«У нескладовае»+«Палац»
21 кастрычніка 2010 ў маскоўскім клубе Шанці адбыўся сумесны канцэрт праету «У нескладовае і гурта «Палац». Фота Дзмітрыя Зянковіча.
21 кастрычніка 2010 выпадкова даведаўся пра беларускае мерапрыемства ў маскоўскім ці то клубе ці то рэстарацыі "Шанці" (мяркуючы па інтэр"еры — з індыйскім ухілам). Новы беларускамоўны праект "У нескладовае" ствараўся з мэтай музычнага захопу Массквы (ініцыятар — Р. Арлоў, экс-гітарыст J-Morc, сын пісьменніка Ул. Арлова). Гэта быў, здаецца, другі выступ гурта ў Маскве, але чамусьці без аніякай рэкламы (нават на сайце "Шанці" не было звестак) і ў месцы малапрыдатным для такой імпрэзы. Але асабіста для мяне гэта было вельмі нават зручна — можна было пабачыць вядомых землякоў літаральна побач і нават павітацца :)
Разам з гуртом прыехаў і літаратурны дэсант у выглядзе маладога паэта, кіраўніка беларускага ПЭН-Цэнтра А. Хадановіча (справа ад чырвонай дзеўчыны) і Ул. Арлова (другі справа). Таксама быў гурт «Палац»!!!
«Ў нескладовае» не мае сталага складу. Праект кшталту салянкі. Гэтым разам саліравалі лідар гурта «Харлі» Яўген Чалышаў (правы) і лідар гурта «Далі» (левы). Ззаду выглядвае Р. Арлоў, які таксама праспяваў адну песеньку — рэп замест Памідорава.
Са спіны — вядомы беларускі скрыпач «з расійскім пашпартам» Карэн Карапецян. Файны музыка!
Творчасць гурта «Харлі» мне і раней падабалася. Жыўцом Чалышава бачыў першы раз — голас сапраўды файны, жартуе добра, як вядучы — файны. Памятаю, як па беларускім радыё ён не мог зразумець, чаму ён, расіец па нацыянальнасці, вывучыў мову і спявае на ёй, у той час як «тытульныя» спевакі ёй грэбуюць.
Хадановіч і удзельнік «Палаца» (імя, на жаль, не ведаю, але вельмі таленавіты!)
Ул. Арлоў слухае творы свайго сына :)
Выступы музыкаў чаргаваліся з чытаннем вершаў.
Утульна. Як дома.
Арлова змяняў Хадановіч з вершамі часам на грані фола. Было весела!
Некаторыя вершы былі нават з музычным акампанементам.
А потым, пасля «нескладовых» і «вершаваных», публіку запрасілі ў чылаўт-рум, дзе настройваў інструменты славуты «Палац»! Анансавалася праграма з DJ RAY, гэта значыць techno folk modern music.
Гралі супер. Вельмі спадабалася. Дагэтуль у такой камернай абстаноўцы назіраў выступ беларускіх музыкаў бадай што аднойчы, калі трапіў на «Крамбамбулю» ў мінскай інтэрнэт-кавярні.
Каб дунуць, дудару даводзілася рабіць некалькі крокаў назад.
Пры канцы выступу сп. Алег пажадаў усім нам, слухачам, вучыць беларускую мову, бо «жывем жа ў саюзнай дзяржаве»! Мы шчыра паабяцалі, што будзьма! :)
Карацей, было вельмі душэўна і весела. Нават дранікамі частавалі ахвотных. І ўваход — вольны. Moscow never sleeps!
Больш фота тут.
Дзмітрый Зянковіч