Вось той, каго мы бачылі толькі на карцінках і чулі адно на аўдыё- і відэаносбітах, аўтар вечна маладой Roxanne, чырвовы валет брытанскай музыкі, які ўласнай персонай удзельнічаў пры шалёнай дзяльбе картаў, грошай і дзвюх руляў. Адчуванне такое, мы, больш за 10 тысяч беларусаў, які дазволілі сабе прыйсці на «Мінск-арэну» ды паселі адпаведна з загадзя купленымі квіткамі, заслужылі яго. Гэтага стрункага чалавека, які ўпэўненай хадою падышоў да 60-гадовай мяжы. Трохі чужога ў Нью-Ёрку, а ў Мінску пагатоў. Гэтай Desert Rose/Пустэльнай ружы, якая расцвіла спасярод паўночнай краіны з пераходнай эканомікай.
У процівагу народным «Скорпіёнз», Стынг не махаў сцягам, не практыкаваўся прынагодна ў беларускай мове (скарыстоўваў напрацоўкі з маскоўскага і пецярбургскага канцэрту). Выдаваў рэспектабельныя рамансы кшталту Fragile (памятаеце «…он энд он…»). Выкрасаў на губным гармоніку пра shape свайго heart. Аматар пабадзяцца ля Ерусаліму на адлегласці кінутага каменя (песня Mad About You/«Ты зводзіш мяне з розуму»).
Гэтым вечарам «Дыскач 90-х» ператварыўся ў «Слухач 80-х», а «Мінск-Арэна» — у Палац Рэспублікі. Усаджаная ад берага да берага крэсламі хакейная пляцоўка і самавітая публіка ў бліскучым чорным больш пасавалі для канцэрта філарманічнай музыкі, чым выступ Стынга ў прынцыпе часткова і з’яўляўся (усё ж прэзентацыя альбома «Сімфонісіці» — добра знаёмыя хіты пад аркестравы акампанемент). На сцэне таксама панаваў сядзячы лад жыцця: 45 удзельнікаў Каралеўскага філарманічнага аркестра +гурт, +Сам. Звыклы па кліпах грувасткі бас у яго руках быў заменены на маленькую, гавайскападобную гітарку. Паміж маладымі і старымі шлягерамі сольнай і «паліцэйскай» кра’еры спевака быў нават абвешчаны 20-хвілінны антракт. Усё як у людзей.
І ўсё ж Стынг адной песняй нагадаў Клаўса Майнэ са «Скорпіёнз», які ў свой час тутсама, на «Мінск-Арэне» з настальгічынкай у голасе анансаваў «Вецер перамен». Пэўна, у іх у Еўропе гэта быў шчаслівы перыяд, калі трава была зялёная, ворагі — чырвоныя, а вайна — халодная. Калі дастаткова было прапяяць, што «расійцы таксама любяць дзетак», і цябе адразу залічвалі ў змагары. Так, так, гэта мы пра стынгаўскую Russians/«Расійцы». Што гучала як увекавечаны ў камяні заклік пабурыць берлінскі мур.
Кульмінацыяй зрабілася меланхалічная Moon Over Bourbon Street/«Месяц па-над вуліцай Бурбон». Калі з экрана па-над сцэнай звесілася амаль натуральная поўня, і са сваімі чорнымі апранахамі і басовымі нотамі Стынг нагадаў у той самы час і герояў свайго ўлюбёнага «Інтэрв’ю з вампірам» і Тома Уэйтса.
Карцінкі дзяцінства, чарговы сеанс настальгіі… Кожны крок, які робіць Стынг, кожны ўздых, які ўдыхае Стынг… Запоўненыя трыбуны «Мінск-Арэны» давялі, што ў Стынгу мы любім не яго, а сябе з ім на фоне.