Шапэн у Тураве

Источник материала:  

Творы славутага кампазiтара сыграюць для палешукоў музыканты Нацыянальнага канцэртнага аркестра

Мастацкiя калектывы Нацыянальнага канцэртнага аркестра сiмфанiчнай i эстраднай музыкi пад кiраўнiцтвам народнага артыста Беларусi Мiхаiла Фiнберга зноў на Палессi, у адным з самых старажытных гарадоў краiны – Тураве. 8 кастрычнiка тут адбудзецца ўжо шостае па лiку асветнiцкае свята камернай i духоўнай музыкi, якое сёлета праходзiць пад эгiдай рэспублiканскай грамадска-культурнай акцыi “Беларусь – гэта мы”.

Праграма, якую прапануюць палешукам сталiчныя артысты, прысвечана 200-годдзю Фрыдэрыка Шапэна, чый юбiлей сёлета шырока адзначаецца музычнай еўрапейскай грамадскасцю. Як сцвярджае навуковы каментатар асветнiцкiх фестываляў аркестра доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзiёмава, многiя адметныя постацi славянскага еўрапейскага свету шчыльна паяднаны са светам беларускiм. Не выключэнне i Шапэн: сваiмi творчымi iдэямi i жыццёвымi адносiнамi славуты кампазiтар быў звязаны з ураджэнцамi нашай зямлi Адамам Мiцкевiчам, Напалеонам Ордай, Мечыславам Карловiчам, Станiславам Манюшкам. Невыпадкова i канцэрт, якi прагучыць у Тураве, названы “Шапэн у коле беларускiх сяброў”.

— На працягу больш як дваццацi гадоў наш калектыў застаецца верным свайму творчаму крэда – аднаўляць старонкi беларускай нацыянальнай музычнай спадчыны, вяртаць яе ў сённяшнi музычны ўжытак, несцi гэтыя ўнiкальныя творы ў малыя гарады i пасёлкi краiны, — гаворыць маэстра Фiнберг.

Акрамя вышэйзгаданага канцэрта, адбудуцца творчая сустрэча i майстар-клас кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара, кiраўнiка ансамбля трубачоў “Iнтрада” Нацыянальнага канцэртнага аркестра Мiкалая Волкава, выкладчыкi Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў дадуць адкрыты ўрок малюнка ў Тураўскай дзiцячай школе мастацтваў. Дарэчы, сёлетняя iмпрэза прымеркавана яшчэ да двух памятных дат – 1030-годдзя горада Турава i 510-годдзя раённага цэнтра Жыткавiчы, праграму свята ўдала дапоўняць выстаўка вырабаў мясцовых майстроў народных рамёстваў i выступленне заслужанага аматарскага калектыву народнага хору Тураўскага гарадскога Дома культуры.

←Еврокомиссия объявляет конкурс проектов в сфере культуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика