаі, якія сёння ведае кожны беларус, — Купалле, Дзяды, Каляды… А якія больш рэдкія ўдалося занатаваць табе?

— Для мяне адна з такіх цікавых з’яў — гэта абрад Русалле, які ёсць на Любаншчыне, дзе ён быў адроджаны спадаром Выскваркам, якому вялікі дзякуй. Можна сабе ўявіць, калі шэсць вёсак збіраецца ў адным месцы, каля берага ракі. І кожная вёска спявае песні, прэзентуе сваю Русалку, якія спаборнічаюць паміж сабою. Пераможца становіцца галоўнай Русалкай. Яны нясуць вянкі і кідаюць у ваду, потым разрываюць на Русалцы галоўны вянок. А пасля гэтыя шэсць вёсак на адзіным вогнішчы смажаць яешню. Наколькі гэта сакраментальна! Зараз вёсак стала ці 10, ці 12 — яны ўжо падзяліліся, сустракаюцца ў двух месцах. Яскравы прыклад, калі традыцыя, якая была згублена, зараз адноўленая — і працягваецца!..

— ЦІ шмат ты спаткаў містыкі падчас працы над кнігай?

— Вокладка кніжкі — абсалютна містычная. На ёй кабета. І калі паглядзець пад адным ракурсам — у яе ёсць твар. А калі пад іншым — твар знікае. Як смерць. Чорная жанчына з белым тварам. Гэта не было зроблена спецыяльна, а ўзнікла само сабой… Усе прэзентацыі кніжкі, якія былі запланаваныя (і я абвесціў персанальна) — усе перанесліся, змянілі даты і месцы. У тэхнічнага дызайнера Сяргея Кандраценкі, які даводзіў кніжку да розуму, сапсаваўся манітор. Ён быў адвезены ў рамонт — і там нармальна працаваў! А калі яго вярнулі назад — ён зноў перастаў працаваць! І ўпершыню ў сваім жыцці мне спатрэбіўся адпачынак пасля працы. Гэта сапраўды было вычарпальна.

***

Андрэй Лянкевіч нарадзіўся ў 1981 годзе ў Гродне. У 2004 годзе атрымаў ступень бакалаўра эканамічных навук у БДУ.У 2004–05 гадах вучыўся ў Каўказскім медінстытуце ў Ерэване ў межах праграмы «Wоrld Рrеss Рhоtо», якую скончыў на «выдатна». Супрацоўнічае з міжнароднымі фотаагенцтвамі. Выкладае курс фотажурналістыкі ў ЕГУ. Здымкі выходзілі ў такіх вядомых выданнях, як «Nеw Yоrk Tіmеs», «Lе Fіgаrо», «Nеwswееk», «Dіе Zеіt», «Sріеgеl», «GЕО», «Іntеrnаtіоnаl Hеrаld Trіbunе», «Огонёк». Меў каля 50 выстаў у Беларусі, Аўстрыі, Бельгіі, Нямеччыне, Італіі, Літве, Польшчы, Амерыцы, Нарвегіі, Украіне, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі.

Падзяліцца навіной: 
Глеб Лабадзенка, Звязда

←Владимир Цеслер. Хулиган, раскрашивающий мир

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика