Мелас геніяльнай паэзіі
Музычна-выдавецкі лэйбл «БМАgroup», напрыклад, ажыццявіў два юбілейныя выданьні на кампакт-дысках – альбом беластоцкага гурту «Белы сон», творчасць якога прасякнута жывым духам геніяльнай паэзіі, і паўторны тыраж CD-трыб’юта «Жыць для Беларусі», дзе не толькі гучыць жывы голас паэткі, але і цудоўныя песні паводле вершаў Ларысы Геніюш ад Уладзіміра Мулявіна, Андрэя Плясанава, Алеся Камоцкага, Вальжыны Цярэшчанкі, Зьмітра Бартосіка, Віктара Шалкевіча, Ларысы Сімаковіч ды іншых знакамітых артыстаў. Вабным дадаткам да праграмы абодвух дыскаў сталі й мультымэдыйныя бонусы, дзе ўтрымліваюцца гістарычныя запісы з прыватных архіваў, юбілейныя сучасныя відэакліпы. Першая прэзэнтацыя абодвух музычных выданьняў пройдзе 7 жніўня ў Зэльве, дзе ў родавай сядзібе сям’і Геніюшаў сярод іншых імпрэзаў адбудзецца і памятная вечарына, ладжаная вядомым паэтам і журналістам Міхасём Скоблам. Экскурсійныя туры на тую імпрэзу рыхтуюцца ў розных гарадах Беларусі.
У верасні заплянаваны і вялікі канцэрт у сталіцы, прысьвечаны Ларысе Геніюш, у якім возьмуць удзел стваральнікі абодвух музычных праектаў і выдаўцы.