Пад полагам прыроднай прыгажосці. На Магілёўшчыне, бадай, не знойдзеш іншага кутка, такога багатага на прыродную прыгажосць, як Клічаўшчына

Источник материала:  
Пад полагам прыроднай прыгажосці.
На Магілёўшчыне, бадай, не знойдзеш іншага кутка, такога багатага на прыродную прыгажосць, як Клічаўшчына

Больш за палову тэрыторыі гэтага рэгіёна занята лясамі. Гэтая акалічнасць разам з мноствам балоцістых месцаў стала рашаючай у гады Вялікай Айчыннай вайны для ўзнікнення і развіцця тут шырокага партызанскага руху. Менавіта ва Усакінскіх лясах знаходзіўся Магілёўскі падпольны абкам партыі, выдаваліся газеты, дыслацыраваліся першыя партызанскія атрады і злучэнні. Баявая моц народных мсціўцаў ужо праз год пасля пачатку акупацыі ўзрасла настолькі, што яны кантралявалі ўсю тэрыторыю раёна, аднавіўшы на ёй Савецкую ўладу.Шмат на клічаўскай зямлі ўмельцаў, народных музыкаў, якія шануюць і захоўваюць традыцыі продкаў. Пра іх і іншыя славутасці гэтага краю наш аповед.

Старонка Чырвонай кнігіЛітаральна так можна назваць гідралагічны заказнік “Астравы Дулебы”, асноўная плошча якога размешчана на тэрыторыі раёна. І гэтае параўнанне не будзе перабольшаннем. У тутэйшых лясах і балотах, якія ў агульнай колькасці займаюць больш за 26,5 тысячы гектараў, можна знайсці 12 відаў раслін, 4 віды жывёлін і 16 відаў птушак, што занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Увогуле, тут знаходзяць прытулак 37 відаў млекакормячых, 119 — птушак, 8 — амфібій і 6 відаў рэптылій. Раслінная разнастайнасць характарызуецца 705 відамі вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх 24 віды — дрэвы.Акрамя таго што ў заказніку шмат звяроў і птушак, якія ў іншых месцах краіны сустракаюцца рэдка альбо зусім не сустракаюцца, тутэйшыя балоцістыя мясціны выконваюць ролю сапраўдных лёгкіх рэгіёна, ачышчаючы паветра, узбагачаючы яго кіслародам і іншымі інгрэдыентамі, неабходнымі для існавання ўсяго жывога.Калі вядомы айчынны артыст спявае аб тым, што “...глухари токуют в глухомани”, відавочна, ён мае на ўвазе “Астравы Дулебы”. Бо лясы ў перамешку з балотамі заказніка багатыя глушцамі, цецерукамі, рабчыкамі, для якіх тут вельмі спрыяльныя ўмовы існавання і добрая кармавая база з раслін, ягаднікаў, насення дрэў.Дванаццаць гадоў назад урад краіны надаў “Астравам Дулебы” статус рэспубліканскага гідралагічнага заказніка з-за ўнікальнасці яго прыродных складаемых, у тым ліку і з-за таго, што водамі яго балотаў напаўняюцца рэчкі Далжанка, Дулебка, Ушыўка, Цераболь, Рожышча, Ваданоска.

Жураўліны край і журавінныБалоцістая мясцовасць Клічаўшчыны надзяліла яе яшчэ адным прыродным багаццем — шматгектарнымі журавіннікамі. У час збору гэтай сакавітай і вітаміннай ягады ў некаторых вёсках пачынаецца гарачая пара. На вагі нарыхтоўшчыкаў трапляюць сотні тон журавін. Некаторыя сем’і ад гэтых нарыхтовак атрымліваюць даход, які намнога перавышае сярэднегадавы па раёну.Але клічаўляне не задавальняюцца прыроднымі плантацыямі балотнай ягады. У раёне ўжо з’явілася некалькі прадпрымальнікаў, якія вырошчваюць сеяныя журавіны элітных гатункаў. І збіраюць з нязначных у параўнанні з прыроднымі плошчаў тоны вітаміннай прадукцыі.

Дуб надае моцыПрыродныя дзівосы падчас праяўляюцца ў самых нечаканых формах. Ніхто са старажылаў гэтых мясцін не прыпомніць, каб тут садзілі дубы. Але ў лясным масіве, што за шэсць кіламетраў ад вёскі Орліна, стаіць больш як 21-гектарная дуброва. Магутнымі каранямі-шчупальцамі ўкараніліся ў тутэйшую зямлю сапраўдныя волаты, якім дзесяткі, сотні гадоў. А побач з імі падымаюцца маладыя дубкі. Адметна дуброва сваёй аднароднасцю. Таму і стала помнікам прыроды.

