У Мінску 18 кастрычніка адкрыліся Дні культуры В’етнама. Арганізавалі мерапрыемства в’етнамскае пасольства, Міністэрства культуры, спорту і турызму СРВ пры садзейнічанні Міністэрства культуры Беларусі, рэктарата Беларускага
навукова-тэхнічнага ўніверсітэта і Міжнароднага студэнцкага цэнтра БНТУ.
Як зазначыў на цырымоніі адкрыцця пасол В’етнама ў Беларусі Данг Хыу Чан, правядзенне Дзён культуры прымеркавана да святкавання дзвюх важных падзей у гісторыі краіны: 65-годдзя незалежнасці Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам і 1000-годдзя Ханоя. Юбілей сталіцы В’етнама быў адзначаны 10 кастрычніка шматлікімі святочнымі мерапрыемствамі, у тым ліку адкрыццём новага музея, парадам, выставай, канцэртам і інш.
Праграма Дзён культуры ў Мінску, паведаміў дыпламат, уключае выставу прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва В’етнама і фотавыставу, прысвечаную Ханою і іншым славутым мясцінам краіны. Абедзве будуць экспанавацца ў холах і галерэі галоўнага корпуса БНТУ 18–22 кастрычніка.
Апрача таго, падрыхтавана дэманстрацыя дызайн-калекцыі в’етнамскага нацыянальнага жаночага адзення (Ao Dai).
Паводле слоў пасла СРВ, усё гэта заклікана азнаёміць беларусаў з культурай і лепшымі традыцыямі В’етнама і ўзмацніць культурныя сувязі паміж дзвюма краінамі. Дыпламат таксама выказаў упэўненасць, што Дні культуры «паслужаць эфектыўным інструментам па ўмацаванні культурнага ўзаемаразумення і стануць мостам дружбы паміж нашымі народамі, што ўмацоўваюць супрацоўніцтва паміж В’етнамам і Беларуссю».
У сваю чаргу намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш заклікаў больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял культуры для пашырэння беларуска-в’етнамскага дыялогу ва ўсіх сферах. Паводле яго слоў, «культура заўсёды будзе ствараць той спрыяльны фон, на якім будуць развівацца і палітычныя адносіны, і гаспадарчыя сувязі» паміж краінамі.