Мастацтва+бізнэс+дзяржаўная справа
Марыюс Явайша. фота - svaboda.org |
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Леніна, 20) адкрылася выстава «Нябачаная Літва» фатографа і прадпрымальніка Марыюса Явайшы.
На здымках, зробленых з вышыні птушынага палёта, — Літва, Літва, Літва… Тут і вядомыя турыстычныя мясціны: Ковенскі замак і панарама старой Вільні, а таксама куткі невядомыя: незвычайныя выдмы ў запаведніку Наглё, Крыжовая гара, і маляўнічы Білвікіё, мыс на Балтыйскім моры.
Мае фотавыстава і іншае вымярэнне. Неверагодна высокая якасць фотамастацтва тут спалучаецца са справай прасоўвання турыстычнага брэнда «Літва».
— Гэта не альбом, гэта запрашэнне сяброў прыехаць да нас, — кажа пасол Літоўскай рэспублікі Ў Беларусі Эдмінас Багдонас. —Нават для мяне, літоўца, Марыюс адкрыў незведаныя куткі нашай краіны і заклікаў у падарожжа.
Добра пастаўленым голасам на тле ўласных эфектных здымкаў 37-гадовы бізнэсовец Марыюса Явайшы робіць прэзентацыю ў фае музею. І распавядае: пра тое, як выкарыстоўваў для сваіх здыманняў «лятучы ўслончык», мотадэльтаплан і самалёты літоўскай цывільнай авіяцыі. Як фатаграфіі рабіліся тым самым аб’ектывам, на які здымаліся амерыканцаў на Месяц. Як 250 фотаздымкаў вялікага фармату былі адабраны з амаль 20 тысяч кадраў.
Нябачаная Літва на відэа:
Дадамо толькі, што альбом «Нябачаная Літва» спярша выдадзены па-літоўску і па-ангельску, ужо мае 11 розных моўных версіяў: ад расійскай да японскай. «Нябачаная Літва» — адзіны альбом аб Літве, выдадзены на такой вялікай колькасці моваў, а выставы «Нябачанай Літвы» былі прадстаўлены яшчэ ў 15 краінах свету: ад Аўстраліі да Аргенціны, ад Канады да Японіі.
Пра выставу і альбом, які не мае ў Літве аналагаў, мы вырашылі спытаць у беларускага Сяргея Плыткевіча, аўтар падобных альбомаў пра Беларусь. Дык чаму нам не зрабіць такі самы альбом, які прэзентаваў бы зямлю пад белымі крыламі гэтаксама маляўніча і прывабна?
— Нічога не замінае, тут толькі трэба зразумець, што гэта не толькі чыстая творчасць, але і бізнэс, і дзяржаўная справа, — кажа Сяргей Плыткевіч. — Выдае, што выстава Марыюса такое шчаслівае спалучэнне фотамастацтва, і бізнэса, і дзяржаўнай справы. Выстава “Нябачная Літва» ў першую чаргу зроблена дзеля прасоўвання, рэкламы сваёй краіны. Любая прыгожая фотавыстава пра краіну красамоўнейшая за тысячы словаў. Беларусь і Літва выглядаюць вельмі падобна, асабліва з птушынага палёту, таму, думаю, падобная выстава пра Беларусь за мяжой глядзелася б таксама годна.
Выстава фотаздымкаў Марыюса Явайшы «Нябачаная Літва» будзе праходзіць з 16 да 28 верасня.
ЛК