Выстава Акуліны УрузбаевайАкуліна Іванаўна лічыць сваё захапленне мастацкай вышыўкай тымі душэўнымі лекамі, якія дапамаглі ёй перажыць розныя жыццёвыя катаклізмы. А іх надарылася нямала. Адметнасцю ж яе твораў стала іх больш прыкладное, чым выставачнае, значэнне. Бо не для таго, каб зрабіць чарговы экспанат, брала ў рукі пяльцы, а каб аздобіць цікавым малюнкам занавеску на дзверы, накідку на падушкі, фіранкі на вокны, дыван на сцяну над ложкам. Ад такой аздобы святлей становіцца ў жытле і на сэрцы. З майстрыхай пагадзіліся і наведвальнікі выставы яе твораў, якая не ўпершыню праходзіла ў зале раённай бібліятэкі. Часцінка душы жанчыны была ў кожным з чатырох дзесяткаў яе экспанатаў. Захапляла не толькі тэхніка майстэрства. Уражвала чысціня сюжэтаў вышывак, палітра іх фарбаў.

Біёрдаўскія волатыЯны таксама з ліку прыродных цудаў. У двух кіламетрах на поўнач ад вёскі Убалоцце ў перамешку з дубамі 54-гектарную плошчу займаюць магутныя грабы. Гэтая парода дрэў не надта распаўсюджана на Беларусі. А на тэрыторыі Біёрдаўскага лясніцтва Клічаўскага лясгаса грабава-дубовыя лесаўгоддзі набылі статус помніка прыроды мясцовага значэння і ахоўваюцца як зрэнка вока.

Тры крыніцыСціплыя афіцыйныя дакументы вызначаюць ваду з гэтых крыніц як “...адпавядаючую ГОСТу “Пітная вада”. На самай жа справе з іх, ці гэта крыніца ля вёскі Альхоўка, ці тая, што паблізу Бацэвічаў або ля шляху Ядроная Слабада — Загацце, бруіцца незвычайная вільгаць. І незвычайнасць яе ў тым, што даўно пракладзены водаправод, пабудаваны зручныя вясковыя калодзежы, да якіх толькі крок ступіць, а людзі з незапамятных часоў ідуць менавіта сюды. У будні і святы, улетку і зімой. І невыпадкова лічаць крыніцы, што даюць ім натуральны прыродны напой, святымі. Некага з іх жывая вада вылечыла ад хваробы, некаму прынесла душэўны спакой. Гэтага ж чакаюць ад крыніц і астатнія.Зараз кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў “Клічаўскі”, “Долгаўскі” і імя Леніна разам з мясцовымі Саветамі добраўпарадкавалі крыніцы. “Апранулі” іх ручаіны ў бетонныя “вопраткі”; дзе спатрэбілася, зрабілі сходкі ці альтанкі з лаўкамі, на якія можна прысесці, задумацца аб жыцці і вечнасці. Менавіта апошняй і жывуць клічаўскія крыніцы.

“Жытніца”, поўная музыкіЖытніца — паказчык дабрабыту селяніна. Поўная жытніца — заможнае жыццё. Недарод — і зубы на паліцу. І назва народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Жытніца” таксама мае свой сэнс. Але гэтая скарбніца вось ужо на працягу дзевятнаццаці гадоў не ведае недароду. Наадварот, калектыў жыве шматгранным, паўнацэнным творчым жыццём, гастралюе не толькі па Магілёўшчыне, але і па іншых рэгіёнах рэспублікі, па блізкім замежжы.Стваральнікі “Жытніцы” муж і жонка Уладзімір і Алена Вааксы — прафесійныя музыкі. Калі прыехалі працаваць у клічаўскую вёску Арэхаўку, хутка знайшлі сабе паплечнікаў і аднадумцаў. Спачатку калектыў толькі спяваў. Але паколькі Уладзімір — скрыпач і ў ансамбль прыйшло яшчэ некалькі музыкаў, то хутка народныя мелодыі загучалі ў суправаджэнні народных інструментаў, сярод якіх з’явіліся цымбалы, дуда, жалейка, бубен. Зараз маючы некалькі паўнацэнных канцэртных праграм, бо за плячамі “Жытніцы” шмат розных лаўрэацкіх дыпломаў і прэмій, ансамбль спявае не толькі народныя мелодыі, але і песні, якія пішуць або аранжыруюць яго кіраўнікі. Ёсць і яшчэ адна адметная рыса ў калектыву. З цягам часу ён стаў сямейным. І не ў сэнсе таго, што да яго далучыліся сыны Вааксаў — скрыпач Арцём і самы юны ўдзельнік “Жытніцы” Георгій. У складзе ансамбля зараз чатыры сямейныя пары са сваімі дзецьмі. А гэта — галоўная ўмова таго, што народным мелодыям не быць забытымі.

←Лецішчы пад бел-чырвона-белымі сцягамі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика