«Як пошуг маланкі» — прэм’ера фільма пра Расціслава Лапіцкага на «Белсаце»
Памяць пра Расціслава Лапіцкага жыве ў легендах і аповедах мясцовых жыхароў. Хтосьці яго ведае як выдатніка-вучня, хтосьці – як патрыёта і палымянага змагара за свабоду. Чым жа правініўся перад савецкай уладай і за што быў расстраляны дзесяцікласнік смаргонскай школы Слаўка Лапіцкі? На гэтае ды іншыя пытанні адкажа новы дакументальны фільм Валерыя Мазынскага «Як пошуг маланкі», зняты для тэлеканалу «Белсат».
Расціслаў Лапіцкі з юнацтва выношваў планы змагання з камуністычным рэжымам. У 1948 г. яму споўнілася 20 гадоў, і хлопец перайшоў у дзесяты клас. Тады Лапіцкі і стварыў падпольную моладзевую арганізацыю ў Мядзелі, да якой далучыліся сябры. Бліжэйшымі ягонымі таварышамі і паплечнікамі сталі Факусь Несцяровіч з Юшкавічаў і Юзік Качарга з Качарог.
Галоўную ролю – Расціслава Лапіцкага – сыграў 22-гадовы Уладзімір Шульжыцкі, кіраўнік смаргонскай суполкі «Моладзі БНФ». Паплечнікаў Лапіцкага ўвасобілі Дзяніс Лазар з Маладзечна, Юстына Саўка з Менска, вайскоўцаў і спецслужбоўцаў – Павел Гарадніцкі, Аляксей Кавалец, Аляксей Сюдак ды інш. Здымкі праходзілі ў Маладзечна, Вялейцы, Смаргоні, Вільні, вёсках і мястэчках.
Дакументальная стужка «Як пошуг маланкі» знятая на аснове аднайменнай кніжкі Міхася Чарняўскага, ён жа выступіў і аўтарам сцэнарыю.***
Прэм’ера фільма адбудзецца ў пятніцу, 24 верасня, а 21:40 на тэлеканале «Белсат». «Белсат» даступны на спадарожніках «Sirius 4» (пазіцыя 5˚ E, палярызацыя H, частата 12 379,6 МHz) і «Astra 1Kr» (пазіцыя 19,2˚ E, палярызацыя H, частата 10862 MHz).
Грамадская прэм’ера з удзелам аўтараў і ўдзельнікаў фільма адбудзецца ў Менску на пачатку кастрычніка.
belsat.eu